Про важное через игры и тесты. Акция МЧС «Не оставляйте детей одних!» в Ушачском районе

Cлужба-101

Як выклікаць выратавальнікаў, што рабіць пры ўзнікненні нестандартнай сітуацыі? Прафілактычнае мерапрыемства ў рамках акцыі МНС “Не пакідайце дзяцей адных!” правялі з пацыентамі дзіцячага аддзялення райбальніцы супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з актывістамі БРСМ. Праз конкурсы, загадкі і гульні дзеці даведаліся пра асноўныя правілы бяспекі жыццядзейнасці: засвоілі нумары экстранных службаў, запомнілі, што ў выпадку пажару неабходна выбягаць на вуліцу і ні ў якім разе не хавацца, нельга гуляць з запалкамі, самастойна карыстацца газавымі і электрычнымі прыборамі. Таксама дзеці паглядзелі тэматычныя мультфільмы і відэаролікі “Ганарымся, што навучылі!”, атрымалі разнастайныя памяткі. Дарэчы, працуюць з дзецьмі выратавальнікі не толькі ў перыяд такіх вось акцый.

– Нагадаем, што ў гульнявым пакоі дзіцячага аддзялення ЦРБ абсталяваны так званы іміджавы аб’ект МНС: пры дапамозе кніжак, размалёвак, мультфільмаў, шматлікай нагляднай прадукцыі дзеці асвойваюць патрэбныя веды па бяспецы. “Базу” іміджавага аб’екта стараемся перыядычна папаўняць чымсьці новым, – расказвае інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі В.Карэйша.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Не пакідайце дзяцей адных”, якая зараз праходзіць у Беларусі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях запусціла і новы тэст для маладых мам у мабільным дадатку “МНС Беларусі. Дапамога побач”. У раздзеле “Правер сябе” – тэст для бацькоў, дзе яны могуць праверыць свае веды і пераканацца ў тым, што дакладна ведаюць, як засцерагчы сваіх дзяцей ад небяспечных сітуацый. Устанаўлівайце мабільны дадатак, праходзіце тэсты ад МНС, а падзяліцца вынікамі такога патрэбнага экзамену можна ў сацыяльных сетках!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *