Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Падчас сустрэчы Прэзідэнту было зададзена больш за дзясятак розных пытанняў, якія датычацца развіцця вёскі, лібералізацыі дзелавой актыўнасці, перспектыў функцыянавання новага бязвізавага пяцідзённага рэжыму, развіцця рынку каштоўных папер, а таксама міжнароднай тэматыкі.
Значнасць сёлетняга года
Прэзідэнт адзначыў, што арыенцірам для пераадолення праблем і вываду краіны на новы ўзровень развіцця служаць рашэнні пятага Усебеларускага народнага сходу. “Неабходна навярстаць упушчанае і выйсці на зададзеныя параметры па выніках першых двух гадоў пяцігодкі. Таму 2017-ы набывае асаблівую значнасць”, – заявіў кіраўнік дзяржавы. “Я ўжо гаварыў: іншага такога года не будзе, – дадаў Прэзідэнт. – Не зробім хаця б паўкроку наперад, баюся нават гаварыць, што можа адбыцца”. “Калі мы не зможам знайсці дадатковыя магчымасці для павелічэння паставак беларускай прадукцыі за мяжу, то цяжка будзе падняць нашу эканоміку на новы ўзровень. Таму трэба задзейнічаць усе рычагі для вытворчасці якасных, канкурэнтаздольных тавараў з высокай дабаўленай вартасцю”, – запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Паралельна неабходна ажыццяўляць дыверсіфікацыю экспарту, як бы ні было гэта складана. “Аднак рабіць гэта трэба без урону для нашых пазіцый на традыцыйных рынках, перш за ўсё, у Расійскай Федэрацыі. Дастаткова сказаць аб праграмах па імпартазамяшчэнні, да ўдзелу ў якіх нядаўна ў Санкт-Пецярбургу запрасіў нас і Прэзідэнт Расіі. Гэта ўпершыню прагучала з яго вуснаў. Калі ўвялі санкцыі, Расія зразумела каштоўнасць Беларусі ў тым плане, што беларуская эканоміка можа быць запатрабавана ў Расіі, у тым ліку па імпартазамяшчэнні”, – дадаў кіраўнік дзяржавы.
Экспарт, інвестыцыі
“На сённяшні дзень наша жыццёвая неабходнасць – гэта нарошчванне экспарту і прыцягненне інвестыцый. Мы павінны паказаць усяму свету, што здольны функцыянаваць як суверэнная незалежная дзяржава. “Першае, што нам трэба зрабіць, – змяніць стаўленне да інвестараў. Не ўладальнік капіталу павінен хадзіць па кабінетах, каб укласці ў Беларусь свае грошы, а мы абавязаны забяспечыць яму зялёную вуліцу ў краіне. Усе пытанні павінны вырашацца аператыўна!” – запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Чалавечы капітал
з’яўляецца для нас самай высокай каштоўнасцю. “Паколькі гэта інвестыцыі ў будучыню. Здаровая, адукаваная нацыя з багатай культурай – аснова паспяховай дзяржавы”, – падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт нагадаў, што незалежная Беларусь была і застаецца дзяржавай для народа, дзе ўсе намаганні ўлады павінны быць сканцэнтраваны на дасягненні галоўных мэт – сацыяльнай справядлівасці, павышэння якасці жыцця людзей і іх дабрабыту. “Мы абвясцілі гэты прынцып яшчэ ў самым пачатку свайго суверэннага шляху і за чвэрць стагоддзя ні разу ад яго не адступілі. І адступаць не будзем”, – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Суверэнітэт і бяспека
“Вы павінны разумець, што для мяне і для ўсіх прадстаўнікоў органаў улады, якія сядзяць тут, і пераважнай большасці беларускага народа стабільнасць, бяспека нашай дзяржавы, незалежнасць і суверэнітэт – гэта святое. І калі нехта на гэта замахнецца, мы прыменім усю моц нашай дзяржавы. Мы не паглядзім на тое, як нас потым ацэняць”, – сказаў Прэзідэнт.
