Праздник хаты в Подъязно

Общество

У наш час вельмі запатрабаванай, цікавай і папулярнай формай работы з насельніцтвам сталі стылізаваныя абрады і святы.Вось такое мерапрыемства – свята беларускай хаты – і адбылося ў вёсцы Пад’язна Кубліцкага сельсавета. Хата беларуса будавалася як стабільнае жыллё, разлічанае на многія гады. Яна стваралася, як надзейная ахова ад холаду і спёкі, ад снягоў і дажджоў. Хата павінна была ў значнай ступені забяспечыць сваім жыхарам незалежнасць ад навакольных з’яў, прыроды, яе стыхіі.

Менавіта дом, жыллё ўвасабляе сабой радзіму, сям’ю, тое месца, адкуль чалавек пачынае ўваходжанне ў свет, пазнае яго і робіць у ім першыя крокі. Ад таго, якія людзі акажуцца з ім у гэты перыяд, як будзе арганізавана яго жыццё ў сям’і, залежыць яго будучыня і яго месца ў гэтым свеце. Самым каштоўным багаццем хаты лічацца яе жыхары. Важна і тое, кім з’яўляюцца суседзі. А людзі ў вёсцы Пад’язна цікавыя, актыўныя, вясёлыя. Гасцінна і шчыра адчынілі дзверы сваёй хаты гаспадары – Клаўдзія Фядосаўна і Васіль Іванавіч Лабёнкі. Да іх і сабраліся на свята аднавяскоўцы, а таксама і жыхары бліжэйшых вёсак.

Галоўнымі асобамі свята з’яўляліся гаспадары і іх госці, якім дарылі настрой работнікі культуры. Вядучымі такой цікавай сустрэчы былі дырэктар Кубліцкага СДК Р.В.Пабойнева і бібліятэкар В.І.Жаваранак. Яны распавядалі пра тое, што сабой сімвалізуе кожны кут хаты, вокны, парог, страха, падлога.

На свяце прысутнічаў чалавек, які ўмее рабіць зруб – гэта Аляксандр Андрэевіч Полазаў. Ён расказаў пра абрад, які існаваў пры закладцы першага вянца хаты.

На свяце пад акампанемент Ю. Канстанцінава гучалі песні, якія спявалі метадыст раённага метадычнага цэнтра І.Клімава і загадчыца аўтаклуба Г.Краўчонак. Прысутнічаў і дамавы, ролю якога выконвала рэжысёр РМЦ І.Клачок. Гэты казачны герой загадваў загадкі, праводзіў конкурс на лепшы венік, які “адказвае” за чысціню і парадак.

На свяце прысутнічалі не толькі карэнныя жыхары, але і дачнікі, якія на лета прыехалі з Мінска ў вёску адпачываць. Яны ўпершыню бачылі настолькі цікавае свята і раней лічылі, што ў такой глыбінцы як Пад’язна нічога падобнага не можа быць.

Жыхарам, гасцям вёскі свята спадабалася, яны дзякавалі артыстам за падораны добры настрой і запрасілі прыехаць зноў з падобнай праграмай.

І.СЯРГЕЕВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *