Как живут космонавты на орбите. Интересные факты будут познавательными для всех

Калейдоскоп

12 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Наш зямляк і пастаянны чытач Павел Якаўлевіч Пугач са Слуцка даслаў нам артыкул пра тое, як жывуць касманаўты на арбіце. Цікавыя факты, упэўнены, будуць пазнавальнымі для большасці нашых чытачоў.

Пра гэта яны расказваць не надта любяць. Арбітальны быт дастаткова суровы. Гэта тое, да чаго ні адна зямная трэніроўка не прывучыць. Баліць галава, цела ные, твар ацякае. Першая жанчына-касманаўт, наша зямлячка Валянціна Церашкова ляцела практычна ў стрэсавым стане.

Бязважкасць робіць касмічны быт невыносным. Ежа касманаўтаў дробна расфасаваная – на адзін укус, каб не пакідаць крошак. Любая лятаючая часцінка ці кропля вады, трапіўшы ў дыхальныя шляхі касманаўта, можа стаць прычынай яго смерці. У іх ёсць і каюты, нішы шырынёй і глыбінёй прыкладна паўметра. Многія касманаўты спачатку не могуць заснуць з-за адсутнасці звыклага гарызантальнага палажэння. У маі 2013 года, сустракаючыся з першым касманаўтам незалежнай Беларусі Алегам Навіцкім, я пацікавіўся, як жа на арбіце з асабістай гігіенай. Аказваецца вельмі няпроста. Выкананне прывычных правіл гігіены пераўтвараецца ў праблему – на арбіце складана мыцца і хадзіць у туалет. Спачатку касманаўты карысталіся толькі вільготнымі сурвэткамі, але па меры таго як тэрміны прабывання на арбіце павялічваліся, у космас прывезлі лазню. Гэта спецыяльная бочка, у якой ёсць свае “касмічныя” асаблівасці, тыпу не сцякаючай бруднай вады. Для таго, каб памыцца ў бязважкасці, дастаткова ўсяго аднаго стакана вады. Яна расцякаецца па целе, запаўняючы ўсе няроўнасці.

А вось туалетны пакой працуе па прынцыпе пыласоса. Мача пасля “змывання” расчапляецца на кісларод і ваду, пасля чаго гэтыя элементы зноў паступаюць у замкнуты цыкл станцыі (вада там шматразовая). Цвёрдыя рэшткі ў спецкантэйнерах выкідваюцца ў адкрыты космас. Памперсы вынайшлі не амерыканцы, а якраз расіяне – для касмічных мэт.

Каб быт не так моцна дакучаў касманаўтам, іх рабочы дзень распісаны літаральна па хвілінах. Пасля яго заканчэння службовы модуль лёгка пераўтвараецца ў трэнажорную залу. Касмічная ежа даволі разнастайная, у асноўным субліміраваная або кансерваваная. Супы – ў цюбіках, хлеб расфасаваны дробнымі кавалкамі. Што есці, касманаўты выбіраюць сабе са спецыяльнага меню, перад палётам право­дзяць дэгустацыю ежы. Трэба сказаць, што на арбіце захоўваюцца і асаблівасці нацыянальнай кухні. Меню, напрыклад, расійскіх касманаўтаў выглядае прыблізна так: першы сняданак – бісквіт, чай з лімонам ці кава, другі сняданак – свініна або ялавічына, сок, хлеб, на абед курыны булён або малочны суп, чарнасліў з арэхамі, сок. На вячэру – свініна з бульбяным пюрэ, пячэнне, сыр, малако.

Калі гаварыць аб экіпіроўцы, то скафандры выкарыстоўваюцца толькі пры вывядзенні касмічнага карабля на арбіту і пры пасадцы. Астатні час касманаўты носяць больш зручнае адзенне: камбінезоны, майкі і кашулі без гузікаў. Мыццё адзення на борце немагчыма, выкарыстаныя прадметы гардэробу загружаюцца ў спецыяльны карабель, які адстыкоўваецца і згарае ў атмасферы. Абуткам на арбіце практычна не карыстаюцца. Замест яго – спецыяльныя шкарпэткі.

Ёсць у касманаўтаў і зброя. Праўда, прызначана яна зусім не для барацьбы з іншапланецянамі. З 1986 года ўсе савецкія касманаўты  адпраўляліся ў космас з трохствольным пісталетам ТП-82. Ён можа быць пераабсталяваны ў сапёрную лапатку! Пісталет дазвалялася выкарыстоўваць для абароны ад небяспечных жывёл пасля прызямлення, здабычы ежы і падачы светлавых сігналаў у бязлюднай мясцовасці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *