У пятніцу адбылася трэцяя сесія раённага Савета дэпутатаў 26 склікання, на якой разглядаліся вельмі важныя для ўшачан пытанні. Асноўнае з іх – аб развіцці і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак грамадзян.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча А.Я.Вайцянкоў расказаў пра сітуацыю з развіццём падсобных гаспадарак у нашым раёне, аб дзяржаўнай падтрымцы тых, хто трымае жывёлу і агароды.
Пра прывілеі для сваіх работні- каў, якія трымаюць гаспадарку, а таксама пра льготы для мясцовага насельніцтва пры набыцці насення, маладняку, выдзяленні транспарту расказаў дырэктар КУСГП “Арэхаўна” Г.П.Грабоўскі. Падняў ён і праблемнае для гаспадаркі пытанне: часта пажылыя людзі звяртаюцца за дапамогай нават не дзеля таго, каб нарыхтаваць кармы, а проста каб скасілі пустазелле ля дома, каб быў парадак. А ля гэтага ж дома ў выхадныя ўбачыш некалькі машын дзяцей з гарадоў.
Старшыня Глыбачэнскага сельскага Савета дэпутатаў Л.В.Храмцова расказала, што 65 працэнтаў вясковых жыхароў не трымаюць падсобную гаспадарку, хоць сельгаспрадпрыемства аказвае дапамогу ў апрацоўцы агародаў, выдзяляе арганіку, насенне таксама прадае і Ульскае вучылішча. Для апрацоўкі агародаў Людміла Валянцінаўна прыцягвае таксама прыватнікаў, якія маюць тэхніку.
Аднак па выніках апытання, якое праводзіў аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама, каб выявіць, што стрымлівае ініцыятыву людзей у развіцці падсобнай гаспадаркі, адным з асноўных фактараў людзі называлі адсутнасць здароўя.
Намеснік старшыні райспажыўтаварыства Ю.Ф.Хоміч сказаў, што кожны год павялічваецца закупка жывёлы, лішкаў агародніны і ягад у насельніцтва, сёлета мяркуецца набыць на 1 мільярд 160 мільёнаў рублёў, загадзя заключаюцца дагаворы, каб людзі былі ўпэўнены ў гарантаваным збыце.
Упраўляючая аддзялення “Белаграпрамбанка” Г.А.Цісковіч расказала пра крэдыт, які выдаецца для падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак, пра што газета паведаміць чытачам асобна.
Задаваліся пытанні наконт цяжкасці апрацоўкі агародаў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В. Пашковіч адказала, што пакуль самы распаўсюджаны варыянт – гэта платнае аказанне паслуг сельгаспрадпрыемствамі раёна пры ўмове, што тэхніка не будзе задзейнічана на вытворчыя патрэбы. Аднак будуць шукацца і іншыя варыянты, бо развіццё асабістай гаспадаркі знаходзіцца на пастаянным кантролі старшыні раённага Савета дэпутатаў, даводзілася займацца і скаргамі наконт якасці здаваемага малака і аплаце. Распараджэннем старшыні райвыканкама створана рабочая група па кантролі за якасцю малака, якое рэалізуецца насельніцтвам. Яна і расставіць кропкі над “і” паміж здатчыкамі і прыёмшчыкамі. Распрацавана абласная праграма развіцця асабістых падсобных гаспадарак.
На сесіі таксама зацверджаны Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый гарадскога пасёлка Ушачы і населеных пунктаў Ушацкага раёна, Праграма дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва ва Ушацкім раёне на 2010-2012 гады, якія таксама будуць надрукаваны на старонках газеты.
В.КАРАЛЕНКА