При помощи крышек от пластиковых бутылок Евгения Сальник украшает свою усадьбу

Мир увлечений

Сядзібу Яўгеніі Пятроўны Сальнік у Старым Сяле апошнім часам не зблытаеш ні з якой іншай. Справа ж у незвычайным упрыгожанні з накрывак ад пластыкавых бутэлек. Казачныя героі, пацешныя жывёліны, узоры прыкметна ўпрыгожылі падворак.

Яўгенія Пятроўна і раней імкнулася аздобіць участак разнастайнымі дэкаратыўнымі элементамі: альтанкай, імправізаваным паравозам, вежамі і іншым. Ідэю ж з накрыўкамі не так даўно падгле­дзела ў інтэрнэце, мноства розных вырабаў там ёсць з пластыкавых бутэлек, але карціны з накрывак паказаліся жанчыне арыгінальнымі. Пачала з самага простага – сонейка і воблакаў. Здавалася б, прымітыўны невялічкі малюнак, а як ажывіў сцяну дома! Ды і спадабаўся такі занятак Яўгеніі Пятроўне, як кажуць, зацягнуў. Так, паступова на сценах дома, веранды, усіх гаспадарчых пабудоў з’явіліся лебедзі, пеўнік, коцік, дэльфін, аленя, казачны кот у ботах. Апошні “шэдэўр” аказаўся найбольш складаным як па кампазіцыі, так і па колькасці колераў, сваім памеры. Наогул “пробковая” мазаіка (менавіта так часцей называюць работы з накрывак ад бутэлек) – захапленне вельмі працаёмкае. Так, спачатку Яўгенія Пятроўна знаходзіць эскіз малюнка ў інтэрнэце, затым пераносіць яго на ліст у клетку, дакладна пазначаючы колькасць накрывак і іх колеры. Затым выбірае месца дыслакацыі карціны і па схеме маленькімі цвікамі замацоўвае кожную накрыўку, а іх нямала. Толькі на прыгаданага вышэй ката ў ботах спатрэбілася больш за паўтары тысячы! Сабраць матэрыял – таксама немалаважная частка работы. У сметнік не адпраўляецца ніводная накрыўка – усё ідзе для справы. Прывыклі да захаплення жанчыны і яе дачка і ўнукі, якія жывуць разам з ёй, а таму таксама калі дзе ўбачаць, то абавязкова нясуць дамоў накрыўкі рознага колеру.

Такое яркае ўпрыгожанне прыносіць добры настрой як гаспадыні, так і сусе­дзям, тым хто праходзіць міма хаты на адной з цэнтральных вуліц вёскі. Ды і ўжо даўно не новы дом у такім крэатыўным дызайне зараз выглядае прыгожым і вясёлым. Па прыкладзе Яўгеніі Пятроўны захапіліся такой творчасцю ўжо і некаторыя аднавяскоўцы.

– Навічкам лепш пачынаць з простых схем, дзе нізкі ўзровень складанасці спалучаецца з невялікімі памерамі малюнка. Асвоіўшы лёгкую карцінку, наступны раз можна браць штосьці крыху больш складанае. Прычым, радуешся не толькі ўжо гатовай рабоце, а таму як паступова накопліваецца матэрыял для гэтага, зараз вось збіраюся “пасяліць” на адной з пабудоў яшчэ і сабачку, – гаворыць Я.П.Сальнік, паказваючы на расфасаваныя па колерах крышкі.

“Пробковая” мазаіка – не адзінае захапленне жанчыны. Напісаць пра Яўгенію Пятроўну даўно раілі знаёмыя: “Такія цудоўныя вырабы з бісеру яна робіць!”  Калі многія гаспадыні стараюцца вырасціць на сваіх вокнах жывыя кветкі, то на вокнах Яўгеніі Пятроўны круглы год “цвітуць” непатрабавальныя архідэі і фіялкі з бісеру. А колькі розных сувеніраў, дрэўцаў, руж зроблена яе рукамі з бісеру і нават немаленькая па памерах навагодняя елка! Ды і на гэтым букет захапленняў жанчыны не заканчваецца. Асвоіўшы тэхніку бісеру, вырашыла паспрабаваць сябе і ў арыгамі – вырабах з паперы, атрымаліся цудоўныя лебедзі. А ўбачыўшы неяк розныя варыяцыі дэкупажу, сказала сабе, што зробіць не горш, а дзесьці нават і лепш. Так з бутэлек незвычайнай формы і папяровых сурвэтак стварае прыгожыя вазы. А каб яны не пуставалі пакуль няма на падворку жывых кветак, напоўніла некаторыя штучнымі, зробленымі зноў жа сваімі рукамі, толькі ўжо з дапамогай салёнага цеста.

Для рэалізацыі задум і вось такой разнастайнай творчай дзейнасці Яўгенія Пятроўна абсталявала ў доме нават асобны кабінет. Хоць і невялікі па памерах, але ўтульны. На палічках размясціліся многія з прыгаданых вырабаў, асобна тут захоўваюцца шматлікія матэрыялы для работы – фарбы, папера, бісер і многае іншае. У сваёй міні-майстэрні Яўгенія Пятроўна праводзіць доўгія зімнія вечары, летам жа з-за клопатаў у агародзе, па гаспадарцы, паходаў у лес на ўсе гэтыя заняткі застаецца вельмі мала часу.

Я.Сальнік доўгі час працавала паштальёнам, на творчасць яе “пацягнула” пасля выхаду на заслужаны адпачынак. І жанчына сцвярджае, што гэта самы выдатны занятак для душы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *