В Ушачском районе в летнее время будет работать 20 оздоровительных лагерей

Наши дети

Лета – перыяд адпачынку і аздараўлення. Сёлета, як і ў мінулыя гады, на Ушаччыне паклапаціліся, каб школьнікі пасля працяглага навучальнага года мелі магчымасць цікава і з карысцю правесці час, набрацца станоўчых уражанняў.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама арганізуе работу 20 аздараўленчых лагераў, у якіх плануецца заняць звыш 500 дзяцей і падлеткаў, і аднаго спартыўна-аздараўленчага на 70 чалавек. У большасці дзённых і профільных 9-дзённых устаноў кошт пуцёўкі раўняецца дзяржаўнай датацыі, а значыць, бацькам даплачваць не давядзецца. Для атрымання такой пуцёўкі неабходна звярнуцца ў школу, якую наведвае дзіця.

Як нам расказала метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Алена Мечыславаўна Жук, аздараўленчы лагер “Турасполле” традыцыйна будзе працаваць у тры змены, кожная працягласцю 18 дзён. Першая стартуе 9 чэрвеня, другая – 28 чэрвеня, трэцяя – 17 ліпеня. Штогод у ім паляпшаюцца ўмовы для аздараўлення і актыўнага адпачынку дзяцей. Поўны кошт пуцёўкі ў “Турасполле” сёлета складае 362 рублі 60 капеек, а бацькоўская даплата – 187 рублёў 60 капеек. Для набыцця пуцёвак неабходна звярнуцца да спецыяліста, які займаецца пытаннямі аздараўлення ў той арганізацыі, дзе працуе адзін з бацькоў, або да галоўнага спецыяліста прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ушацкага раёна Р.М.Журко.

Дадаткова на базе “Турасполля” адкрыецца дзевяцідзённы палатачны эколага-біялагічны лагер. Пуцёўкі ў яго будуць распаўсюджвацца без бацькоўскай даплаты – у першую чаргу для дзяцей, якія знаходзяцца на розных відах прафілактычнага ўліку, а таксама з мнагадзетных і малазабяспечаных сямей. Эколага-біялагічны профіль гэтага лагера, як і ў цэлым “Турасполля”, абраны невыпадкова: побач знаходзіцца гідралагічны заказнік возера “Крывое”, а тутэйшыя мясціны характарызуюцца значнай біяразнастайнасцю.

Новаўвядзеннем гэтага года з’яўляецца тое, што наведваць летнікі на базе стацыянарных аздараўленчых лагераў, санаторна-курортных і іншых падобных арганізацый, могуць хлопчыкі і дзяўчынкі ад 6 да 16 гадоў, дзеці-інваліды і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця – ад 6 да 18 гадоў (раней было ад 6 да 15). У лагерах працы і адпачынку будзе праводзіцца аздараўленне школьнікаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, у іншых профільных – ад 6 да 18. Большасць з іх распачнуць сваю дзейнасць 5 чэрвеня. Працаваць у іх будуць кваліфікаваныя педагагічныя кадры.

Па тэме набыцця пуцёвак і рашэння іншых пытанняў, звязаных з аздараўленнем дзяцей, можна звяртацца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму Ушацкага райвыканкама, кабінет 73 да метадыста А.М.Жук (рабочы тэлефон 2-74-92).

* * *

Падчас летніх канікул моладзь Ушаччыны зможа не толькі адпачыць, але і падзарабіць. Заключаны дагавор з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, згодна з якім у 7 установах адукацыі будзе арганізавана працоўная занятасць 40 вучняў. Плануецца таксама стварэнне студэнцкіх атрадаў праз райкам БРСМ.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *