“Вунь там ля яблынькі і бэзу – брацкая магіла, у якой пахавана дванаццаць чалавек. Так расказваў мне муж. Мясцовых жыхароў забораўцы закапалі асобна, паставілі помнік, ён даглядаецца, а астатнія забітыя – у іншай брацкай магіле. Яна яшчэ бачна, хочацца, каб была абнесена агароджай. Пакуль жывая, магу паказаць месца, але ж і мне ўжо 89-ы год”.
Зінаіда Іванаўна Аўдзін не лічыцца ні ўдзельніцай Вялікай Айчыннай, ні вязням, хоць дакладна можа расказаць як пра зараджэнне партызанскага руху, так і пра яго заканчэнне. Тым больш што мае выдатную памяць. Так сталася, што яна была ля вытокаў стварэння першай брыгады Дубава, а ўсё дарослае жыццё пражыла ў вёсцы, дзе праходзіў прарыў.
Забораўна. Абеліскі тут стаяць па ўсёй вёсцы – на агародах, пасярод поля, на ўзлеску і нават у дварах – мясцовыя жыхары вярнуліся пасля двухтыднёвага палону і знайшлі сваіх родных там, дзе засцігла іх куля. Пераносіць на могілкі целы было немагчыма і хавалі нябожчыкаў дзе яны ляжалі, а значыць – па ўсёй вёсцы. Карнікі, раз’юшаныя за сваіх пабітых салдат, 4 мая расстралялі ўсё мужчынскае насельніцтва, уключаючы нават хлапчукоў. Муж Зінаіды Іванаўны – Аркадзь Рыгоравіч, выжыў, бо хаваўся з хлопцамі ў лесе. Калі прыйшоў – гарэла хата. А потым быў палон, канцэнтрацыйны лагер у Аўстрыі.
Страшная гісторыя Забораўна стала для яе сваім болем. Хоць і сама падлеткам зведала нямала.
Яшчэ да вайны бацьку прызначылі кіраваць смалакурным заводам і яны з Завыдрына пераехалі ў Закуткі – невялікі населены пункт на 5 хат. Размяшчаўся ён у лесе паміж Завячэллем і Слабадой, зусім побач з месцам дыслакацыі першага партызанскага атрада, а потым брыгады Дубава. Маці варыла есці на невялікую спачатку колькасць партызан, яны прыходзілі мыцца ў лазні. А калі перадыслацыраваліся на Валову гару ў Чашніцкім раёне, разам з імі пайшоў і бацька. На руках маці засталося трое дзяцей, самай старэйшай 1928 года нараджэння была Зінаіда.
– У маі 1944-га мы разам з іншымі рушылі да чыгункі. Усе так і казалі, “калі дойдзем да яе – будзем жыць”. Колькі было народу ў Пушчанскім лесе – не злічыць. Там, пад Самоўкай, нас і пачалі бамбіць. Маці як птушка прыхінула мяне з сястрой, схавала галовы, закрывала сабой. Так і была паранена ў абедзве рукі. Што тварылася пасля бамбёжкі… Мноства забітых, безліч параненых, людзі з разарванымі жыватамі прасілі іх прыстрэліць.
Да чыгункі Зінаіда Іванаўна ўсё ж дабралася, праўда, ужо ў складзе палонных, якіх гналі ад Пышна да Лепеля. Там падлеткі будавалі чыгунку, выконвалі розныя іншыя работы, а спачатку гналі калону кароў, у ліку якіх і іх хатняя карміцелька. Трымалі ў бункерах і кармілі вадой і лустай хлеба з пілаваннем. Хочаш еш, хочаш не. Саслабелы арганізм падхапіў тыф, які каціў тады па нашай мясцовасці. Худыя, пастрыжаныя нагала, яны нагадвалі прывіды, на якія ўжо ніхто не звяртаў увагі. А хутка прыйшлі збавіцелі.
Чарговы ўдар чакаў дома. Меншых сястру і брата разам з маці адпусцілі раней. Жылі ў Завыдрыне ў бабулі, а ў адзін з дзён маці вярнулася ў сваю хату з Закуткі. Там яе разам з дзедам і параненым сваяком і расстралялі за сувязь з партызанамі. Трое дзяцей: Зінаідзе ішоў пятнаццаты год, а малодшаму – дзевяць, засталіся адны.
У асірацелую хату вярнуўся, дайшоўшы да Берліна, Іван Радзівонавіч Целяпень. Яго па-ранейшаму прызначалі кіраваць спачатку калгасам, потым смалакурным заводам. Разам з ім качавалі і дзеці: у Чашнікі, Забораўна. Там у 1948 і стварыла Зінаіда сваю сям’ю.
Родныя выдзелілі лазню, у якой зажываліся і будавалі свой дом. Сёння гэта дагледжаная сядзіба, на якой вісіць адпаведная шыльда. І ў хаце таксама бездакорны парадак, што сведчыць і пра гаспадыню, і пра яе дзяцей, якія вельмі часта наведваюць бацькаўшчыну. Шасцёра дзяцей нарадзіла Зінаіда Іванаўна, адказны жывёлавод, пяцёра выхавала, а дваіх ужо пахавала. “Як не лопнула сэрца”, – уздыхае жанчына, прыгадваючы свой лёс. І зноў дабаўляе: “Агароджу на месцы брацкай магілы трэба было б паставіць, пакуль памятаю месца”.
Сама яна разам з братам і сястрой яшчэ ў сямідзесятых паставіла помнік маці. Вялізных тры бярозы падказваюць сёння месца пахавання ў лясным масіве. І вось ужо які год наводзіць парадак і ўскласці кветкі ездзіць туды яе ўнучка з сям’ёй. Добрых нашчадкаў выхавала жанчына, годнае жыццё пражыла.
Вольга КАРАЛЕНКА.