Леонтий Феодосеевич Пискунович — самый молодой участник войны среди ушачан

Общество

Лявонцій Феадасеевіч Піскуновіч – самы малады ўдзельнік Вялікай Айчыннай сярод ушачан. Не па ўзросце, хоць і на свае дзевяноста мужчына не выглядае. Падцягнуты і нават маладжавы. Проста ў раёне з’явіўся зусім нядаўна, калі да сябе ў Двор Пліна з Глыбоцкага раёна яго прывезла дачка Вольга Лявонцьеўна Бутоўская.

Яна пераважна і расказвала пра ваеннае мінулае бацькоў, пастаянна прыпыняючы аповед з-за слёз:

– Ветэранамі вайны ў нашай сям’і была і мама, і бабуля – сувязная партызанскага атрада. Жылі мы блізка ад Глыбокага, а таксама ад лесу, дзе стаялі партызаны. Бабуляй хадзіла быццам да родных пазычаць рэчы, а на самой справе выведвала інфармацыю і перадавала ў атрад, дзе ваяваў яе сын, мой дзядзька Канстанцін. Аднойчы ён вызваліў палонных, а нехта са сваіх жа і выдаў яго паліцаям. Яны прыйшлі ў хату, на сцяне якой вісеў яго партрэт – лепшага доказу дачынення да партызан і не трэба. Так мама з бабуляй трапілі ў гестапа: іх дапытвалі дзе сын і брат. Яго шукалі і аднойчы акружылі. Дзядзька ўзарваў сябе гранатай. Адпушчаная бабуля адна рыдала над труной сына, што паставілі ў лазні, паколькі ў хату на той час немцы пасялілі іншых людзей.

Гэта боль і згуба нашай сям’і, а што тварылася на нашай зямлі! Яна стагнала ў літаральным сэнсе слова ад закапаных параненымі ці жывымі яўрэяў. У Барку, дзе было забіта 2 тысячы чалавек, зараз мемарыяльны комплекс.

Лявонцій Феадасеевіч жыў побач з чыгуначнай станцыяй Круляўшчызна. Раненне ў руку ён, 1925 года нараджэння, атрымаў яшчэ падлеткам, таму пасля вызвалення раёна не трапіў на фронт. Аднак зброю ў руках трымаў. Яе выдавалі ўсім, хто ахоўваў чыгуначны вузел, з якога адпраўляліся вагоны з боепрыпасамі. На гэтым аб’екце і служыў у 1944-1945-м гадах. Нічога гераічнага не здзяйсняў, хоць пільнасць мець трэба было пастаянна. На Глыбоччыне, якая толькі перад самай вайной увайшла ў склад БССР, хапала антысавецкіх элементаў, як вядома, бандыты дзейнічалі ў заходніх раёнах Беларусі яшчэ некалькі год пасля Перамогі. А спробы дыверсій на чыгунках – стратэгічных аб’ектах для арміі – былі нярэдкімі. Аднойчы падчас выбуху мог і не застацца ў жывых Лявонцій Феадасеевіч: на ім гарэла шынель.

Пазней ён атрымаў ваенную спецыяльнасць сувязіста, ды і большую частку жыцця прысвяціў службе ва ўзброенай ахове. На жаль, не можа пахваліцца добрай памяццю, не любіць вяртацца ў тыя часы. І па добраму ўсміхаецца, жадаючы нам, нашчадкам, мірнага неба і спакою.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *