Ушачские Альшаны — живописный уголок, куда возвращаются горожане

Общество

Вёска Альшаны адносіцца да катэгорыі невялікіх населеных пунктаў, колькасць жыхароў якіх паступова змяншаецца. Пра яе можна знайсці зусім мала звестак, а многія нават і не ведаюць пра гэтую кропку на карце. Абсалютна поўная супрацьлегласць аднайменнай вёсцы на Брэстчыне, якая з’яўляецца самай вялікай вёскай у Беларусі і “агурковай” сталіцай, адкуль людзі не хочуць нават ехаць у сапраўдную сталіцу. Між тым, нягледзячы на ўсю неперспектыўнасць ушацкіх Альшан, аддаленасць ад буйных населеных пунктаў, з’яўляюцца і тут новыя людзі – жыць у родную вёску пасля выхаду на заслужаны адпачынак вярнуўся Аляксандр Уладзіміравіч Свяжынскі.

– З дня на дзень сюды павінны і мае Галя з Фёдарам прыляцець, – адразу падумалася, што ў Альшаны прыедуць якія-небудзь родныя мужчыны, аднак аказалася, што так ён называе…буслоў, якія не першы год прылятаюць на аблюбаванае месца насупраць яго сядзібы. – Гэта на першы погляд птушкі ўсе здаюцца аднолькавымі, я ж сваіх адрозніваю. Так цікава за імі назіраць: як склалася пара, як гадуюць сваіх дзяцей, збіраюцца ў вырай. Буслы ў дрэнных месцах не селяцца. Вось хіба пачуеш у горадзе іх клёкат, спевы птушак, адчуеш свежасць пасля дажджу, пах траў і кветак? Гэта задавальненне, якога не адчуваюць жыхары гарадоў. Там дыхаць няма чым, а тут такі спакой, чыстая прырода.

Цішыню вёскі рэдка парушаюць машыны, пастаянных жыхароў тут нямнога, летам і зрэдку ў выхадныя прыязджаюць дачнікі. Але Аляксандру Уладзіміравічу тут зусім не сумна, наадварот, адпачывае душой. У гэтай вёсцы ён нарадзіўся і вырас, адсюль ішоў служыць у армію. Працоўны шлях Аляксандра Уладзіміравіча быў звязаны са службай у праваахоўных органах, а таксама з буйным прамысловым прадпрыемствам “Палімір”. Сядзець у  чатырох сценах наваполацкай кватэры не хацелася, тым больш што маці, якая засталася ў вёсцы, патрэбны быў догляд. Ужо год як яе не стала, але А.Свяжынскі не думае пакідаць родныя мясціны. “Трэба ж дом бацькоўскі даглядаць, не губляць сваіх каранёў, сюды і жонка таксама прыедзе пасля выхаду на пенсію”, – гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч.

Сядзіба ў яго акуратная і дагледжаная, гаспадар не губляе часу дарэмна – глядзіць за садам і агародам, улетку абкошвае тэрыторыю і наводзіць парадак не толькі ў межах сваёй агароджы.

Аляксандр Уладзіміравіч любіць схадзіць у лес, што знаходзіцца адразу за вёскай, ці пасядзець з вудай ля невялікай сажалкі каля дома. Наведваюцца сюды дзеці і ўнукі, каб чым-небудзь дапамагчы ці проста адпачыць. Дзякуючы людзям, якія імкнуцца ў свае родныя мясціны і цепліцца жыццё ў такіх вось маленькіх вёсачках Ушаччыны.

Вольга КАМАРКОВА.

Фота К.Кавалеўскай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *