На пінжаку Марыі Іванаўны Дворка шмат медалёў, большасць з якіх да юбілейных дат Вялікай Перамогі, асобна сярод іх вылучаецца ордэн Вялікай Айчыннай вайны. Гэтую ўзнагароду пажылая жанчына лічыць самай каштоўнай, а прыгадваючы ваеннае ліхалецце, як і многія ветэраны, прыкметна хвалюецца.
– Усё маё жыццё звязана з вёскай Старое Сяло, – першае з чаго пачынае свой аповед Марыя Іванаўна, – у нашай сям’і было сямёра дзяцей, я – самая малодшая. Добра памятаю, як пачалася вайна, тады мне было 16 гадоў. Немцы прыходзілі ў вёску, хадзілі па хатах: прасілі, а калі-небудзь забіралі прадукты, вельмі любілі яны яйкі. Даводзілася аддаваць апошняе, а самім часам есці аладкі з травы ці дзяліць адну бульбіну на некалькіх чалавек…
Двое братоў Марыі разам з мужчынамі працаздольнага ўзросту пайшлі на фронт. Аднойчы, даведаўшыся, што некаторыя з землякоў трапілі ў лагер пад Лепелем, яна падумала, што, магчыма, там знаходзяцца і яе родныя. Пешшу некалькі разоў хадзіла туды, але знайсці братоў ні тады, ні пазней не ўдалося – яны загінулі, абараняючы родны край.
Аднойчы маладая дзяўчына і сама трапіла ў той самы лагер пад Лепелем, але прабыла там крыху больш сутак – пашчасціла ўцячы, калі немцы прымушалі працаваць. Вярнуўшыся дадому, дзяўчына цвёрда вырашыла пайсці ў партызаны.
– Дапамога нам лішняй не будзе – казалі мне, прымаючы ў сваю “партызанскую сям’ю”. Маёй асноўнай задачай было шыццё абмундзіравання – гэтую здольнасць я яшчэ да вайны пераняла ад сваёй старэйшай сястры. А калі-небудзь мне даручалі і куды больш сур’ёзныя заданні – схадзіць у разведку. У Бароўцы, што на Лепельшчыне, жыла адна з маіх сясцёр і я пад выглядам наведвання родных пешшу накіроўвалася туды, высвятляла абстаноўку ў населеным пункце, акупіраваным ворагамі, – прыгадвае свае партызанскія гады Марыя Іванаўна.
Некаторы час М.І.Дворка была і ў добра вядомай брыгадзе Дубава. Ва ўрочышчы Істопішча каля вёскі Завыдрына, што знаходзіцца непадалёк ад яе роднага Старога Сяла, у 1942-м годзе была створана партызанская брыгада. Зараз аб гэтым нагадвае мемарыяльны знак. “У пасляваенныя гады, калі была маладзейшая, перыядычна наведвала гэтае месца, каб аддаць даніну павагі тым, хто набліжаў Перамогу”, – з сумам у голасе гаворыць жанчына.
Пасля вызвалення Беларусі ў 1944-м Марыя Іванаўна працавала тэлефаністкай у ваеннай часці ў Бароўцы, а калі ў 1945-м скончылася Вялікая Айчынная вайна, вярнулася ў сваю вёску. Падчас працы ў часці жанчына пазнаёмілася з салдатам-украінцам, маладыя людзі пажаніліся, але калі паўстала пытанне пераезду, Марыя аддала перавагу родным мясцінам, а яе абраннік вырашыў вярнуцца на сваю радзіму, пазней атрымала вестку, што ён загінуў…
Адраджаліся вёскі, у іх адкрываліся школы і Марыя Іванаўна, скончыўшы курсы, выкладала ў школах у Старым Сяле і Жарах фізічную культуру.
Яна так і не стварыла новую сям’ю, ужо больш шасці гадоў знаходзіцца не ў сваёй роднай хаце, а ў аддзяленні кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў у аграгарадку Вяркуды.
– Здароў, мой сусед, таварыш, ветэран! Чаму я цябе раней не ведала? – вітае Марыя Іванаўна Рамана Васільевіча Мялешку з Воцькавіч, які таксама жыве ў аддзяленні. Хоць яны і аднагодкі, мужчына куды слабейшы – ваенныя гады наклалі адбітак на здароўе ветэрана.
Яны ўнеслі свой уклад у Перамогу, каб мы маглі жыць пад мірным небам. Для абаіх гэтых ветэранаў свята 9 Мая адно з самых галоўных, а для Марыі Іванаўны нават двайное – 8 мая яна святкуе свой дзень нараджэння.
Вольга КАМАРКОВА.