День герба и флага в Ушачах

Общество

У мінулую суботу на цэнтральнай плошчы гарпасёлка было святочна і ўрачыста. Напярэдадні Дня Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, работнікі культуры, моладзь, школьнікі з Ушач і сельскіх устаноў адукацыі сабраліся, каб спартыўнымі мерапрыемствамі ўшанаваць галоўныя сімвалы краіны.

Такі фармат святкавання гэтай даты ў нашым раёне стаў традыцыяй. Некалькі год таму да дня сімволікі краіны, які адзначаецца ў другую нядзелю мая, праводзілася лёгкаатлетычная эстафета, а сёлета прыхільнікі здаровага ладу жыцця вырашылі адсалютаваць дзяржаўнаму святу велапрабегам па маршруце Ушачы-мемарыяльны комплекс “Прарыў” і спаборніцтвамі па міні-футболе.

Пад урачыстыя гукі гімна ля раённай Дошкі гонару горда ўзнімаўся Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Падчас мітынгу са святам ушачан павіншавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С.В.Азевіч. Святлана Васільеўна адзначыла, што для кожнага беларуса яно напоўнена асаблівым гонарам за сваю краіну. Дзяржаўныя герб, сцяг і гімн – гэта візітная картка Беларусі, сімвалы багатай гісторыі, палітычнай самастойнасці і незалежнасці. У іх беражліва захаваны самабытныя рысы нашага народа – адданасць роднай зямлі і мудрасць, добразычлівасць і гасціннасць, талерантнасць, імкненне да міру і стваральнай працы. Да святых для кожнага грамадзяніна Беларусі сімвалаў дзяржаўнасці выказала павагу моладзь раёна. Ад яе імя да прысутных звярнулася выконваючая абавязкі першага сакратара раённага камітэта БРСМ Рыта Півульская:

– Гэты дзень – яскравае сведчанне адзінства пакаленняў і гатоўнасці моладзі, абапіраючыся на традыцыі, смела ісці ў будучае. Мы – моладзь незалежнай Беларусі – ганарымся гісторыяй сваёй краіны, нашым таленавітым народам, прыгажосцю роднага краю, гатовы рабіць усё дзеля таго, каб нашы справы былі патрэбнымі людзям і краіне.

Неўзабаве калона веласіпедыстаў накіравалася на “Прарыў”, а тэрыторыя школьнага стадыёна напоўнілася звонкім гоманам дзіцячых галасоў. У аднакругавым мініфутбольным турніры за перамогу змагаліся пяць каманд. Трэцяе месца занялі дружына Арэхаўскай сярэдняй школы, другое – дзіцяча-юнацкай-спартыўнай, а ільюшынскія юнакі былі мацнейшымі ва ўсіх сустрэчах і па праве сталі першымі. Перамогу пад кіраўніцтвам настаўніка Віктара Іванавіча Акулёнка кавалі вучні 8-11 класаў Віктар Волах, Данііл Палонскі, Дзяніс Аўсіевіч, Іван Цвяцінскі, Аляксандр Коўшаль, Мікіта Калітуха і Эльдар Шахназараў. Трэба адзначыць, што менавіта каманды Ільюшынскай школы на працягу сёлетняга навучальнага года атрымалі перамогі на раённых спаборніцтвах па гульнявых відах – выйгралі турніры і па валейболе, і па настольным тэнісе.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў, лепшыя ігракі турніру ў розных амплуа атрымалі дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а ўсе ўдзельнікі мерапрыемстваў – запал бадзёрасці і пазітыву. Свята дало магчымасць кожнаму ўдзельніку яшчэ раз адчуць: у сімвалах краіны – наш гонар і наша клятва быць вернымі яе гісторыі і традыцыям, берагчы незалежнасць свайго гераічнага народа, усім сэрцам любіць нашу сінявокую Беларусь.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *