Юбілей Ганны Кухто

Общество

Праднавагоднія дні для дырэктара Кубліцкай сярэдняй школы Ганны Канстанцінаўны Кухта вельмі хвалюючыя. Нядаўна яна адзначыла юбілей, прычым, упершыню ў вельмі незвычайнай атмасферы: з удзелам родных, калег, сяброў. Так захацеў муж. Сама яна не любіць увагі да сябе. Віншаванні ішлі доўга. Усё гэта вынік дастойнага жыцця, у якім яна стрыманая і дзелавая, сціплая і мудрая, адкрытая для акружаючых.

Гэтыя дні для дырэктара школы і клопатныя. Ідзе рамонт. Такая магчымасць з’явілася ў рамках надання Кублічам статуса аграгарадка.

Штогод, канечне, педагагічны калектыў не сядзеў склаўшы рукі: да кожнага навучальнага года настаўнікі і тэхнічныя работнікі разам з дырэктарам фарбавалі, клеілі, прыбіралі. І школа займала прыкметныя месцы па выніках падрыхтоўкі да навучальнага года.

Аб стварэнні добрых умоў для работы і вучобы – зразумела, пастаянна клапоціцца Ганна Канстанцінаўна. І сваім удзелам у канкрэтных гаспадарчых справах педагогі вучаць дзяцей не быць абыякавымі да ўтрымання школы. Наогул, расказвае яе дырэктар, працоўнаму выхаванню надаецца важнейшае значэнне. І зразумела, бо сельская навучальная ўстанова проста абавязана арыентаваць дзяцей на прафесіі, звязаныя з сельскай гаспадаркай, сацыяльнай сферай, на тое, што становіцца блізкім ім з дзяцінства. Вось і сёлета Ганна Канстанцінаўна задаволена, што ў Полацкі аграрны каледж паступіла Наталля Салавей, у гандлёвы – Алена Вацьковіч, Віцебскі політэхнічны – Аляксандр Жаваранак, Аршанскі медкаледж – Анастасія і Ягор Пагрэбенныя. Алена Цярэшчанка вучыцца на повара, Артур Тамеян – на токара. Анастасія Баратынская стала студэнткай Мінскага педуніверсітэта імя М.Танка, аддзяленне псіхалогіі. Такім чынам, кожны выпускнік абраў сабе прафесію і авалодвае ёю. Зразумела, што гэта – вынік мэтанакіраванай працы педагагічнага калектыву.

Для школы пахвальна, што яе вучні стабільна з’яўляюцца ўдзельнікамі алімпіяд па працоўным навучанні, тэхнічнай працы, дзякуючы настаўнікам Міхаілу Мікалаевічу Матвіенка і Таісіі Фёдараўне Качан. Усё, чаму яны вучаць дзяцей, абавязкова спатрэбіцца ім у жыцці.

Калі дырэктар школы расказвае пра калектыў наогул, то прыкмячае, што ў асноўным педагогі вопытныя, але ідзе і абмаладжэнне. У мінулым годзе настаўніцай пачатковых класаў прыйшла працаваць выпускніца педкаледжа Таццяна Віктараўна Ярмош, якая сёлета стала яшчэ і педагогам-арганізатарам. Яна ўлілася ў калектыў, дапоўніла яго добрую маральную атмасферу.

Мне захацелася пачуць ад дырэктара школы, як ушаноўваецца памяць пра нашага знакамітага земляка Васіля Быкава. Ганна Канстанцінаўна расказала, што піянерская дружына носіць яго імя, створаны куток, прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка і грамадскага дзеяча, бібліятэка папоўнілася новымі кнігамі.

Вясковая школа. Задача педагогаў – выхаваць сваіх вучняў, каб ні ў асноўных ведах, ні ў агульным развіцці яны не ўступалі гарадскім. А ўвогуле аб параўнанні весці размову не трэба, калі самі настаўнікі – на ўзроўні.

Педагогіка для сям’і Ганны Канстанцінаўны – прафесія не рэдкая. Яе абрала некалі бабуля, значна пазней – дачка (зяць таксама). Так што ў трох пакаленнях ужо праявіліся здольнасць і ўменне даносіць свае веды іншым. А пашана да любой працы прыйшла да Ганны Канстанцінаўны ад бацькоў. Яны ж былі людзі простыя: вадзіцель і хатняя гаспадыня. Бацька шмат аддаваў рабоце ў калектыве, мама – дзецям, якіх у сям’і было чацвёра.

Уваходжанне ў прафесію для Ганны Канстанцінаўны адбывалася на Ушаччыне. Сюды яна прыехала пасля заканчэння педінстытута з мужам на яго радзіму. Працавала ў Маладолецкай, Мосарскай школах. Але душой прыкіпела да Кубліцкай. Зразумела, бо тут яна – кіраўнік педагагічнага калектыву, а гэта выходзіць за рамкі яе настаўніцтва.

Ёсць і яшчэ адно.

– Школа ў вёсцы, – гаворыць Ганна Канстанцінаўна, – гэта ачаг культуры, інтэлігентнасці, прыстойнасці. У крайнім выпадку, мы ўвесь час імкнёмся, каб так было.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *