У вясенне-летні перыяд значна павялічваецца колькасць грамадзян, якія выязджаюць да месцаў масавага адпачынку. На жаль, становіцца больш і розных негатыўных момантаў. Так, у 2016 годзе на тэрыторыі Віцебскай вобласці падчас купання патанулі 19 чалавек, з іх 5 – непаўналетнія. Супрацоўнікамі міліцыі выяўлена больш за 1070 адміністрацыйных правапарушэнняў, а гэта распіццё алкагольных напояў і піва, дробнае хуліганства, купанне ў забароненых месцах.
Сёлета на Віцебшчыне мясцовымі органамі ўлады вызначаны 102 месцы масавага адпачынку грамадзян, з іх 87 – ля вады. На Ушаччыне гэта 6 кропак, пра якія ўжо расказвалася на старонках газеты. На ўсіх іх ужо праведзена неабходная работа па абследаванні і абсталяванні, а з улікам сезоннага павелічэння інтэнсіўнасці руху да іх максімальна набліжаны нарады Дзяржаўтаінспекцыі.
Хачу нагадаць, што распіваць алкагольныя напоі і піва ў месцах масавага адпачынку забаронена – такія дзеянні прадугледжваюць адказнасць па арт. 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь і цягнуць накладанне штрафу ў памеры да 8 базавых велічынь. Нельга купацца ў забароненых месцах рэк, азёр, вадасховішчаў, сажалак і іншых вадаёмаў – можна атрымаць штраф ад 1 да 3 базавых (арт. 23.63 КаАП). Не варта таксама ўваходзіць у ваду і купацца ў нецвярозым стане. А за знішчэнне маёмасці – альтанак, лавак, распранальняў – адказнасць наступае па арт. 10.9 КаАП, які прадугледжвае штраф да 50 базавых велічынь. Асобна хачу звярнуцца да бацькоў. Не пакідайце малалетніх дзяцей ля вады без нагляду або з пажылымі блізкімі.
Прыемнага ўсім адпачынку!
С.ШАРЫПЕНКА, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.