Старое аварыйнае дрэва каля аднаго з дамоў па вуліцы Каранеўскага ўжо даўно непакоіла гаспадароў: падчас ураганнага ветру магло ўпасці і пашкодзіць дом, зачапіўшы пры гэтым і гараж, агароджу. Самастойна справіцца з ліквідацыяй дрэва людзі не маглі, шукалі розныя шляхі вырашэння праблемы і ў выніку звярнуліся да ўшацкіх выратавальнікаў – раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях аказвае такую паслугу на платнай аснове. “Аперацыя” па выдаленні дрэва прайшла паспяхова – выратавальнікі спачатку абрэзалі галіны, а потым і ствол дрэва ўпаў у патрэбнае месца. Да слова сказаць, абышлася такая паслуга ў 120 рублёў – не параўнаць з тым, які ўрон маглі панесці гаспадары сядзібы, калі б дрэва звалілася на дом падчас разгулу чарговай стыхіі. Дарэчы, акрамя ўборкі аварыйных дрэў і кустоўя выратавальнікі на сённяшні дзень аказваюць каля 30 відаў платных паслуг, сярод якіх карыснымі насельніцтву могуць быць такія як адпампоўванне вады, разборка і знос будынкаў і збудаванняў, адкрыццё дзвярэй, праверка газавентыляцыйных каналаў, падвоз вады для гаспадарчых патрэб, разборка завалаў, суправаджэнне і мыццё сельскагаспадарчай тэхнікі, буксіроўка транспартных сродкаў, выпрацоўка і падача электраэнергіі ад аўтаномнай крыніцы сілкавання, распрацоўка пашпартоў, інструкцый, планаў эвакуацыі. З пачатку бягучага года было заключана 111 дагавораў на аказанне платных паслуг. Самай запатрабаванай паслугай па-ранейшаму з’яўляецца праверка газавентканалаў, таксама сёлета выратавальнікам ужо даводзілася дапамагаць у адкрыцці дзвярэй і аднойчы адпампоўваць ваду.
Вольга КАМАРКОВА.