Лібералізацыя эканомікі
Лібералізаваць эканоміку трэба настолькі, каб не страціць кіруемасць. “Апошнім часам задумваюся, можа, я адстаў ад жыцця, можа, залішне перастрахоўваюся. Дык вы мне падкажыце, – адзначыў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да парламентарыяў. – Дакументы гэтыя (пакет дакументаў аб спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу. – Заўвага БЕЛТА) не падпісаны, не прыняты. Але калі вы падтрымліваеце маю канцэпцыю, што мы не павінны страціць кіруемасць, лібералізуючы, то мы з вамі дамовімся”.
Шаўковы шлях
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у сусветнай эканоміцы адбываюцца фундаментальныя трансфармацыі. Разам з магутнымі сацыяльна-эканамічнымі выклікамі і дысбалансамі ўзнікаюць і новыя глабальныя праекты супрацоўніцтва з адкрытай архітэктурай, такія як эканамічны пояс Шаўковага шляху. “Беларусь не можа застацца ў баку ад гэтых працэсаў. Мы павінны стаць адной з вузлавых платформ новага Шаўковага шляху ў Еўразійскім рэгіёне. Тым больш, нам прапануюць гэта нашы кітайскія партнёры. Максімальна выкарыстоўваць усе стымулы, якія прадастаўляе Кітай, пашыраючы гэту ініцыятыву”, – заявіў беларускі лідар.
Кошт квадратнага метра
“Сёння будаўніцтва аднаго квадратнага метра ў сярэднім па краіне абыходзіцца ў $500, крыху вышэй. Але гэта вышэй, чым сярэдняя зарплата. І дзяржава абавязана рэагаваць. Таму даручаю ўраду забяспечыць рэалізацыю прынцыпу: цана аднаго квадрата не павінна быць вышэйшай за сярэднямесячны заработак”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Арэнднае жыллё
“Цяпер павялічваецца попыт на арэнднае жыллё, які перавышае прапанову, асабліва ў Мінску і іншых вялікіх гарадах. Ураду і губернатарам даручаю павялічыць аб’ёмы такога будаўніцтва як за кошт дзяржавы і ўласных сродкаў арганізацый, так і з прыцягненнем прыватнага капіталу”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што за апошнія гады нямала кватэр і дамоў пабудавана з дзяржпадтрымкай, у асноўным для шматдзетных сем’яў, а таксама сацыяльна неабароненых грамадзян. “У бягучым годзе такі падыход павінен захавацца ў большым аб’ёме, але пераважная большасць беларусаў павінна разлічваць і на ўласныя сілы. Для гэтага дзяржава прадастаўляе нямала варыянтаў”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Новая канцэпцыя Дэкрэта №3
Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць зрабіць вывады па сітуацыі па Дэкрэце нумар 3. “Патрэбна новая канцэпцыя – прымусіць кожнага працаваць”, – заявіў ён. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў краіне налічваецца амаль 350 тыс. чалавек, не занятых на рынку працы. “А наогул гэта 500 тыс. чалавек – 150 тысяч мы па розных прычынах вызвалілі ад “цяжару” працаваць”… Таму патрэбна новая канцэпцыя – прымусіць кожнага працаваць”.
Паслугі ЖКГ
“Хачу папярэдзіць: павышэнне тарыфаў можа быць апраўдана толькі пры ўмове павышэння якасці абслугоўвання і зніжэння затрат, а таксама пры росце заработнай платы, даходаў насельніцтва”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў Беларусі ўкаранёны безнаяўныя жыллёвыя субсідыі. “Мною даручана яшчэ раз вывучыць, як дзейнічае гэта сістэма. Калі трэба, прымем дадатковыя меры”, – сказаў Прэзідэнт.
Інфармацыйныя тэхналогіі
“Яшчэ адной кропкай росту з’яўляецца паўсюднае ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій. Яны ўжо шырока прымяняюцца ў ахове здароўя, адукацыі, банкаўскай сферы, на мытні. Ва ўжытак увайшлі электронны рэцэпт, школьны электронны дзённік, электронны банкінг, – адзначыў Прэзідэнт. – Але свет не стаіць на месцы. Нам неабходна больш актыўна ўкараняць інфарматызацыю ў сферы бытавых паслуг, гандлі, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, на транспарце, скарачаць папяровы дакументаабарот”.
Кантроль за цэнамі
“Важны элемент – кантроль за цэнамі на спажывецкія тавары і паслугі першай неабходнасці. У 2016 годзе мы змаглі не дапусціць іх істотнага росту. Аналагічная сітуацыя складваецца і цяпер. Кантроль будзе прадоўжаны”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У краіне створана Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у абавязкі якога ўваходзіць маніторынг цэн на спажывецкім рынку.
Ордэн сям’і
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову аб заснаванні ордэна сям’і для бацькоў, якія выхоўваюць пяцярых і больш дзяцей. Гэта ўзнагарода прызначана павысіць прэстыж сям’і і абодвух бацькоў у выхаванні дзяцей. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што неабходна пашыраць меры, накіраваныя на падтрымку сям’і, бацькоў і дзяцей.
Беларусь і Расія:
Для Беларусі і Расіі не час спрачацца, трэба дагаворвацца па ўсіх пытаннях. Прэзідэнт адзначыў, што ўсе перавагі дзвюх краін закладзены ў дакументах, прынятых у Саюзнай дзяржаве і Еўразійскім эканамічным саюзе. Застаецца проста імі кіравацца, рэалізуючы дамоўленасці, якія ў іх прапісаны. У той жа час, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, з расійскага боку перыядычна можна пачуць папрокі ў адрас Беларусі. “Нас крыўдзіць вельмі, калі нам у Расіі нехта гаворыць, што мы ледзь ці не за іх кошт жывём, мы зноў чагосьці просім, вымольваем і гэтак далей. Нічога падобнага. Кіраўніцтва Расіі так не думае”, – падкрэсліў Прэзідэнт. “Мы не нахлебнікі. Падтрымліваючы нас, вы падтрымліваеце сябе, па-першае, а па-другое, адзінае, чаго мы хочам, – каб у нас былі аднолькавыя ўмовы для работы”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе фарміраванне адзіных рынкаў у ЕАЭС.
Праблемы маленькіх вёсак
Пры вырашэнні праблем маленькіх вёсак трэба ісці ад жыцця, У Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю вёскі, і ў першую чаргу аграгарадкоў, цэнтральных сядзіб гаспадарак. Што датычыцца развіцця маленькіх, так званых неперспектыўных вёсак, то падыход тут павінен быць індывідуальны. Прэзідэнт падкрэсліў, што размова ідзе не пра эканомію грошай у сувязі з закрыццём школ, а менавіта пра якасць адукацыі. Разам з тым ён заявіў, што калі невялікая школа ўкамплектавана і там створаны добрыя ўмовы для навучання, то нельга прымаць рашэнне аб яе закрыцці. Неабходна зыходзіць з мэтазгоднасці ў кожным канкрэтным выпадку. Тое ж самае датычыцца функцыянавання сельскіх дамоў культуры, ФАПаў.
Бязвізавы рэжым
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключае ў перспектыве магчымасці пашырэння геаграфіі дзеяння бязвізавага рэжыму, але пры ўмове ўзгаднення з расійскімі калегамі.. Кіраўнік дзяржавы лічыць важным прынятае рашэнне аб пяцідзённым бязвізавым рэжыме, дзякуючы якому павялічылася колькасць замежных гасцей, якія прыязджаюць у краіну. Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што прыкладна праз год-паўтара дзеяння бязвізавага рэжыму, магчыма, будзе разгледжана пытанне пашырэння геаграфіі краін, але пры гэтым ні ў якім разе не на шкоду сістэме бяспекі.
Працягласць жыцця
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што важнай задачай з’яўляецца павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця ў краіне. “У бягучым годзе яна павінна набліжацца да 75 гадоў. 74 — жалезна. Але гэта для нас не мяжа”,– сказаў ён. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, ні адна дзяржаўная сацыяльная праграма не была і не будзе спынена. Будуць пастаянна ўдасканальвацца метады работы ў адносінах да пажылых грамадзян. “Нашы ветэраны вайны і працы, якія абаранялі Радзіму, паднялі прамысловасць і сельскую гаспадарку, не застануцца без дапамогі дзяржавы. Ім і далей будзе забяспечана своечасовая выплата пенсій, памер якіх будзе павышацца разам з ростам заработнай платы”, – адзначыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, прадоўжыцца падтрымка сем’яў, малазабяспечаных і пажылых грамадзян, а таксама тых, хто страціў працаздольнасць.