13 лютага ў раёне ўтварылася новае ўнітарнае прадпрыемства – КУП “Маяк-Ушацкі”. Падалося, што гэтая назва нешта нагадвае? Так – гэта новая імя “Маяка” “Ушацкага райаграсэрвіса”. Чым акрамя назвы адрозніваецца новае прадпрыемства ад комплексу па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, мы і высвятлялі, завітаўшы днямі ў гаспадарку.
Кабінет у машыне
Так, па сутнасці гэта ўжо асобнае сельгаспрадпрыемства, якое мае вузкую спецыялізацыю: займаецца вырошчваннем буйной рагатай жывёлы. Ад малочнікаў да “зуброў”. Менавіта так назваў, убачыўшы гадаванцаў другога перыяду, унук дырэктара Аляксандра Яўгенавіча Шкодзіна. І сапраўды, ну вельмі падобныя на іх белагаловікі постаццю і вагой. Экзэмпляры, якіх накіроўваюць на здачу, важаць 400-500 кілаграмаў. Сапраўдныя прыгажуны. І 1074 – гэта ўсё пагалоўе двух перыядаў. І на комплексе, разлічаным на 2600 галоў, зараз ідзе працэс камплектацыі.
Нягледзячы на выхадны дзень, жыццё на прадпрыемстве кіпела. Яно і зразумела: на жывёлагадоўчым аб’екце не бывае выхадных. Аднак не толькі аператары былі з паловы сёмага на рабочым месцы, аднак і дырэктар, і загадчык комплексу Валерый Уладзіміравіч Літвін, механізатары.
– Афіцыйна загадам працоўны дзень пачынаецца зараз раней. Каб і на палях больш зрабіць, і перапынак паміж кармленнямі не быў вялікі, – тлумачыць Аляксандр Яўгенавіч і запрашае спачатку наведаць сельгасугоддзі. Наогул уся наша размова адбывалася на нагах, на аб’ектах, паколькі і абсталяванага кабінета па сутнасці ў дырэктара няма. Ён ці пастаянна ў раз’ездах па сваіх уладаннях, ці ў галаўным прадпрыемстве холдынгу: Полацкім камбінаце хлебапрадуктаў, на які і працуе “Маяк”. Па сутнасці выконваюць заказ па пастаўцы ялавічыны. А каб скарачаць выдаткі, самастойна будуць нарыхтоўваць і кармы. Для гэтага прадпрыемству выдзелены прылягаючыя да комплексу землі – 2800 гектараў, а кіраўніцтва холдынгу паклапацілася, каб іх было чым апрацоўваць.
– Паколькі ў аб’яднанне ўваходзіць многа розных прадпрыемстваў, а ўсе мы працуем на адзіны вынік, то і размяркоўвае кіраўніцтва рэсурсы па патрэбах. Ад “Райаграсэрвіса” мы перааформілі на сябе лізінг на “Амкадор” і МТЗ-82, і ў арэнду ўзялі толькі адзін МТЗ-1221, яшчэ два такіх трактары перадалі з іншых гаспадарак холдынгу, хутка будзе новы К-700. Перавагу аб’яднання бачу менавіта ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў – упэўнены і ў збыце прадукцыі, і ў пастаўках камбікармоў.
Стаўка на бялок
Проста віртуозна аб’ехаўшы слуп, і падняўшы блізенька ля яго васьмікорпусным плугам зямлю, Уладзімір Шэдзько спыніў трактар. Абмеркавалі з кіраўніцтвам тактыку ўзворвання такіх вось вузкіх палосак з вымачкамі. Нягледзячы на сярэдзіну мая зямля не рассыпалася.
– Праўду гаворыць народная мудрасць – гром на голы лес – да галоднага года, – кажа В.У.Літвін. – Вельмі позняя вясна. Аднак нам трэба аспрэчыць гэтую прымаўку. Тым больш што сеяць будзем травы і зернесумесь. Нам не трэба, каб выспела, малочная стадыя – яшчэ лепей, так што галоўнае – максімальна ўспець падняць усё і засеяць.
Таму і займаліся зараз выключна ўзворваннем, потым пойдуць культыватары, сеялкі, за якімі будуць тры нязменных механізатары: Уладзімір Шэдзько, Руслан Апёнак і Васіль Мамон.
Акрамя ж зернясумясі тут пасеяць лубін і люцэрну, кукурузу і канюшыну. Бо на землях, які атрымаў “Маяк” – сваіх жа землях, няма ніводнага поля з добрымі шматгадовымі травамі. Аб тым, што яны тут былі – сведчыць дзе-нідзе парасткі канюшыны. Таму пачынаюць з нуля, а дакладней, з вапнавання глебы, якое вядзецца паралельна з узворваннем.
Тэхналогія плюс рэканструкцыя
Усяго толькі два з паловай месяцы, як на паперы ўтворана прадпрыемства, а не хопіць пальцаў, каб пералічыць усё, што зроблена. На комплексе зараз няма жывёлы “Райаграсэрвіса” – літаральна ўся ўласная і толькі за два месяцы пагалоўе прырасло на 440 бычкоў. Паралельна вядзецца рэканструкцыя памяшканняў: рамантуецца дах, заменены дзверы, водаправод і загоны, на энергазберагальныя – ўсе лічыльнікі. Закладаюць шырокія праёмы вокнаў, каб зберагаць цяпло. Патрабуе рамонту і падлога, траншэя для закладкі кармоў, у хуткім часе з’явяцца душавыя, “чырвоны” куток, так што будзе работа і нашым будаўнікам.
Усё гэта робіцца для скарачэння выдаткаў і захавання тэхналогіі. А таму першае, з чаго пачынаюць, прыняўшы цялят – з апрацоўкі, вакцынацыі і прывыкання да КР-1 –“малочнай сумесі” для самых маленькіх. “Некаторыя цяляты, пераехаўшы да нас з гаспадарак, не ведаюць, што гэта такое, таму некалькі тыдняў прывыкаюць, потым ідзе сена ды сянаж. А ён кругласутачна, без усякіх зялёнак – каб не было пераходных перыядаў, стрэсаў і падзення прываг, – тлумачыць начальнік комплексу Валерый Уладзіміравіч Літвін . – Праўда, гэтым летам давядзецца крыху адысці ад тэхналогіі і карміць скошанай зялёнкай, сенажу ж уласнага няма. Зараз закупляем у “Кублічах”. А сена – у насельніцтва ўзамен на камбікорм з разліку 800 тысяч за тону. Так што калі ў каго лішкі і падсобная гаспадарка – калі ласка, зробім карысны абмен.
За два месяцы нармальнага кармлення цялят стабілізаваліся і прывагі. Аляксандр Яўгенавіч дастаў зводку ўсіх прадпрыемстваў холдынгу, што займаюцца вырошчваннем буйной рагатай жывёла і з гонарам паказаў – амаль 700 грамаў, вышэй толькі ў “Цітова”.
Чарга з жадаючых
А з’явіліся прывагі – значыць выраслі і заробкі. За апошні месяц аператары з першага перыяду атрымалі па 500 рублёў. Забытыя зарплаты, з-за чаго і разбягаліся ў пошуках лепшых месцаў з “Райаргасэрвіса” даглядчыкі. А зараз вось ужо зноў чарга. Замкнуўся традыцыйны ланцуг: кармы – прывагі – заробкі – работнікі. Прычым, адказныя работнікі, а ў “Маяку-Ушацкім” могуць сабе дазволіць выбіраць. Дырэктар жа перш чым адказаць, колькі ўсяго на прадпрыемстве зараз працуе чалавек, робіць паўзу – кожны дзень прыходзяць новыя людзі. Пакуль іх 21, аднак пагалоўе будзе павялічвацца.
З “Райаграсэрвіса” перайшлі механізатары Шэдзько і Апёнак, тут і колішнія перадавікі гаспадаркі Дзмітрый Сісковіч і Васіль Мамон. Малады чалавек паспеў і ў Расію на заробкі паездзіць, і ў лясгасе папрацаваць, таму пераканаўча сцвярджае, што дома лепей. Ды і займацца тым, што любіш і атрымліваецца – таксама вялікая перавага. Зараз ён рамантаваў плугі, каб у панядзелак зранку падмяніць Шэдзько. Уладзімір, дарэчы, мнагадзетны бацька, папрасіў некалькі гадзін – сад закрываюць на рамонт, дык трэба аднаго ў адзін сад перавезці, другога ў другі.
Зразумела, атрымаў дабро, у гэтым невялікім калектыве ўсё не толькі на дысцыпліне, а ў першую чаргу на самадысцыпліне і даверы.
Заўважаныя перамены
– Хоць народ у “Райаграсэрвісе” разленаваўся, таму шанс, канечне, даю ўсім, але папярэджваю, што гэта не бясконца, на іх месца з задавальненнем прыйдуць другія, – гаворыць Аляксандр Яўгенавіч. – Мы ж у сваю чаргу ствараем умовы. Выдалі нядаўна спецадзенне. Народ не хацеў браць, баяліся, што вылічваць будуць з зарплаты, як і за пральны парашок і мыла.
Хто на комплексе нязменна – гэта Васіль Васільевіч Бучынскі, і традыцыйна – на другім перыядзе, дзе “зубры”, якім ён дае мянушкі, як даяркі каровам. Прывыкае, таму і развітвацца шкада. Што памянялася акрамя назвы для яго, простага работніка.
“У нас жа нават уласных кармоў не было нарыхтавана. Усё з колаў, несвоечасова. Кармілі абы-як, з камбікормам таксама праблемы. Зараз усё адладжана і ў восем бычкі накормлены. Таму і прывагі ёсць, – па-гаспадарску пералічаў змены вопытны даглядчык. А яго напарніца і сваячніца Вольга Бучынская не ўтрымалася і эмацыянальна дадала: “Праз магазін зарплату атрымліваць не трэба. Гэта галоўнае. Ды і яе памер не параўнаць”.
Так “Маяк-Ушацкі” стаў маяком для жыхароў Двор Пліна і наваколля, а ў хуткім часе мяркуе зноў стаць флагманам па вырошчванні буйной рагатай жывёлы ў сваім холдынгу. Дарэчы, пахваліў А.Я.Шкодзін і сасіскі, што выпускае мясны цэх пры камбікормавым заводзе. “Даражэйшыя крыху, чым у звычайных магазінах, аднак натуральныя, смачныя”. Адна ж з мэт холдынгаў – атрымліваць канкурэнтаздольную прадукцыю і не дзяліць прыбытак паміж пасрэднікамі.
Вольга КАРАЛЕНКА.