Шматлікія водныя аб’екты Ушаччыны сталі любімым месцам адпачынку як карэнных жыхароў, так і людзей з многіх іншых гарадоў краіны. І ўсім нам, безумоўна, прыемна адпачываць на беразе чыстага вадаёма, не заваленага смеццем. Каб прывесці ў парадак прыбярэжныя зоны напярэдадні адкрыцця масавага адпачынку на прыродзе, павысіць экалагічную культуру насельніцтва краіны Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” з 19 па 28 красавіка праводзіць акцыю “Чысты вадаём”. Яна ўжо стала традыцыйнай і праходзіць па ўсёй Беларусі трэці год. Супрацоўнікі БТПР сумесна з прадстаўнікамі іншых арганізацый і проста нераўнадушнымі да прыроды грамадзянамі прывялі ў парадак больш за 2 тысячы кіламетраў берагавой лініі рэк і азёр, было сабрана звыш трох тысяч кубічных метраў смецця.
Раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў запрашае ўсіх жадаючых ушачан далучыцца да акцыі і сёлета. Так, 19-20 красавіка аб’ектам па навядзенні парадку стане сажалка Старасельская, 20-21 красавіка акцыя пройдзе на возеры Люкташ, а 26-28 красавіка члены грамадскага аб’яднання будуць наводзіць парадак на возеры Чаравэчча. Пачатак мерапрыемстваў у 9 гадзін.
Вольга КАМАРКОВА.