Адкрыўшыся 13 красавіка 1982 года, сад “Малышок” насуперак усім забабонам пераконвае ў тым, што лічба гэта шчаслівая. Хоць і не першы гэты сад гарпасёлка, але заняўшы лідзіруючыя пазіцыі па розных напрамках, ён практычна не бывае другім.
Не першы, які не бывае другім
Аб гэтым гаварыла ў сваім выступленні падчас святкавання 35-гадовага юбілею сада начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка. І пацвердзіла гэта цікавым фактам: на юбілей кіраўнік прыйшла з падарункам, але без традыцыйных у такі дзень Ганаровых грамат. “Вельмі хацелася ўзнагародзіць калектыў, аднак перагледзелі: Граматай нашага ўпраўлення ўзнагароджвалі, райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў – таксама, абласнога ўпраўлення і Міністэрства адукацыі нядаўна атрымлівалі. На жаль, існуе рэгламент і на працягу пяці год нельга ўзнагародзіць адной і той жа граматай. “Ну а ад Прэзідэнта”, – раздалася рэпліка з залы, на што Іна Фёдараўна паабяцала хадайнічаць да 50-гадовага юбілею сада.
Аб тым, што заслугі сада не застаюцца незаўважанымі, сведчаць і асабістыя ўзнагароды яго работнікаў. Алена Венядзіктаўна Грышчанка, Алена Уладзіміраўна Кавалёва, Людміла Цімафееўна Севярын, Любоў Іванаўна Шаўчэнка, Алена Аляксандраўна Банеўская заносіліся на раённую Дошку гонару, двойчы – увесь калектыў сада ў 2007 і 2012 гадах. Л.І.Шаўчэнка, А.А.Банеўская, Л.Ц.Севярын, А.В.Грышчанка, Г.Г.Змітрачэнка і С.М.Карабань станавіліся прызёрамі раённых конкурсаў “Педагог года”.
У скарбонку ж сваіх дасягненняў супрацоўнікі сада заносяць поспехі ўсіх сваіх выхаванцаў. Гэта практычна іх выпуск склаў касцяк таго класа, дзякуючы якому Ушацкая школа трапіла ў 100 лепшых школ краіны. Гэта іх выхаванцы Павел Гардзіёнак і Наталля Дабравольская з’яўляліся прэзідэнцкімі стыпендыятамі, а Леанід Давыдаў, Мікалай Кулікоў і Павел Гардзіёнак даходзілі да рэспублікі па прадметных алімпіядах. Таццяна Полазава іграе ў самым знакамітым аркестры краіны – Міхаіла Фінберга, а Віталь Круглік зняўся не ў адным серыяле.
Так, да гэтага прыклалі руку многія іншыя педагогі, аднак усе супрацоўнікі сада справядліва лічаць, што менавіта яны заклалі асновы творчага пачатку і інтэлектуальнага развіцця сваіх выхаванцаў.
Цікавы другі дом
“Дзеці павінны жыць у міры прыгажосці, гульні, казкі, музыкі, малюнка, фантазіі, творчасці”. Гэты выраз Сухамлінскага з’яўляецца дэвізам сада. І не толькі на словах. Сад вельмі ўтульны, усё прадумана ад калідора да кухні. Тут гуляючы спасцігаюць уласцівасці снегу, а спяваючы вывучаюць спадчыну. Тут першымі з усіх садкоў раёна набылі мальберты, а заняткі фізкультурай праходзяць па мудронай сістэме са-фі-дан-сэ.
Пра ўсё гэта прыгадала Людміла Васільеўна Давыдава, якая вадзіла сюды і сына, і дачку. Ды і іншыя бацькі раскажуць, што самыя кранальныя відэа, фотаздымкі, малюнкі – з другога дома, дзе праходзіць станаўленне дзіцяці.
Падзея для гарпасёлка
З’яўленне сада ў гарпасёлку было падзеяй, – прагадвае дырэктар ПМК-66 і шэф установы Аляксандр Лукіч Фамёнак. – Па Ушачы наогул было нямнога цагляных будынках, месцаў у садах таксама не хапала, таму будоўля знаходзілася на персанальным кантролі кіраўніцтва раёна. І нават калі сад быў пабудаваны, часта звярталіся да мяне, каб дапамог уладкаваць дзяцей менавіта сюды. Прыемна, што за столькі год пасля адкрыцця будынак толькі папрыгажэў.
“Малышок” з’яўляецца прэстыжным садам і зараз. А ўсё дзякуючы таму, што яго загадчыца, дарэчы, “Лепшы кіраўнік 2016 года” сярод устаноў адукацыі раёна Людміла Андрэеўна Напрыенка – максімаліст па натуры, якая робіць усё, каб дзеці раслі развітымі людзьмі: “Менавіта інтэлектуальнае і творчае развіццё з’яўляецца накірункам нашага сада. Гэта галоўнае, а не жаданне быць першымі”.
У тым, што сад набыў выдатную рэпутацыю – напрацоўкі, цікавыя знаходкі і проста штодзённая праца з любоўю да дзяцей. Практычна ўвесь сённяшні састаў – выхавальнікі з багатым педагагічным стажам. А працоўны стаж Л.А.Напрыенка наогул лёгка вызначаць – ён супадае з узростам сада. Нават на месяц раней прынялі на работу маладога спецыяліста і яна рыхтавала памяшканне групы да прыходу сваіх ясельнікаў – яе адзіны выпуск у якасці выхавацеля, і 28 – у якасці загадчыцы.
Прыгадвала пра гэта і першая загадчыца Ларыса Міронаўна Фаміна. Гэта яна наймала на работу штат, ездзілі закупляць бялізну, мэблю, а ў групах новага запатрабаванага сада, нават у ясельнай, было па 25 чалавек, ну а да гэтага дзяцей з мікрараёна вазілі нават у Сарочына. Ларыса Міронаўна ўспамінала, як многа дапамагалі саду шэфы-будаўнікі.
Прысутнічалі на свяце і іншыя ветэраны ўстановы: Зінаіда Кірылаўна Марковіч, Фаіна Пятроўна Бараноўская, Зоя Паўлаўна Рудзёнак. Іх рукамі ў новабудоўлі ствараўся камфорт, яны прымалі і першых выхаванцаў сада.
Сярод гасцей бацькі, калегі з іншых навучальных устаноў, былы супрацоўнік Наталля Генадзьеўна Дабравольская, і, канечне, дзеці выхавацеляў. У тым ліку і Ганна Гатаўская, дачка Маі Леанідаўны Пацэйкі, якая вось ужо трыццаць гадоў ходзіць на работу ў “Малышок”. З асаблівым хваляванне сачыла за ўсім ходам свята Фаіна Францаўна Стэльмах – бабуля імпазантнага бойкага вядучага Мацвея Стэльмаха.
Зразумела, што на юбілей дашкаляты падрыхтавалі мноства нумароў. І ведаеце, мне, зусім не аматару мастацкай самадзейнасці, спадабаліся ўсе. І танец у нацыянальным адзенні, што спецыяльна пашылі ў садзе, і нумары з акрабатычнымі элементамі, і хлопчыкі-дэсантнікі. Мабыць таму, што малыя так шчыра ўсё робяць! А мабыць таму, што гэта і сад майго сына, які, як і першы, у які хадзіла сама, назаўсёды будзе сваім.
Вольга КАРАЛЕНКА.