В Ушачах прошёл пленум Витебской областной организации профсоюза работников АПК

Общество

На мінулым тыдні адбыўся пленум Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі прафсаюза галіны з усіх раёнаў Віцебшчыны, ну а месцам правядзення мерапрыемства сталі Ушачы.

Захаванне гарантый – задача першачарговая

Мінулы год быў няпростым для аграпрамысловага комплексу, тэмп росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 96,7 працэнта да ўзроўню мінулага года, а таму невысокай аказалася заработная плата, не заўсёды атрымлівалася рабіць даплаты, прадугледжаныя калектыўным дагаворам. Прафсаюзы штодня сутыкаюцца з праблемамі людзей галіны, а абараняць інтарэсы работнікаў, аператыўна рэагаваць на парушэнні ў сферы працоўнага заканадаўства – адна з асноўных задач аб’яднання.

А парушэнні, трэба сказаць, маюць месца: за мінулы год па выніках грамадскага кантролю іх было ліквідавана больш трох тысяч. Напрыклад, у Полацкім раёне ў сельгасарганізацыях было выяўлена больш 120 парушэнняў заканадаўства аб працы: несвоечасова выплачваўся сярэдні заробак падчас водпускаў і звальнення, не выдаваліся разліковыя лісткі, не кампенсавалася работа ў выхадныя дні, не выплачвалася надбаўка за прафесійнае майстэрства. У Чашніцкім раёне ў некаторых арганізацыях не складаліся графікі працоўных адпачынкаў, няправільна вяліся працоўныя кніжкі, не выплачваліся прадугледжаныя калектыўным дагаворам аднаразовыя дапамогі да прафесійных святаў, нараджэння дзіцяці.

Такія парушэнні характэрны для ўсіх раёнаў, самай жа распаўсюджанай “хваробай” сельгаспрадпрыемстваў з’яўляецца выплата заработнай платы адзін раз у месяц і з пратэрмінаванай запазычанасцю. Заканамернасцю ў многіх раёнах стала і яе выплата ледзь не за 5 хвілін да апоўначы ў апошні дзень месяца замест прадугледжанага 25 чысла. Так, за люты на сённяшні дзень мелі запазычанасць па зарплаце 59 арганізацый галіны. Калі ж гаварыць пра сумы, то сярэдняя за 2016 год па сельгасарганізацыях склала 422,5 рубля. Вышэй гэтай лічбы атрымліваюць яе ў Віцебскім, Дубровенскім, Аршанскім і Полацкім раёнах. Традыцыйна большая зарплата ў працаўнікоў, занятых на перапрацоўчай прамысловасці. У 16 арганізацыях галіны яна перавысіла 600 рублёў. Па прадпрыемствах меліяводгаса зарплата склала 437 рублёў. Няма дынамікі павелічэння заработнай платы ў Шумілінскім, Шаркаўшчынскім, Браслаўскім, Міёрскім, Ушацкім раёнах. А сярэдні заробак у бягучым годзе па вобласці адпавядае 398 рублям.

Дзяліліся вопытам

Падчас пленума ўдзельнікі мерапрыемства не толькі разглядалі хвалюючыя пытанні, а і дзяліліся вопытам работы. Не першы год працуе старшынёй Браслаўскага райкама прафсаюза АПК, дзе створана 20 пярвічных арганізацый, якія ахопліваюць тры тысячы чалавек, Мікалай Эдуардавіч Вялічка. Раён у ліку аўтсайдэраў па зарплаце – сярэдні заробак работнікаў сельскай гаспадаркі тут складае 265 рублёў. Хоць і выплачваецца своечасова, але лічба, безумоўна, нізкая. “Тройчы на тыдзень у нас праводзяцца Дні жывёлаводаў, у якіх абавязкова ўдзельнічаю, унікаю ў праблемы людзей і абмяркоўваю важную тэму: будзе вытворчасць – будзе большай заработная плата. Шукаю розныя шляхі, каб закрыць прафсаюзныя ўзносы, а значыць і мець магчымасць заахвочваць лепшых працаўнікоў падчас раённых спаборніцтваў.”

Намнога прасцей у гэтым плане ідзе работа ў калектыве Лепельскага малочнакансервавага камбіната, дзе сярэдні заробак складае 620 рублёў. Старшыня прафкама МКК Таццяна Іванаўна Крывель (на здымку) таксама падзялілася сваім вопытам работы. Калектыўным дагаворам працаўнікам тут прадугледжаны шматлікія гарантыі – выплаты на аздараўленне, аднаразовыя дапамогі, даплата па кантракце не менш 20 працэнтаў і іншае. Прычым, не ўшчамляюцца інтарэсы і работнікаў сельскагаспадарчых філіялаў камбіната, цесна супрацоўнічае прафкам прадпрыемства і з Лепельскім райкамам.

Каб ведаць праблемы людзей і шукаць выйсце ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў, трэба часцей бываць у калектывах – лічыць старшыня Ушацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Мікалаевіч Круглік. Дарэчы, работу нашага райкама старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Аксёнавіч Лабушаў адзначыў са станоўчага боку і прывёў у прыклад іншым.

Падводзячы вынік, старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК В.С.Гутараў зазначыў, што заўсёды трэба шукаць канкрэтныя рашэнні існуючых праблем і тым самым узнімаць сваю ролю.

Звароты грамадзян

Маюць месца і парушэнні, звязаныя з кантрактнай формай найму. У прыватнасці, кантракт заключаецца на тэрмін звыш пяці гадоў, звесткі аб ім не заносяцца ў працоўныя кніжкі і не ажыццяўляецца даплата па кантракце. Часам даюцца і вусныя распараджэнні аб адмене прафсаюзных гарантый. 12 пасадных асоб (кіраўнікі, юрысты, эканамісты, бухгалтары) за падобныя парушэнні летась былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Атрымліваецца, што штодзённая нялёгкая і працяглая работа працаўнікоў галіны малааплачваемая, што прымушае іх шукаць новыя месцы працы, а маладыя спецыялісты не затрымліваюцца пасля адпрацоўкі. Як вынік – вострая кадравая праблема.

Прафсаюз работнікаў АПК вялікую ўвагу ўдзяляе і рабоце са зваротамі грамадзян. Трэба сказаць, што асноўная маса паступіўшых пытанняў зноў жа датычылася выплаты заработнай платы, а таксама працаўладкавання. Штомесячна абласны камітэт праводзіць “гарачую лінію”, падчас якой прымаюцца звароты працаўнікоў, аднак толькі гэтым работа не абмяжоўваецца: выслухаць і дапамагчы як на абласным, так і на раённым узроўні гатовы кожны дзень.

У полі зроку прафсаюза і пытанні аховы працы – забяспечанасць сродкамі абароны, а таксама выкананне працоўнай дысцыпліны.

– “Пярвічкі” – першыя інстанцыі, якія сутыкаюцца з парушэннямі заканадаўства, але некаторыя пасіўнічаюць, бо працуюць на грамадскіх пачатках. Ад нас залежыць ступень даверу народа, а выкананне ўсіх прафсаюзных гарантый павысіць прыцягальнасць сельскагаспадарчай працы, – зазначыла аналізуючы работу за прайшоўшы год намеснік старшыні Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК М.М.Іванчанка.

На сваім мемарыяле

У праграме пленума было запланавана не толькі абмеркаванне актуальных пытанняў, а і мерапрыемствы экскурсійнага плана. Так, удзельнікі не маглі не наведаць мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Да рэканструкцыі некаторым з іх даводзілася ўжо тут бываць, а вось на абноўленым мемарыяле практычна ніхто з прысутных не быў. “Прыемна тут знаходзіцца, у рэканструкцыю гэтага помніка архітэктуры ўнеслі свой уклад і мы, прафсаюз АПК пералічаў на гэтую важную справу грашовыя сродкі”, – адзначыў М.А.Лабушаў. Госці раёна ўважліва паслухалі аповед экскурсавода аб “Прарыве”, паглядзелі на створаныя падчас рэканструкцыі зямлянкі і лясную школу, усклалі кветкі да падножжа партызана. Таксама ўдзельнікі пленума пабывалі ў санаторыі “Лясныя азёры” і засталіся пад уражаннем ад прыроды, інфраструктуры, шырокага спектру аздараўленчых і лячэбных паслуг санаторыя. Многія захацелі сюды вярнуцца, толькі ўжо не на экскурсію, а з мэтай адпачыць.

Беларускі прафсаюз работнікаў АПК налічвае 705236 членаў, 3081 пярвічную арганізацыю, 21 аб’яднаную прафсаюзную арганізацыю, 120 гарадскіх і раённых камітэтаў прафсаюза, 6 абласных і Мінскі гарадскі камітэт прафсаюза.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *