У летнюю пару вельмі прыгожа выглядаюць вёскі: усюды зелена, але і работы шмат, яе хопіць аж да зімы. Аднак сельскія жыхары знаходзяць час, з задавальненнем прымаюць падарунак у выглядзе свята, прысвечанага ім.
Вось такое мерапрыемства адбылося нядаўна ў вёсцы Канцавыя Сарочынскага сельсавета. Надвор’е стаяла як на заказ. Сонейка ласкава ўсміхалася, гледзячы на прыгожа апранутых вяскоўцаў, на яркія нацыянальныя касцюмы ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Свята праходзіла ў двары дома Ганны Трафімаўны Савінай. Ціхі акуратны дворык умясціў вяскоўцаў і гасцей.
Вядучыя пачалі свой аповед з гісторыі вёскі. Першапачаткова яна называлася скарочана; у пачатку ХХ стагоддзя іх было нават дзве: Канцы-1 і Канцы-2. Адносіліся да Арэхаўскага прыхода Мікалаеўскай царквы.
1905 год. У вёсцы Канцы-1 – 48 двароў, Канцы-2 іх 74. Пазней гэтыя населеныя пункты зліваюцца ў адзін. Зараз, на пачатак бягучага года тут у 15 дварах пражываюць 22 чалавекі. Хоць гэта намнога менш, чым раней было, аднак вёска існуе, людзі прачынаюцца з жаданнем спраўляцца па гаспадарцы, чакаць прыезду дзяцей і ўнукаў, радавацца штодзённым сустрэчам з суседзямі.
На гэта свята былі запрошаны і жыхары вёскі Федаронкі. Яны таксама адгукнуліся на запрашэнне і не былі абдзелены ўвагай арганізатараў.
Самыя старэйшыя жыхары Канцавых – Ніна Мацвееўна Пахолкіна, якой нядаўна споўнілася 86 год, і 84-гадовая Антаніна Лукінічна Мілая. Абедзве яны мнагадзетныя маці. І такіх у гэтай вёсцы шэсць жанчын, якія заслугоўваюць асаблівай увагі і пашаны. Удзельнікі свята падзякавалі ім за нашу будучыню – дзяцей.
Арганізатары мерапрыемства павіншавалі і імяніннікаў, хто нарадзіўся ў чэрвені. Для іх прагучалі музычныя падарункі ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці.
Старэйшына Канцавых – Уладзімір Піліпавіч Леснічэнка, добразычлівы, поўны сіл і аптымізму мужчына. Якраз у гэты дзень споўнілася 42 гады яго сумеснага жыцця з жонкай Тамарай Андрэеўнай. Ім быў паднесены каравай і для іх выканана лірычная песня.
Фельчар Арэхаўскага ФАПа Ніна Уладзіміраўна Гарадзецкая, нягледзячы на тое, што знаходзілася ў водпуску, з радасцю згадзі- лася наведацца ў Канцавыя, дзе прапанавала лекі, жадаючым змерыла артэрыяльны ціск.
Хочацца выказаць словы падзякі кіраўніцтву ПУП “Сарочына” (дырэктар – В.П.Сяргееў) за неаднаразовую дапамогу, і на гэты раз быў выдзелены транспарт.
Вялікі дзякуй Аляксею Клімаву, які заўсёды садзейнічае ў забеспячэнні работы гукаўзмацняльнай апаратуры.
Цёплыя словы хочацца выказаць нашым удзельнікам мастацкай самадзейнасці, якія, нягледзячы на свае клопаты, заўсёды прыходзяць на рэпетыцыі і дораць радасць, добры настрой вяскоўцам, удзельнікам розных мерапрыемстваў. Гэта Лідзія Дзімітрова, Раіса Якубовіч, Марына Касцюковіч, Тамара Крыскевіч, Таццяна Курбака, Кацярына Каўрыжонак, Надзея Шарыпа. Акампаніруе ім цудоўны чалавек і музыкант Сяргей Мядзведзеў.
Свята атрымалася цёплым і задушэўным. І ёсць упэўненасць, што яно яшчэ доўга будзе саграваць душы жыхароў вёсак Канцавыя і Федаронкі.
В.МАЦУЛЕВІЧ, мастацкі кіраўнік