Сердце работает — человек живёт. Как сберечь, поддержать, укрепить важный орган?

Здравоохранение

Ніхто не стане аспрэчваць важнасць органа, які падтрымлівае жыццядзейнасць усяго арганізма. І наўрад ці трэба каго пераконваць, што сардэчна-сасудзістая сістэма патрабуе ўвагі і клопату. Як зберагчы сэрца, каб яно працавала без збояў? Якія фактары рызыкі асабліва небяспечныя для яго? Пра ўсё гэта расказвае ўрач-кардыёлаг Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Ала Мікалаеўна КРЫШТОПЕНКА.

Падстаў для аптымізму мала

Хваробы сістэмы кровазвароту па-ранейшаму застаюцца асноўнай прычынай смяротнасці ў краіне і нашым раёне. Амаль кожны трэці дарослы беларус мае такія захворванні. І, на жаль, іх колькасць толькі павялічваецца. Так, у 2016 годзе на Ушаччыне зарэгістравана 16 пацыентаў з інфарктам міякарда (у 2015-м было 11), памерлі ад хвароб сістэмы кровазвароту 142 чалавекі (годам раней – 143). Непакоіць і тое, што толькі каля 55 працэнтаў “сардэчнікаў” рэгулярна наведваюць медыкаў, кантралююць узровень ціску, праходзяць неабходнае лячэнне.

Ведаць “ворага” ў твар

Ішэмічная хвароба сэрца ўзнікае ў выніку недахопу кіслароду, які “пастаўляецца” па артэрыях органа. Прычынай таму могуць стаць наяўнасць халестэрынавых бляшак, якія звужаюць прасвет сасудаў, ці, скажам, спазм, запаленне, закупорванне сасудаў тромбам, што ўтварыўся ў венах. Галоўнымі праявамі ішэміі з’яўляюцца: боль у сэрцы, адчуванне недахопу паветра, стамляльнасць, млоснасць.

Пры стэнакардыі ў чалавека з’яўляюцца боль або адчуванне дыскамфорту ў грудзях. Спачатку пры павышанай фізічнай нагрузцы, а па меры прагрэсіравання хваробы і ў стане супакою чалавеку нярэдка не хапае паветра.

Пры абвастрэнні хранічнай ішэміі – інфаркце міякарда – участак сардэчнай мышцы памірае, перастаючы атрымліваць патрэбную колькасць кіслароду з крывёй.

Фактары рызыкі

Пол. Жанчыны хварэюць у 3 разы радзей чым мужчыны, і развіваецца захворванне ў іх на 10 гадоў пазней. Ад атэрасклерозу прадстаўніц прыгожай паловы абараняюць эстрагены – жаночыя палавыя гармоны.

Узрост. Для мужчын пасля 55 гадоў, для жанчын – пасля 65.

Спадчыннасць

Наяўнасць аднаго з названых фактараў павялічвае верагоднасць сардэчных катастроф у 3 разы. Калі ж у чалавека іх некалькі, рост ідзе ў геаметрычнай прагрэсіі.

Рух – трэнер кровазвароту

Для людзей з павышаным ціскам рэкамендуюцца хада, бег, плаванне, лыжы. Але пачынаць заняткі фізкультурай варта паступова, папярэдне параіўшыся з урачом, і пакрыху павялічваць нагрузку. Карыснымі будуць прагулкі па роўнай мясцовасці па 40-50 хвілін 5 разоў у тыдзень, а людзям пасля 70-75 гадоў – па 20-25 хвілін 3-4 разы.

У модзе здароўе, а не шкодныя звычкі

Курэнне разбурае і звужае крывяносныя сасуды, становіцца прычынай парушэнняў кровазвароту і павышэння ціску. У жанчын, якія выкурваюць пачак цыгарэт у дзень, рызыка развіцця ішэмічнай хваробы сэрца павялічваецца ў 6 разоў, а ў мужчын – у 3.

Алкаголь нясе ў сабе лішнія калорыі: у адным граме спірту іх утрымліваецца каля 7. Гэта прыводзіць да дадатковай нагрузкі на сэрца. Больш таго, злоўжыванне спіртнымі напоямі можа прывесці да рэзкага пад’ёму артэрыяльнага ціску, парушэння сардэчнага рытму, розных сасу­дзістых катастроф.

Станьце праціўнікамі названых звычак – іншага выйсця пры такой хваробе няма.

Лішняя вага – пагроза сэрцу і сасудам

Залішняя маса цела, атлусценне і выкліканае ім парушэнне абмену рэчываў сэрцу яўна не на карысць. Нармалізуйце сваю вагу, і калі трэба, змяніце характар харчавання. Абмяжуйце спажыванне паваранай солі да 5 грамаў, тлустай і салодкай ежы. На працягу дня піце не менш 1,5-2 літраў вады. Абавязкова ўключыце ў рацыён каля 500 грамаў агародніны і садавіны, ужывайце раслінныя алеі, смажаную рыбу. Страта толькі 5 лішніх кілаграмаў зніжае артэрыяльны ціск на 5,4 міліметра.

Для ацэнкі сваёй вагі выкарыстоўвайце простую формулу вызначэння індэкса масы цела: вагу (у кілаграмах) раздзяліць на рост (у метрах) у квадраце. Калі атрымаецца менш 25 – у вас нармальная маса цела, калі больш 28 у жанчын і 30 у мужчын – можна казаць пра атлусценне. Прычым, больш небяспечнае так званае цэнтральнае атлусценне (мужчынскага тыпу), калі тлушч адкладаецца на жываце.

Пазбягайце стрэсаў!

Стрэс на рабоце і дома спрыяе імкліваму скачку крывянога ціску. Паспрабуйце “заплюшчваць вочы” на дробязі і не хвалявацца з-за абставін, змяніць якія не па сіле. Падзяліцца з кім-небудзь хвалюючым пытаннем іншы раз становіцца добрай разрадкай. Прагулкі і паўнацэнны сон каля 7-8 гадзін у суткі супакойваюць, зніжаюць стрэсавасць.

У час адпачынку ціск зніжаецца сам па сабе. Таму знаходзьце магчымасць рабіць невялікія перапынкі і днём. Дапамага­юць расслабіцца спецыяльныя практыкаванні, ароматэрапія і сауна.

Беражонага Бог беражэ

Павышэнне артэрыяльнага ціску да 140/90 мм рт.сл. – падстава для хвалявання. Артэрыяльная гіпертэнзія прыво­дзіць да страты эластычнасці сасудаў, звужэння іх прасвету, а значыць, пагражае здароўю сэрца. Увядзіце ў практыку кантраляваць свой ціск, а таксама паказчыкі глюкозы крыві, халестэрыну. Рэгулярна прахо­дзьце медыцынскі агляд. Ва ўсім гэтым – залог вашага працяглага і здаровага жыцця.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *