Мядзведка – вялікае насякомае, якое наносіць значны ўрон агародным культурам, перагрызаючы іх карані, ядучы пасеянае насенне. Драцянік –лічынка жука-шчаўкуна, якая таксама шкодзіць карняплодам, асабліва клубням бульбы. Барацьба з прыгаданымі “ворагамі агарода” павінна праводзіцца комплексна на працягу ўсяго цёплага сезона і восенню, прычым некалькімі спосабамі адначасова – толькі ў гэтым выпадку можна дасягнуць станоўчых вынікаў.
Меры барацьбы:
Узворванне ранняй вясной і позняй восенню. Пры абарачэнні пласта глебы насякомыя, якія там зімуюць, аказваюцца на паверхні, дзе гінуць ад холаду. Рэгулярнае рыхленне глебы на глыбіню да 15 см разбурае хады, пракладзеныя мядзведкай пад зямлёй, абцяжарваючы ёй пошукі ежы. Акрамя таго, гэта дазваляе змагацца з лічынкамі і яйцакладкамі, бо разбураюцца гнёзды шкодніка.
Высейванне сідэратаў – дастаткова дзейсны спосаб барацьбы з драцянікам. Гарчыца, гарох, фацэлія адпужваюць няпрошанага госця.
Моцная засмечанасць участка пырнікам – лепшае месца для жыццядзейнасці драцяніка. Таму неабходна праводзіць ачыстку ўчастка ад названай расліны.
Падкормка разведзеным курыным памётам у сухое надвор’е не толькі карыснае для раслін, але і з’яўляецца эфектыўнай мерай барацьбы з мядзведкай. У той жа час раствор свежага каравяку, наадварот, прыцягне шкоднікаў на градкі.
Каб не дапускаць на агарод мядзведак з суседніх тэрыторый, можна пасеяць аксаміткі па перыметры ўчастка – шкоднікі не пераносяць паху гэтых раслін.
У другой палове мая ў неглыбокія ямкі або прама на паверхню глебы раскладваюць купкі саломы або свежага гною. Дарослыя мядзведкі будуць выкарыстоўваць іх для пабудовы гнёздаў, любіць такія месцы і драцянік. Праз 20-25 дзён гной разам з лічынкамі збіраюць і спальваюць.
Для прадухілення доступу мядзведкі да каранёў раслін ужываюць механічныя метады. Улічваючы, што шкоднікі перамяшчаюцца пад зямлёй на невялікай глыбіні, агароднікі акружаюць асобныя расліны і цэлыя градкі своеасаблівымі агароджамі, пагружанымі ў глебу на 18-20 см. Для стварэння такіх перашкод выкарыстоўваюць металічныя або пластмасавыя палосы, кавалкі руберойду, шыферу, трывалыя сінтэтычныя сеткі і іншае.
Заліванне хадоў мядзведкі мыльнай вадой: у вядры трэба растварыць 10 г гаспадарчага мыла і 50 г пральнага парашку. Калі выліць у адтуліну ходу 0,5-1 л прыгатаванага раствору, то праз хвіліну-дзве мядзведка або вылезе на паверхню, або загіне пад зямлёй.
Сумесь вады і газы (100 г на 10 л вады) таксама заліваецца ў норы мядзведкі (30 г у кожную). Газу можна выкарыстаць і з пяском. На 10-літровае вядро дастаткова адной сталовай лыжкі. Сумесь неабходна змяшаць і раскласці па дарожках паміж градкамі.
Пры пасеве насення морквы, буракоў і іншых карняплодаў праліце рады растворам ёду (15 кропель на вядро вады). Мядзведка не пераносіць такога паху.
Калі на працягу 2-3 гадоў выкарыстання ўзгаданых метадаў вам не ўдалося справіцца з мядзведкай і драцянікам, паспрабуйце выкарыстаць спецыяльныя хімічныя прэпараты. Напрыклад, “Грызлі”. Гранулы трэба раскласці пры высаджванні расады, пасадцы бульбы, пасеве насення на адлегласці 5-10 см ад раслін у зробленыя паміж радамі баразёнкі глыбінёй 3-4 см. Баразёнкі абавязкова закрыць зямлёй і добра паліць. Ніякай шкоды раслінам і людзям, якія імі харчуюцца, прэпараты не прыносяць.
Для знішчэння драцяніка вапну раскідваюць па паверхні глебы або дадаюць яе пры пасадцы бульбы прама ў лунку. Акрамя таго, дасягнуць паніжэння кіслотнасці глебы можна дабаўленнем у лункі попелу, молатай яечнай шкарлупіны або пасадкай бабовых культур.
Калі ступень заражанасці драцянікам глебы высокая, прыйдуць на дапамогу азотазмяшчальныя ўгнаенні: сульфат амонію, хлорысты амоній, аміячная салетра. Насенне бульбы перад пасадкай можна апрацаваць растворамі “Імідора Про” і “Праватокса” ў адпаведнасці з інструкцыяй.
К.ДУБРОВІНА, галоўны аграном па каранціне і ахове раслін райнасенінспекцыі.