Здавалася, што пытанне з саманарыхтоўкай дроў у нашым раёне вырашана назаўсёды. Заціхлі ранейшыя частыя тэлефанаванні. Падчас выязных прыёмаў калі і паўставалі, то старшыні сельскіх Саветаў называлі людзям адведзеныя ўчасткі ці бралі пытанне сабе на заметку. Вось толькі Валянцін Васільевіч Шчэрбік са Старога Сяла Ушацкага сельсавета зноў прымусіў канстатаваць, што збоі ў сістэме ўсё ж ёсць. Толькі ў рэдакцыю ён званіў разоў пяць. Мы падказвалі яму, хто займаецца гэтым, называлі нумары тэлефонаў. Аднак, праз тры месяцы ён патэлефанаваў зноў і запытаў: “Дык да каго яшчэ мне звярнуцца, калі ўсім патэлефанаваў не адзін раз?”. Супрацоўнік рэдакцыі пабываў у пенсіянера дома і выслухаў гісторыю яго хаджэння па крузе.
– Перад вёскай у нас многа добрага алешніку, разросся. Мы з суседам параіліся, што ўдвух бы і ссеклі, і перавезлі. Пенсія невялікая, а пакуль ёсць крыху сіл, хацелася б зэканоміць на саманарыхтоўцы. У Плінскім лясніцтве, куды я патэлефанаваў адразу, мне паведамілі, што яны не распараджаюцца землямі сельгаспрадпрыемстваў і расказалі пра варыянт саманарыхтоўкі дроў у лясным фондзе. Мне гэта не падыходзіла, бо лес не так блізка, ды і ў ім трэба спачатку знайсці паваленыя дрэвы, потым выклікаць ляснічага, паказаць, атрымаць дазвол. Паколькі кусты я прыгледзеў канкрэтныя, побач, у нас за вёскай, то патэлефанаваў старшыні Ушацкага сельскага Савета. В.І.Шнітко пасля адпаведнага ўдакладнення паведаміў, што знаходзіцца кустоўе не ў водаахоўнай зоне і таксама параіў звярнуцца ў “Райаграсервіс”, на чыіх землях і растуць кусты. Спачатку я высвятляў, хто ж адказны за гэту справу на прадпрыемстве, а потым нарэшце дазваніўся да намесніка дырэктара М.А.Каваленкі, які сказаў, што пакуль заняты іншымі справамі, а потым параіў звярнуцца непасрэдна ў лясніцтва, бо сам ён заўсёды нарыхтоўвае так. Яшчэ раз пазваніў у лясніцтва, у якім у чарговы раз сказалі, што не займаюцца землямі сельгаспрадпрымстваў. Да каго яшчэ звяртацца? Тры месяцы ўжо прайшло, хутка і лета скончыцца, а дровы хочацца і нарыхтаваць, і прасушыць.
Ад рэдакцыі:
даволі часта людзям адмаўляюць нарыхтоўваць дровы там, дзе ім здаецца зручным. Аднак, калі гэта не водаахоўная зона і сапраўды палі зарастаюць кустоўем, то чаму і не даць дазвол. Аднак, галоўнае ў прыкладзе з В.В.Шчэрбікам тое, што за тры месяцы яму ніхто не даў нават дакладнага адказу.