Многодетная семья Клотченко считает, что браки заключаются на небесах

Общество

Маленькая аднапакаёвая кватэра ў адным з дамоў гарпасёлка сустрэла нас… вачамі, як у вядомай казцы “Разумная дачка”. Памятаеце загадку, дзе адгадкаю былі дзеці ў хаце, якія цікуюць з акон, назіраючы за незнаёмым, што заходзіць у двор? Прыкладна так адбылося і наша нядаўняе знаёмства з сям’ёй Івана і Анастасіі Клотчанкаў.

Сціплы, але з густам інтэр’ер, вокны блішчаць вымытымі шыбамі, а на парозе нас чакае гаспадыня – прыгожая, са светлым прыветлівым позіркам. Услед за ёй, нібы хвосцікі, з цікаўнасцю разглядаюць госцю маленькія Міша і Маша. У хуткім часе з’яўляецца на парозе і сам гаспадар.

У тым, што шлюбы заключаюцца на нябёсах, героі нашага аповеду ніколькі не сумняваюцца. Інакш як яшчэ можна патлумачыць саюз гэтых, здавалася б, розных людзей?! Анастасія – ураджэнка Мінска, была адзіным дзіцем у сваіх бацькоў. У дастаткова раннім узросце выйшла замуж (праўда, шлюб аказаўся няўдалым і хутка разваліўся), нарадзіла дачушку Лізу, уладкавалася на працу ў сталічную друкарню. Агні вялікага горада, як зараз прызнаецца Насця, ніколі не былі для яе чымсьці асаблівым. Напэўна, таму нават і не вагалася, калі будучы муж катэгарычна заявіў: “Жыць будзем выключна на Ушаччыне!” Іван, зразумела, – наш, мясцовы. Выхоўваўся ў мнагадзетнай сям’і. Сваё прызванне знайшоў у органах унутраных спраў, дзе за шматлікімі дзяжурствамі часам забываўся пра ўласнае жыццё. У рэдкія ж выхадныя любіў пасядзець за камп’ютарам.

Зрэшты, менавіта інтэрнэт стаў “сувязным” паміж маладымі людзьмі. Пазнаёміліся Іван і Анастасія выпадкова ў адной з сацыяльных сетак, некаторы час перапісваліся, сустрэліся… і зразумелі, што заўсёды шукалі адзін аднаго. Вяселле згулялі праз год, а хутка на свет з’явіўся Міша. Дадало радасці Клотчанкам і нараджэнне самай маленькай Машы. Сёлета ж вялікая сям’я адсвяткавала першы юбілей – пяцігадовы саюз закаханых сэрцаў ці драўлянае вяселле.

Іван і Анастасія жывуць вельмі дружна. Спачатку ва Ушачах здымалі жыллё, пазней ад райаддзела ўнутраных спраў ім далі кватэру. Ну а зараз Клотчанкі рыхтуюцца да чарговага і такога чаканага наваселля – па месцы працы галавы сям’і, участковага інспектара міліцыі, ім выдзелілі прасторны дом у Глыбачцы Глыбачанскага сельсавета.

– У мяне асобны пакой будзе! – падзяліўся з намі сваёй радасцю пяцігадовы Міша. – Ліза з Машай будуць у другім, там усё як для дзяўчат. А тут усё па маім гусце!

Сапраўды, рамонт на новым месцы ўжо зроблены. Радуе гаспадароў і наяўнасць там вялікіх зямельных плошчаў – для градак і шматлікіх гаспадарчых пабудоў адназначна хопіць. Зрэшты, маладыя людзі і зараз трымаюць гаспадарку, апрацоўваюць агарод ля бацькоўскага дома Івана. У Глыбачцы ж плануюць яшчэ актыўней узяцца за гэтую патрэбную справу. Так, як гэта робяць іх сябры, мясцовыя жыхары і неаднаразовыя ўдзельнікі сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” Алена і Васіль Камовічы.

Нягледзячы на ўзрост, дастаткова самастойныя зараз і маленькія Клотчанкі. 10-гадовая Ліза, напрыклад, дасць фору нават прафесійнай няньцы – без праблем прыгледзіць за малышамі, пакорміць іх, калі трэба, памые і спаць пакладзе. Ну а для Мішы яна яшчэ і добры настаўнік – за цікавай дзіцячай гульнёй хлопчык ужо навучыўся лічыць і нават ведае табліцу множання.

– Напэўна, спецыяліст па праграміраванні вырасце, – расказваюць пра сына бацькі. – За камп’ютар сеў, калі яшчэ і трох гадоў не было. Мы, канечне ж, абмяжоўваем яго ў такім занятку, аднак бачым і станоўчы бок: у гульнях развіваецца лагічнае мысленне, ды і літары для набору на клавіятуры Міша вывучыў вельмі хутка.

Меркаваць, кім стане маленькая Маша, дарослыя пакуль не бяруцца. А вось ласун яна асаблівая! Не паспелі бацькі схаваць пакет з цукеркамі, ведай – дзяўчынка там. Ды і наша з ёй сустрэча аказалася надзвычай “кантактнай” у многім дзякуючы атрыманаму ёй ласунку.

Так прайшло наша знаёмства з Іванам і Анастасіяй Клотчанкамі, чый дом напоўнены шчаслівымі галасамі дзяцей, якія для мамы і таты здаюцца найлепшай музыкай. Пакуль малыя растуць і сталеюць, бацькі клапоцяцца, каб яны пайшлі ў жыццё дастойнымі людзьмі, дружнымі ў адносінах. Тут не дзеляць абавязкі на мужчынскія і жаночыя, працуюць усе. А самыя добрыя і цёплыя словы ўсё ж адрасуюць жонцы і маме, якая раней за ўсіх пачынае завіхацца па гаспадарцы, сочыць за парадкам у доме і радуе ўсіх сваімі салодкімі прысмакамі за вялікім сямейным сталом.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *