Кто может претендовать на адресную социальную помощь?

Калейдоскоп Правовая консультация

Адна з формаў дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва – аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі. Што яна сабой уяўляе? Хто можа на яе прэтэндаваць? Тлумачэнні па гэтых і некаторых іншых пытаннях дае загадчыца аддзялення па аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі ТЦСАН Ушацкага раёна Святлана Мікалаеўна САБІНА.

– За першы квартал бягучага года нашым аддзяленнем адрасная сацыяльная дапамога аказана 152 грамадзянам на агульную суму 36 тысяч 268 рублёў 4 капейкі. З іх 76 чалавекам – штомесячна (у агульнай суме атрымалася 12 тысяч 378 рублёў 43 капейкі) і 8 – аднаразова (1 тысяча 856 рублёў 87 капеек). На набыццё падгузнікаў выдаткавана 11 тысяч 101 рубель 83 капейкі, у гэтым спісе значылася 45 чалавек. Тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі аплачаны для аднаго грамадзяніна – 219 рублёў. Забяспечаны прадуктамі харчавання 22 дзіцяці першых двух гадоў жыцця – сума склала 10 тысяч 712 рублёў 27 капеек.

Матэрыяльную дапамогу некаторым катэгорыям грамадзян, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, традыцыйна аказвае Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. За адзначаны перыяд грашовыя выплаты на агульную суму 4 тысячы 149 рублёў атрымалі 106 жыхароў Ушаччыны. З іх 15 – адзінокія пажылыя грамадзяне (510 рублёў), 18 – адзінока пражываючыя пажылыя (585 рублёў), 20 – грамадзяне, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (720 рублёў), 46 – інваліды І, ІІ, ІІІ груп (1 тысяча 972 рублі), 7 – дзеці-інваліды (362 рублі).

Нагадаю: штомесячныя і аднаразовыя сацыяльныя дапамогі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта краіны выдзяляюцца сем’ям, чые даходы на кожнага члена сям’і па аб’ектыўных прычынах не перавышаюць 1 бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) – на сённяшні дзень гэта 180 рублёў 10 капеек. Права на такую дапамогу маюць грамадзяне, якія працавалі не менш 6 месяцаў на працягу года.

А вось дапамога для пакрыцця страт на набыццё падгузнікаў не залежыць ад даходу сям’і. Атрымаць яе могуць інваліды 1-й групы, а таксама дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў з 4-й ступенню страты здароўя. Сума выплат можа быць рознай, але яна не перавышае 1,5-разовага памеру БПМ (270 рублёў 15 капеек). Дапамога прызначаецца 4 разы ў год на падставе заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі ці індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда.

Дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі таксама не залежыць ад даходу сям’і і аказваецца інвалідам 3-й групы, дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, якія не прызнаны інвалідамі, але па медыцынскіх паказаннях патрабуюць такіх прылад.

Права ж на забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця маюць сем’і грамадзян, якія працавалі не менш 6 месяцаў на працягу года з сярэднедушавым даходам, ніжэйшым за памер БПМ.

Па пытанні прызначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі можна звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, які знаходзіцца ў г.п.Ушачы, вул.Ленінская, 12, кабінет №11. Дадатковую інфармацыю аб дзейнасці аддзялення адраснай сацыяльнай дапамогі ТЦСАН можна атрымаць па нумары 5-74-14.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *