Актуальные вопросы, связанные с использованием банковских карт

Общество

Банкаўскія карткі трывала ўвайшлі ў наша жыццё і многія ўжо даўна ацанілі прастату і надзейнасць іх выкарыстання. У нашым раёне практычна ў кожнага дарослага (і не толькі!) жыхара маецца пластыкавая картка. Але не ўсе яшчэ навучыліся давяраць безнаяўным разлікам і па-ранейшаму аддаюць перавагу “жывым” грашам. У рамках правядзення тыдня фінансавай граматнасці «Global Money Week» па самых актуальных пытаннях, звязаных з выкарыстаннем банкаўскіх картак ААТ “Белаграпрамбанк” мы пагутарылі з начальнікам разлікова-касавага цэнтра № 37 г.п.Ушачы І.Б.Бурак:

– Ірына Барысаўна, наколькі праўдзіва існуючае меркаванне, што карты сістэмы “Белкарт” “горш” чым «Visa»?

– Гэта, канечне, не так. У карыстанні названымі карткамі толькі адно адрозненне: «Visa» – міжнародная, ёй можна разлічыцца і за межамі нашай краіны, а карта сістэмы «Белкарт» з’яўляецца плацежным інструментам толькі на тэрыторыі Беларусі.

– Некаторыя думаюць, што пры безнаяўным разліку пластыкавай карткай у асобных прадпрыемствах гандлю і сэрвісу з кліента здымаецца камісія…

– Пры разліку карткай нашага банка як на тэрыторыі краіны, так і за яе межамі ніякія камісіі не здымаюцца! Камісійнае ўзнагароджанне банку аплачвае той аб’ект гандлю або сэрвісу па тэрмінале якога разлічыўся кліент. Ведаю адкуль “растуць вушы” ў гэтых чутак – некаторыя прадпрымальнікі, каб пазбегнуць выплаты камісіі банку прапаноўваюць кліентам разлічыцца наяўнымі грашыма, людзі ўжо звярталіся да нас з такой праблемай. Адзначу, што з боку прадаўца такія дзеянні незаконныя, бо калі на аб’екце ўстаноўлены тэрмінал, грамадзянін мае права самастойна выбіраць у наяўным ці безнаяўным варыянце яму праводзіць разлік.

– А што датычыцца банкаматаў?

– Тут ёсць свае тонкасці. Без камісіі наяўныя грошы можна здымаць у банках-партнёрах: у банкаматах “Беларусбанка”, “Белінвестбанка”, “Прыорбанка” па ўсіх відах картак, а ў “БПС-Банку” – толькі па картках плацёжнай сістэмы “Белкарт”. У банкаматах астатніх банкаў за выдачу наяўных грошаў здымаецца камісія.

– Кліенту, які забыўся ПІН-код, “падкажуць” яго ў банку?

– Тут ніхто не дапаможа. ПІН-код – персанальны ідэнтыфікацыйны нумар з выпадковага спалучэння чатырох лічбаў. Ён выдаецца кліенту ў непразрыстым пакеце і больш нідзе не захоўваецца. Калі вы забыліся ПІН-код, то выхад адзін – выпускаць новую картку. Дарэчы, калі вы яе згубілі, то можна падысці ў аддзяленне банка з пашпартам, напісаць заяву і зняць наяўныя грошы – камісія за гэта складае 1 рубель.

– Даводзілася чуць, што грошы прападаюць з карткі кліента…

– Самаадвольна знікнуць яны ніяк не могуць. Аўтаматычна могуць спісацца з карткі грошы для аплаты паслугі СМС-інфармавання, працэнты за карыстанне авердрафтным крэдытам або сумы па даручэнням, якія пастаянна дзейнічаюць – строга па заключаных з кліентам дагаворах. У маёй практыцы здараліся выпадкі, калі грошы прападалі з карткі. Але здаралася гэта не адвольна – іх здымалі канкрэтныя людзі: родныя, а ў адным выпадку нават сусед, якому даверылі схадзіць у магазін. Таму несумненным плюсам з’яўляецца магчымасць да секунды прасачыць усе спісанні сродкаў з вашай карткі. У інтэрнэт-банкінгу або ў нашага спецыяліста можна сфарміраваць выпіску за любы перыяд часу, дзе адлюструецца кожная аперацыя: дата, месца і сума разлікаў. Такім чынам, ваша банкаўская картка – нібы куфар з каштоўнасцямі, а ПІН-код – ключ да яго. Калі вы сказалі каму-небудзь ПІН-код і даверылі картку, не здзіўляйцеся, што грошы на ёй могуць знікнуць. І ні ў якім разе не трэба захоўваць разам картку і ПІН-код або пісаць яго маркерам на адваротным боку пластыка – у выпадку страты або крадзяжу кашалька у злачынцы будзе поўны доступ да вашага рахунка.

– Як картка дапамагае эканоміць час яе ўладальніку?

– Каб не стаяць у чэргах, напрыклад, у дні аплаты камунальных паслуг, не траціць не толькі час, а таксама і нервы банк прапануе кліентам дыстанцыйнае абслугоўванне. Адзін з самых папулярных зараз сэрвісаў – інтэрнэт-банкінг, які забяспечвае доступ да рахунка кругласутачна і кліенту не трэба падстройвацца пад рэжым работы банка. Яшчэ з папулярных – М-банкінг, СМС-банкінг, ТВ-банкінг, Аўтааплата, аплата ў банкаматах і інфакіёсках. Сэрвісаў, як бачна, многа, галоўнае – не баяцца карыстацца імі, тым больш што нашы спецыялісты заўсёды акажуць дапамогу. Па любых пытаннях банкаўскага абслугоўвання фізічных асоб можна звяртацца ў аддзел рознічных паслуг  па тэлефонах 2-29-44, 2-71-53, або па тэлефоне кантакт-цэнтра 136.

Падрыхтаваў Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *