Уроженка Полоцка Елена Пашковская более 8 лет заведует ФАПом в агрогородке Ильюшино

Экономика и малый бизнес

Клопатаў у фельчара сельскага ФАПа заўсёды шмат: прыём хворых, выклікі на дом, патранаж дзяцей, пажылых і адзінокіх грамадзян, прафагляды і многае іншае. У чарговы раз упэўніліся ў гэтым, калі днямі завіталі да загадчыцы Ільюшынскага фельчарска-акушэрскага пункта Алены Міхайлаўны Пашкоўскай. Прыняўшы ў першай палове дня каля 10 пацыентаў, завяршыўшы работы па касметычным рамонце будынка, апоўдні яна ўжо збіралася на выезд – разам з педыятрам Ушацкай ЦРБ неабходна было заехаць да самых маленькіх сваіх “падапечных”.

Зрэшты, такімі насычанымі з’яўляюцца абсалютна ўсе рабочыя дні гераіні нашага аповеду. На яе падведамаснай тэрыторыі не толькі аграгарадок, але і вёскі Гута, Наваселле, Старына, Памялкова, Гарадзец, Сержаны. Усяго ў іх пражывае амаль 600 чалавек. І у кожнага – свае балячкі, праблемы, якімі хочацца падзяліцца са спагадлівым фельчарам.

– Часта, асабліва гэта датычыцца пажылых людзей, пацыенты пачынаюць гутарку не са скаргаў на здароўе, а менавіта з аповеду пра тое, як ім жывецца, – дзеліцца нюансамі работы Алена Міхайлаўна. – Таму фельчар сельскага ФАПа – гэта не  толькі медработнік, а яшчэ і псіхолаг,  гатовы даць параду ў самых розных жыццёвых сітуацыях. Акрамя таго трэба быць спецыялістам шырокага профілю, бо часта ад аператыўных і граматных дзеянняў залежыць нечае жыццё.

Нядзіўна, што на пытанне, якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны медык, А.М.Пашкоўская ў першую чаргу называе спагадлівасць і неабыякавасць. Яна прызнаецца, што  не можа прайсці міма чужой бяды, болю. Напэўна таму Алена Міхайлаўна і карыстаецца асаблівым аўтарытэтам у вяскоўцаў.

Зрэшты, сама яна – гараджанка, ураджэнка Полацка. Пасля заканчэння медвучылішча некаторы час працавала ў “хуткай дапамозе” роднага горада, у мясцовай школе. А 8 гадоў таму вырашыла рызыкнуць – і прыехала на Ушаччыну, дзе дагэтуль ніколі не была. Тут, у гарпасёлку, маладому спецыялісту далі службовае жыллё, а месцам яе працы стаў фельчарска-акушэрскі пункт у Ільюшыне.

– Прывыкнуць да новага месца было сапраўды няпроста, – расказвае А.М.Пашкоўская. – Нікога тут не ведала, ды і дабірацца пешшу на немалыя адлегласці да вёсак, якія знаходзяцца ў абслугоўванні, было, мякка кажучы, непрывычна. Але я ніколькі не шкадую, што прыехала менавіта ў ваш раён. Мяне, як медыка, радуе станоўчая дэмаграфічная сітуацыя на сяле: на маім участку зараз больш 120 дзетак, ёсць цяжарныя жанчыны. Зрэшты, апошнія – надзвычай дысцыплінаваныя: своечасова прыходзяць на агляд і да гінеколага ва Ушачах таксама.

Дапамагае фельчару санітарка Рыта Генадзьеўна Клопава: у адсутнасць Алены Міхайлаўны яна і ціск змерыць, і неабходныя лекі прадасць, штосьці параіўшы. Разам вядуць жанчыны і бытавыя пытанні: штогод праводзяць касметычны рамонт памяшканняў і штодня займаюцца іх уборкай.

– Бывае, прыйдзеш дадому стомленая і думаеш, навошта выбрала такую прафесію, – прызнаецца А.М.Пашкоўская. – А потым успомніш тых, хто з нецярпеннем чакае твайго візіту, хто шчыра дзякуе за работу, і разумееш, што выбар зрабіла правільны. І ў першую чаргу таму, што патрэбна людзям.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *