«Нас познакомила свадьба». Загс в истории семьи Сильченко

Общество

Як не верыць у лёс, калі з маім будучым мужам ён проста звёў нас. Я ўшачанка, а ён малады спецыяліст нашага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, хадзілі па адных вуліцах, маглі сустрэцца, а пазнаёміліся ў Магілёве на вяселлі. Прычым, я была запрошана з боку нявесты, ён – з боку жаніха, але адпраўляліся вялікай кампаніяй з Ушач.

Гэта было каханне з першага позірку.  На вяселлі мы хіба што патанцавалі, амаль не размаўлялі, але паміж намі “прабегла іскра”. Калі вярталіся ва Ушачы, я нават не ведала яго імя, у аўтобусе ён працягнуў мне запіску, папрасіў напісаць тэлефон. Я працавала настаўніцай у Шумілінскім раёне, у мяне там быў сябар, у яго дзяўчына, але праз шэсць месяцаў мы былі ў загсе.

18 чэрвеня 1983 года – наша знамянальная дата – дзень стварэння сям’і – Сцяпана і Алены Сільчанкавых. Асобнага памяшкання загса ва Ушачах тады не было, распісвалі ў РДК, у фае якога засцілаўся дыван, ставіўся спецыяльна накрыты святочным абрусам стол і маладых сустракала прыбраная і адначасова афіцыйная Вольга Уладзіміраўна Сырэль. Выконваліся ўсе традыцыйныя народныя абрады – маладыя станавіліся на ручнік (была такая прыкмета – хто першы, той і будзе кіраваць у сям’і), кляліся ў вернасці, танцавалі вальс, а на парозе дома хлебам-соллю сустракала нас матуля. Памятаю, што добра пасыпала я лусту, каб потым было толькі салодкім жыццё. А перад гэтым, як і ўсе ўшацкія маладажоны, мы ехалі да нашай святыні – на мемарыяльны комплекс “Прарыў”, каб ускласці кветкі.

Прафесійнага тамады на нашым вяселлі, канечне, не было, аднак мая сведка настолькі выдатна прадумала праграму з гульнямі і конкурсамі, што весяліліся ад душы, гулялі ў нашай вясковай хаце ў Лутаве Сяльцы. Іграў нам маршы і песні Сцяпан Пятровіч Ануй, фатаграфаваў Віктар Мікалаевіч Ярмош. Павіншаваць свайго спецыяліста дэлегавалі старшыню прафсаюзнай арганізацыі ПМК-50 Л.І.Мошкіну. І зараз захоўваецца падарунак арганізацыі – вялікая крыштальная ваза. Дабра памятаю і яшчэ адну традыцыю. Падчас вяселля маладыя прасілі благаславення ў бацькоў на тое, каб называць іх татай і мамай. Ніколі больш я не назвала свёкра і свякроў па імя і імя па бацьку.

Адразу пасля вяселля мы адправіліся ў падарожжа на мора. Калі вярнуліся – мужу як сямейнаму далі службовае жыллё, непрацяглы час мы пажылі на Ленінскай,2, а потым атрымалі двухпакаёвую кватэру па Фрунзе. Муж на той час ужо працаваў інструктарам райкама партыі.

Адно з вясельных пажаданняў нам было такім: вялікага кахання, згоды, шчасця бочку, сына і дачку. Менавіта так усё і атрымалася. Мы пражылі шчаслівых сем год. Самых шчаслівых у маім жыцці. Нарадзіліся Дзяніс і Насця, якія, на вялікі жаль, рана асірацелі. Далей я адна гадавала дзяцей, выканала наказ мужа – дала ім вышэйшую адукацыю. І зараз ганаруся імі, як ганарыўся б і мой Сцяпан Іванавіч. Дзяніс скончыў Гомельскі ўніверсітэт транспарту і працуе галоўным механікам у аддзяленні Беларускай чыгункі ў Баранавічах, яго здымак знаходзіцца на Дошцы гонару аддзялення, двойчы станавіўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў, мае граматы міністэрства. Дачка пайшла па маіх слядах – стала настаўніцай замежнай мовы. Але ў яе свая кар’ера – зараз ужо працуе спецыялістам у Смалявіцкім райвыканкаме.

Абаім справілі вяселлі. Не параўнаць іх белых лімузінаў з “Жыгулямі” на маім вяселлі, якія мы ўпрыгожвалі стужкамі і ўзятымі на пракат у камбінаце бытавога абслугоўвання кольцамі. У нас картэж складаўся з машын знаёмых, родных мужа з Баранавіч і Пінска, а маладыя ехалі на самай лепшай – “Жыгулях” Сяргея Міхайлавіча Мялешкі з нумарам 39-39. Не параўнаць убораў нявест, хоць у мяне была прыгожая сукенка з элементамі вышыўкі, паколькі сястра працавала ў атэлье Наваполацка. Ды і самі вяселлі зараз праходзяць па сцэнарыях, аднак, як і ў нас – з народнымі традыцыямі. Дачку, напрыклад, пасвячалі ў гаспадыню – свякроў здымала фату і апранала ёй фартух і касынку. Як і раней правяраюць, наколькі гатовыя муж ды жонка да бацькоўства – спавіваецца лялька. Ну а на вяселлі сына нават была прывезена кузня, на якой ён каваў сваё сямейнае шчасце.

У адным са сваіх сачыненняў на нямецкай мове дачка напісала: мая маці ніколі не скардзілася на свой лёс, паколькі лёс робіць нас моцнымі і мужнымі.

Мой сямейны лёс быў шчаслівым. На ўсё жыццё мы захавалі выдатныя  адносіны з бацькамі мужа, яго роднымі. А сёння – на свой юбілей, я буду прымаць віншаванні ад самых дарагіх для мяне людзей – чатырох дзяцей і чатырох унукаў. Нашага са Сцяпанам працягу.

А.Сільчанкава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *