В музее Плинской школы хранится уникальный материал о жителях, традициях, достопримечательностях и многом другом

Листая страницы истории

Свой музей ёсць у кожнай навучальнай установе. Розныя па памерах і накірунках, але аднолькавыя ў адным – яны выконваюць вялікія задачы па патрыятычным выхаванні моладзі на ўнікальным мясцовым матэрыяле.

Фальклорныя экспедыцыі па вёсках Матырына, Старое Сяле, Угрынкі… З 1976 года, калі адчыніўся краязнаўчы музей Плінскай школы, яны прайшлі па кожнай навакольнай вёсцы і сёння захоўваецца ўнікальны матэрыял аб жыхарах, гаворках, звычаях, славутасцях. І рабілі такія экспедыцыі не толькі загадчыкі музея, якіх з таго часу змянілася чатыры, а ўсе настаўнікі школы са сваімі класамі. Менавіта самастойны збор матэрыялу і праяўляе цікаўнасць у вучняў да паглыбленага вывучэння тэмы.

Вось калі запытаць у Валерыі Кавалёвай пра палітрука брыгады Данукалава Елісея Данілавіча Шыпуліна, васьмікласніца раскажа ўсю біяграфію цудам выжаўшага партызана, паколькі пісала па ёй навуковую работу і атрымала на раённым узроўні дыплом ІІІ ступені. А Таня Крывёнак можа без шпаргалак расказаць пра ўраджэнца Загуззя паэта Уладзіміра Хвашчэўскага. І, канечне, дзяўчынкі любому госцю паведаюць і пра землякоў воінаў-інтэрнацыялістаў, і пра прарыў блакады, паколькі з’яўляюцца экскурсаводамі. Падрыхтоўка іх – адна з мэт музея, а таксама вывучэнне гісторыі краю праз экспанаты, збор новых, пошукавую работу.

– Летась толькі закончылася рэканструкцыя “Прарыву”, надышоў Дзень піянерыі, прыём новых членаў… Рабіць гэта ў сценах школы нецікава, таму пайшлі на мемарыяльны комплекс. Няхай і накрапваў дожджык, аднак мерапрыемства атрымалася запамінальным, – расказвае дырэктар школы Кацярына Фёдараўна Касцюковіч.

Плінская школа невыпадкова з’яўляецца базавай па патрыятычным выхаванні. Яна як ніхто блізка знаходзіцца ля мемарыяла і ўсе свае значныя мерапрыемствы праводзяцца пераважна там. Усе сённяшнія і былыя выпускнікі адшукаюць у полі за Забораўнам пахаванне расстралянага старшыні мясцовага калгаса Кірыла Дзенісёнка з сынам. Бо ўсе пакаленні школьнікаў не толькі даглядалі за магіламі мірных жыхароў і партызан, але і вялі перапіску з яго дачкой з Санкт-Пецярбурга.

Тут, у школьным музеі і ўнікальныя ўспаміны партызанкі, падпольшчыцы, былога дырэктара школы Варвары Сцяпанаўны Мірановіч, напісаныя ўласнай рукой. Ёсць сапраўдныя нямецкая каска і чахол ад процівагаза. І калі гэтыя экспанаты былі знойдзены ў навакольных лясах даўно, то вось яшчэ адзін эксклюзіў з’явіўся толькі ў 2009 годзе. Гэта нешта накшталт “пашпарта” вязня Максіма Міхайлавіча Лабёнка са Старога Сяла, напісаны на нямецкай мове. Па атрыманых роднымі паперах ён лічыўся прапаўшым без вестак. Усё жыццё яго сын Павел Максімавіч лічыў, што цела бацькі проста не адшукалі пасля чарговай атакі. І вось знайшлася брацкая магіла ў Германіі. Аказваецца, салдат трапіў у палон і памёр у канцэнтрацыйным лагеры. Адказ аб гэтым сваяк і загадчык музея Уладзімір Ільіч Барысёнак лічыць таксама адным з каштоўных экспанатаў. Дадам больш, для кожнага з родных падобныя звесткі бясцэнныя. А ў музеі – гісторыя загінуўшых вёсак, звесткі пра ўсіх вязняў наваколля і ваяваўшых настаўнікаў. “Вялікі дзякуй хачу сказаць У.І.Барысёнку за яго нябачную, карпатлівую, адказную справу. Ён з тых людзей, хто працуе не для пашаны, і напэўна толькі з цягам часу можна будзе ацаніць той гістарычны скарб, які тут сабраны, – гаворыць К.Ф.Касцюковіч. – Галоўнае цяпер – захаваць”.

Плінскі музей лічыцца краязнаўчым і складаецца з двух пакояў: баявой славы і этнаграфічнай хаткі. У апошняй таксама хапае ўнікальных рэчаў, якія прыводзяць у захапленне наведвальнікаў, асабліва гараджан. Напрыклад, сабраныя і гатовыя да работы кросны, начоўкі, пранікі, прасы і многае іншае з побыту продкаў.

Закрануў за жывое і адзін з сёлетніх планаў музея: “дабавіць прозвішча на абеліск у Замошшы”. Пошукавая работа не спыняецца. А ці ёсць больш высакародная справа, чым вяртаць невядомыя імёны.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *