Секрет долголетия Натальи Фадеевны Аваднёвой в активности, постоянном движении и любимых увлечениях

Мир увлечений

“Зараз я вам дам паслухаць песні!” Прысеўшы на канапу, мы прыціхлі ў чаканні. Шчыра кажучы, пачуць штосьці надзвычай цікавае з касетнага магнітафона, які ўжо адышоў з моды, не спадзяваліся. Але з дынамікаў паліўся звонкі, прыгожы жаночы голас, гаспадыня ж пачала падпяваць запісу на касеце, а ўжывую голас яе гучаў яшчэ лепш. Песня падбадзёрвала, а цёплая ўсмешка на твары пажылой жанчыны яшчэ больш выклікала пазітыўныя эмоцыі.

Спяваць Наталля Фадзееўна Аваднёва з вёскі Акуліна Вяркудскага сельсавета любіць з дзяцінства. Вельмі прыгожа спявала маці і яе сёстры, пра гэтую здольнасць якіх добра ведалі далёка за межамі наваколля.

– Бацька працаваў трактарыстам у калгасе, а я часта насіла яму есці на поле,  – прыгадвае Наталля Фадзееўна. – Пакуль ён абедаў, я сядзела і спявала яму песні. А яшчэ часта пасвіла вясковы статак кароў. Калі была наша радоўка – ўсе ведалі беспамылкова і казалі: “Сёння Наташка кароў пасе!”, бо ў полі спявала ледзь не без перапынку!

Што і казаць пра розныя святы, калі збіраліся па хатах ці ў клубе. Не расставалася з песняй і калі вучылася ў школе, працавала настаўніцай малодшых класаў і ў райкаме камсамола. Прыгадвае жанчына і выпадак, калі аднойчы завітала да яе маладая дзяўчына і сказала, што запісвае старадаўнія песні. Увесь вечар тады спявала, а праз некаторы час пачула сябе па радыё. Прыязджалі да нашай вясковай спявачкі неяк і з беларускай Акадэміі музыкі, і таксама засталіся ў захапленні ад яе мілагучнага выканання.

Як адзначае Н.Аваднёва, перапынак у песнях усё ж у яе жыцці быў: “Так склаўся лёс, што двойчы была замужам, а мае абраннікі былі раўнівыя і на людзях “выступаць” не дазвалялі, маўляў, будзеш спяваць, а ўсе будуць на цябе глядзець! Таму калі і запявала, то толькі ў сваіх чатырох сценах…”  На адной з іх ві­сіць партрэт Наталлі Фадзееўны, які быў зроблены ў маладосці. На ім сапраўды вельмі прыгожая дзяўчына з усмешкай глядзіць удалечыню. Наогул дом Н.Аваднёвай можна назваць міні-музеем. Тут мноства фатаграфій ад школьных гадоў да сённяшніх дзён, здымкі дзяцей і ўнукаў, а таксама любімых выканаўцаў і прэзідэнта. Пачэснае месца займае і беражліва захоўваецца ваенная форма сыноў, а таксама розныя вышыванкі. Так, гэта яшчэ адно даўняе захапленне Наталлі Фадзееўны. Вышытыя ручнікі, навалачкі для падушак і цэлыя карціны – справа яе нястомных рук. Ёсць у Наталлі Фадзееўны і яшчэ адзін занятак для душы – напісанне вершаў. Прыгадвае, як ідучы ў школу, па дарозе заўсёды штосьці прыдумвала. Творчы настрой часта да яе прыходзіць і цяпер, і тады ў сшытку з’яўляюцца новыя радкі. Ёсць у ім і ўспаміны з яе жыцця.

– Люблю чытаць газеты, асабліва “раёнку”, асобныя нумары нават захоўваю, – перакладваючы газеты, заўважае жанчына. – Вось тут артыкул пра Гена­дзя Гарбука – я з ім знаёма з маладосці, а тут пра “Чалавека Года Віцебшчыны” Таццяну Міхайлаўну Малак – мы з ёй пасябравалі, лічу справы Фонду міру вельмі патрэбнымі і заўсёды ахвярую сродкі раённай арганізацыі. А яшчэ захоўваю вось гэты святочны нумар з нагоды 85-годдзя газеты і гляджу на калектыў “Патрыёта”. Хоць асабіста з вамі незнаёмая, а чытаючы артыкулы, здаецца, кожнага ўжо даўно ведаю.

А аб тым, што Наталля Фадзееўна яшчэ і добрая гаспадыня, сведчыць ідэальны парадак у доме і каля сядзібы. З цяжкай работай ёй дапамагаюць справіцца сацыяльны работнік і сыны, якія па магчымасці прыязджаюць у родную вёску. “Як вазьмуся прыбірацца ці што-не­будзь рабіць, дык не магу спыніцца. Пэўна, гэта старая загартоўка, трымалі ж вялікую падсобную гаспадарку, апрацоўвалі немалы прысядзібны ўчастак, як толькі паспявала – зараз нават не ведаю!”

Яна адчувае сябе маладзей той лічбы, што значыцца ў пашпарце: ёй больш 85-ці, а выглядае год на 10 менш. Кожнае лета яшчэ купаецца ў возеры – дом ста­іць прама на беразе Павульскага, ходзіць на прагулкі. Любімыя захапленні, пастаянны рух, актыўнасць і жыццё ў вельмі маляўнічым кутку, напэўна, і з’яўляюцца складнікамі яе сакрэту даўгалецця. І, канечне, песня.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *