Вельмі хутка пачнуцца летнія канікулы – любімая пара школьнікаў. Для работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях праца з падрастаючым пакаленнем ужо даўно стала адным з прыярытэтных напрамкаў у сваёй дзейнасці. Вось і ў гэтым годзе з 12 мая па 2 чэрвеня ва ўсіх гарадах і раёнах нашай праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “Не пакідайце дзяцей адных!”, прымеркавана яна да Міжнароднага дня сям’і і дня абароны дзяцей. Мэтай правядзення гэтай акцыі з’яўляецца не толькі прыцягненне ўвагі да праблемы дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах, а і зніжэнне колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей і забеспячэнне іх агульнай бяспекі дома, на вуліцы, пры адпачынку на прыродзе і на вадаёмах.
Ушацкія выратавальнікі сумесна з райкамам БРСМ ужо правялі прафілактычнае пазнавальнае мерапрыемства ў дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Арэхаўне. Але толькі гэтым акцыя, канечне, не абмяжуецца. Як нам паведаміў інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях В.Карэйша, мерапрыемства забаўляльна-прафілактычнага характару запланавана і ў дзіцячым аддзяленні райбальніцы, дашкольных установах, выступяць на бацькоўскіх сходах па гэтай актуальнай тэме супрацоўнікі РАНС і ва ўстановах адукацыі. Пра бяспеку дзецям і іх бацькам нагадаюць і ў рамках раённага свята да дня абароны дзяцей.