Адносіны бацькоў і дзяцей – складаная навука. Каб правільна іх будаваць, неабходна валодаць пэўнымі ведамі. Многім бацькам не хапае добрай парады па выхаванні сваіх непасед. Менавіта для гэтага ў нашым аддзяленні рэалізуецца спецыяльная праграма пад назвай “Бацькоўскі ўніверсітэт”, якая накіравана на павышэнне педагагічнай граматнасці бацькоў. Першапачаткова яна была разлічана на бацькоў дзяцей-інвалідаў, але зараз да ўдзелу ў мерапрыемствах (раз у квартал) – запрашаем усе сем’і без выключэння. Так, напрыклад, на апошнім пасяджэнні абмяркоўвалі вельмі актуальную і патрэбную тэму – як разгледзець у дзіцяці зорку і выявіць творчыя здольнасці. Усім бацькам хочацца даць слушную і правераную параду – акружайце сваіх малышоў творчай атмасферай, разам з імі спрабуйце штосьці новае, давайце прастору для дзеяння і назірайце. Магчыма, у вашага дзіцяці ёсць схільнасці да малявання, дэкаратыўнага мастацтва, музыкі ці танцаў, а вы гэтага не заўважалі за мноствам спраў. У дзіцяці абавязкова павінны быць пластылін, цеста для лепкі, алоўкі, канструктар. Займаючыся з гэтымі прадметамі, дзеці праяўляюць фантазію, развіваюцца.
У нашым мерапрыемстве прыняло ўдзел некалькі сямей. Прычым, пашырылі яны свае веды не толькі ў тэарэтычным, але і практычным плане. Так, дзеці фарбавалі соль і насыпалі яе ў слоікі, асвойваючы такім чынам тэхніку дэкупажу. Гэты занятак вельмі зацікавіў усіх нашых гасцей, якія разыходзіліся ў добрым настроі.
Акрамя бацькоўскага ўніверсітэта ў аддзяленні дзейнічае і школа, якая арыентавана на дарослых, што гадаваліся без бацькоў, з мэтай дапамагчы ім стаць паспяховымі татамі і мамамі. Але прыняць удзел у нашых мерапрыемствах могуць абсалютна ўсе маладыя бацькі.
А.ДУКМАСАВА, псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН.