Выставка дипломных работ студентов художественно-графического факультета ВГУ имени П.М.Машерова работает в ушачском музее народной славы

Общество

“Перад тым як распачаць дыпломную работу, я кажу сваім студэнтам, каб не замахваліся на вялікія палотны – гэта вельмі дорага”, – расказвае загадчык кафедры выяўленчага мастацтва, прафесар Рыгор Сяргеевіч Фядзь­коў. Аднак маленькіх карцін у зале вы ўсё роўна не ўбачыце. Напэўна таму, што любая дыпломная работа робіцца са студэнцкім максімалізмам. Ён праяўляецца перш за ўсё ў энергетыцы, якасці, жаданні прадэманстраваць усё, што ўмееш.

Выстава вось з такіх работ і адкрылася ў мінулую пятніцу ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. Розных па жанрах і сюжэце, аднак аднолькава цікавых. Партрэты суайчыннікаў і ветэранаў вайны, пейзажы і нават палатно на велікодную тэматыку. Нягледзячы на тое, што ў гэты ж час работы дыпломнікаў разглядаюць у мастацкім музеі Віцебска, адабраць выставу для Ушач было з чаго. Уяўляеце, колькі палотнаў на факультэце, заснаваным у 1959 годзе і на якім раней штогод выпускалася 120 мастакоў. Частка карцін дарылася школам, музеям ці нават стваралася пад заказ пэўнай арганізацыі. Аднак большасць – у фондах ўніверсітэта.

– Калі б ведалі, што ў вас такая шыкоўная зала, прывезлі б і скульптуры, і больш палотнаў, – казалі, выступаючы перад выпускнікамі Ушацкай школы выкладчыкі мастацка-графічнага факультэта, якія адкрывалі перад вучнямі свет прыгажосці, а самі для сябе Ушаччыну. Зачараваліся яе краявідамі яшчэ падчас дарогі, як у свой час і яшчэ адзін выпускнік гэтага факультэта, дырэктар нашага Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч. На практыку яго як лепшага адабралі для афармлення экспазіцыі ўшацкага музея, з тых часоў і жыве ў гармоніі з сабой і прыродай.

Сваёй дыпломнай работы ён тут не знайшоў, ды і не мог, паколькі гэта была не карціна. А вось палотны калег разглядаў з цікавасцю і яшчэ раз пераканаўся, што віцебская школа – самая моцная ў краіне. Згодны з гэтым і Р.С.Фядзькоў.

– Я б сказаў, што ў Беларусі наогул вельмі моцная мастацкая школа. Нядаўна быў у Гродзенскім універсітэце. Там няма асобнага факультэта, падобнага нашаму, толькі кафедра. І там я заўважыў альбомы з малюнкамі, якія ў нас, прабачце, дзеці робяць. Пытаюся, што гэта. Аказалася – палотны польскіх студэнтаў. Ды і іх выкладчык, пабачыўшы работы нашых вучняў, адзначыў гэту вялікую розніцу. Большая палова членаў Саюза мастакоў Віцебшчыны скончыла наш факультэт.

Адкрыццё выставы стала адначасова і прафарыентацяй для нашых выпускнікоў. Прыехалі на мерапрыемства прадстаўнікі ўсіх кафедраў факультэта, якія расказалі як пра традыцыі віцебскай школы, што бярэ вытокі ад Юрыя Пэна, так і пра сучасныя кафедры, такія як дызайн. Яны заклікалі выпускнікоў паступаць у Віцебск, а самі мяркуюць абавязкова вярнуцца на Ушаччыну ўлетку: прывезці на пленэр студэнтаў.

А вы абавязкова наведайце выставачную залу музея – імёны гэтых пакуль невядомых мастакоў мы хутка пачуем на буйных выставах і конкурсах.

Вольга КАРАЛЕНКА.

На мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржуніверсітэта ім.П.М.Машэрава адкрыты кафедры выяўленчага мастацтва, дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі, дызайну і педагогікі. Для абітурыентаў працуюць трохтыднёвыя курсы па малюнку, жывапісе і кампазіцыі, а ўсім іншагароднім выдзяляецца пакой у інтэрнаце. Жадаеце абраць гэту цікавую прафесію, тады запішыце нумар падрыхтоўчага аддзялення: (8-0212) 27-03-96.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *