Мемориальная доска в честь заслуженного лесовода Беларуси Николая Дорофеевича Бобоедова установлена в Ушачах

Общество

Падзея, што адбылася 17 мая, была для Ушачаў, не тое што нетрадыцыйнай, а хутчэй небывалай. Мемарыяльных дошак у імя якога-небудзь чалавека ў нас да гэтага часу не ўстанаўлівалі наогул. Калі не лічыць шыльд аб штабах партызанскіх атрадаў. А тут яна з’явілася ў гонар нашага сучасніка, які і не ваяваў, і подзвігаў не здзяйсняў, а праславіўся выключна працай. Земляка, імя якога ведалі ўсе, нават калі ніколі не сустракаліся з ім асабіста. Так трапна ахарактарызаваў аўтарытэт Мікалая Дарафеевіча Бабаедава, адкрываючы ўрачыстую цырымонію, старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. І кожны наступны прамоўца, а сабраліся ля будынка лясгаса калегі, сябры, родныя, не падбіраў эпітэтаў, а прыгадваў свае стасункі з гэтым чалавекам-легендай. Ініцыятарам жа ўвекавечвання памяці заслужанага лесавода БССР стала Міністэрства лясной гаспадаркі. Адкрыў мемарыяльную дошку намеснік міністра Аляксандр Мікалаевіч Корбут і сын М.Д.Бабаедава Мікалай Мікалаевіч. Як паведаміў намеснік міністра, гэта трэцяя мемарыяльная дошка, якую сёлета ўстанавілі ў Беларусі былым работнікам лясной гаспадаркі за асаблівы ўклад у развіццё галіны.

У Мікалая Дарафеевіча ён сапраўды такі. Лясгас М.Д.Бабаедаў узначаліў у 1969-м і зрабіў яго флагманам рэспублікі. Шмат гадоў у кабінеце кіраўніка стаяў пераходны чырвоны сцяг пераможцаў рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва, а аднойчы Ушацкі лясгас нават заняў трэцяе месца сярод прадпрыемстваў галіны ўсяго СССР. Наш лясгас быў першапраходцам, у дзевяностыя прайшло акцыяніраванне, работнікі атрымлівалі годную зарплату, існавала чарга на ўладкаванне з абавязковым выпрабавальным тэрмінам. Падбіраў людзей і ведаў кожнага сам кіраўнік, не даючы ніякага спуску выпівохам і гультаям. Такіх у лясгасе проста не магло быць. Асаблівы падыход быў у яго да кіруючых кадраў. “Кіраўніком можа стаць толькі той, хто не менш трох разоў дасць водпуск дырэктару”, – прыгадвае выказванне Мікалая Дарафеевіча В.Ф.Бяльковіч, які пры ім працаваў галоўным ляснічым Глыбачанскага лясніцтва.

У колькі ён пачынаў свой рабочы дзень, ніхто не ведаў, аднак яшчэ да планёркі ў сем гадзін ён мог праехаць кварталы якога-небудзь лясніцтва і зверыць свае назіранні са словамі ляснічых. Давяраў, аднак правяраў. А ў палове восьмага машыны разыходзіліся ў рэйсы.

Ён шмат чытаў, пераймаў, быў наватарам. “Звычайную работу па нарыхтоўцы драўніны лічыў цякучкай і пачаў будаўніцтва цэхаў па перапрацоўцы, – прыгадвае Якаў Паўлавіч Мірановіч, які 43 гады адпрацаваў у лясгасе, у тым ліку 9 з іх у якасці “правай рукі” М.Д.Бабаедава, галоўным ляснічым. – Меркавалася, што ўся база размесціцца ля возера Чаравэчча, у нас жа была толькі драўляная канторка ў Ліпаўцы і прымітыўная лесапільня ў Лявонаўшчыне. Гэта зараз усё можна купіць, а тады матэрыялы трэба было “выбіваць”, шукаць – ад перакрыццяў, цэглы, да трансфарматараў і піл. І ён не ішоў па шляху найменшага супраціўлення: няма і не трэба. Іншыя адмаўляліся ад грошай на будаўніцтва дамоў, а ён браў на сябе дадатковую абузу і на голым месцы пабудаваў пасёлак. З’явілася ў мікрараёне лясгаса і сучасная кантора з гаражамі, і два лесаперапрацоўчыя цэхі, стадыён са спартыўнай залай…”

У дзевяностыя падчас сухога закона, калі лясгасу давялі заданне па нарыхтоўцы трыснягу, разлічваліся за сыравіну не толькі грашыма, але і натураплатай, у прыватнасці віном, што паспрыяла больш хуткаму выкананню задання. Прыгадаў жыццёвы факт галоўны механік прадпрыемства Васіль Сямёнавіч Фамін і агучыў народнае меркаванне: “Быў бы Мікалай Дарафеевіч, абавязкова нешта прыдумаў нават зараз, у крызісны для многіх прадпрыемстваў час. Ён жыў для людзей і заўсёды быў прыкладам”.

Я ж памятаю адно інтэрв’ю з Мікалаем Дарафеевічам. Было гэта блізка да яго пенсійнага ўзросту, што аднак ніяк не адбілася на ініцыятыўнасці кіраўніка. Ён паказваў шышкі, расказваючы, што самі рыхтуюць насенне і прадаюць у Швецыю. На стале ляжала шмат часопісаў. Добра запомніўся жарт колішняга дырэктара “Ушачыпаліўзбыту” ў часы, калі дэфіцытам былі абрэзкі. “Наша бяда ў тым, што ў нас перадавы лясгас”. Так, пасля распілоўкі дзелавой драўніны заставалася лічы што кара, а Мікалай Дарафеевіч выношваў ідэю стварэння поўнасцю безадходнай вытворчасці – вырабаў з пілавання.

Заўсёды вельмі хуткі, энергічны, М.Д.Бабаедаў гарэў ці, дакладней, згараў на вытворчасці. Перанёс тры інфаркты і адну клінічную смерць. “Чаго ў мяне было больш, вымоў або падзяк, я не ведаю”, – прыгадаў яго словы брат Анатоль Дарафеевіч, а яны яшчэ раз падкрэсліваюць, наколькі няпроста даюцца кіраўніку любыя рашэнні.

“Ён быў для мяне настаўнікам. Я прыязджаў на планёркі ва Ушацкі лясгас і проста ценню хадзіў за Мікалаем Дарафеевічам”, – расказваў яшчэ адзін ганаровы госць мерапрыемства, былы міністр лясной гаспадаркі, заслужаны лесавод Мікалай Канстанцінавіч Крук. – Мяне прызначылі дырэктарам Глыбоцкага лясгаса і ў свайго старэйшага калегі я вучыўся не столькі тэхналогіі, якую кіраўнік, канечне, павінен ведаць, а адносінам да людзей і рабоце з людзьмі, якія будаваліся на дысцыпліне, кантролі і павазе. Нібы з энцыклапедыі пачарпнуў і падчас нашай сумеснай камандзіроўкі ў Талін.

“Мяне ўжо не будзе, аднак будуць лю­дзі, якім я рабіў дабро і якія табе абавязкова дапамогуць”, – прыгадаў словы бацькі сын Мікалай Мікалаевіч Бабаедаў. – Вельмі часта потым я пераконваўся ў іх. Заходзіш па справах у кабінет, цябе перапытваюць: “Сын Мікалая Дарафеевіча?” І без лішніх замінак вырашаюць пытанне. Ганаруся бацькам і імкнуся быць годным”.

– Мы з Мікалаем не выйшлі ростам, я нават у медыкаў цікавіўся, чаму мы меншыя за братоў. Адказалі, што ў дзяцінстве спынілі рост вялікімі фізічнымі нагрузкамі, – расказвае Пётр, малодшы з братоў Бабаедавых. – Старэйшаму пасля заканчэння вайны было 14, а нам з Міколам 7 і 5, нагрузяць пясок – пераносім пясок, каменне – значыць каменне. Браліся за любую працу, не пытаючыся аб заробку.

Калі ж я пацікавілася, ці ўмеюць яны як іх славуты брат класці печы, па ўсмешцы Анатоля Дарафеевіча зразумела, што пытанне залішняе.

– У нас пасля вайны бацька застаўся інвалідам І групы, а маці ляжачай хворай… Рабілі ўсё, не толькі печы, ад фундамента да даха, з фуганкам і сякерай. Вось гэты дом, дзе жыве сям’я Мікалая, таксама дапамагалі майстраваць. Часта прыязджалі ўлетку сена сушыць, яны ж з Валянцінай Іванаўнай і гаспадарку трымалі немалую.

– Тут быў наш агарод, – як толькі дэлегацыя ступіла на тэрыторыю Ушацкага дэндрапарка, ціха прыгадала дачка Валянціна Мікалаеўна Дзярбасава. – У дзевяностыя, калі з’явілася магчымасць апрацоўваць гектары зямлі, бацька ўзяў гэты вялікі ўчастак.

Не ведаў тады Мікалай Дарафеевіч, што на палепшанай яго мазалём зямлі будзе расці алея, якую ўдзельнікі ўрачыстасці заклалі на 80-годдзе з яго дня нараджэння. А вось елкі на 50-ую гадавіну Вялікай Перамогі садзіў разам з работнікамі лясгаса ён сам. Яны ўжо вялізныя. Як і след, што пакінуў на зямлі гэты просты, сціплы і вельмі працавіты чалавек. Тут, ля ляснога масіву, як і ў дэндрапарку работнікамі Ушацкага лясгаса ўстаноўлены памятныя камяні. І вось ужо чацвёрты дзень Мікалай Дарафеевіч глядзіць з мемарыяльнай дошкі на работнікаў свайго калектыву і на ўсіх жыхароў вуліцы, што носіць яго імя. Глядзіць і дапамагае – прыкладам таго, як многа залежыць і ад аднаго чалавека.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *