Ушачане приняли участие в областном празднике юмора

Культура

у мінулую суботу ў Шуміліна пад дэвізам “Смяцца – не грэх!”  прайшло XIV абласное свята гумару. Вясёлае спаборніцтва праводзіцца раз у два гады, сёлета ў яго рамках прайшоў і конкурс на лепшую пастаноўку работы аўтаклубаў. Забягаючы наперад адзначым, што ўшачане заявілі аб сабе і ў адным, і ў другім, не пакінуўшы раўнадушным строгае журы.

Свята атрымалася вясёлым і масавым: 16 аўтаклубаў, 17 творчых калектываў, а таксама індывідуальныя выканаўцы з розных рэгіёнаў прыдзвінскага краю спрачаліся за званне лепшых.

Свята на колах – так коратка можна ахарактарызаваць  работу аўтаклубаў. У якую б вёсачку Ушаччыны не завітаў з праграмай наш аўтаклуб, усюды канцэрт на вёсцы людзі ўспрымаюць як важную падзею. Асабліва радуюцца такой увазе пажылыя людзі, шчыра дзякуючы за свята і добры настрой. Летась клубам было праведзена 134 мерапрыемствы, у якіх прыняло ўдзел каля 2900 чалавек, з іх 90 канцэртаў у аддаленых населеных пунктах.

Нягледзячы на тое, што на прагон праграмы ў Шуміліне аўтаклубаў было адведзена ўсяго 10 хвілін, многія аўтаклубы паспявалі пакарыць сэрцы журы і ўразіць гледачоў. У арсенале ўдзельнікаў былі песні, прыпеўкі, танцы, сцэнкі. Артысты з раёнаў расказвалі пра паўсядзённыя клопаты, звычаі краю, прапагандавалі здаровы лад жыцця. Кожны стараўся зрабіць сваё выступленне яркім, цікавых знаходак знайшлося нямала. Так, напрыклад, браслаўскім удзельнікам дапамагаў персанаж Азярнік – гаспадар іхніх шматлікіх вадаёмаў, які падпяваў і вадзіў карагоды. Лепель зачапіў арыгінальнай зарадкай, а Глыбокае займальнай беларускамоўнай праграмай. Накіраваным на беларускія традыцыі было і выступленне ўшачан. Беларускі танец “Лявоніха” і песня “Смачны мёдзік” закранулі як журы, так і гледачоў. Выгадна вылучаліся нашы ўдзельнікі сярод астатніх і сваімі стылізаванымі бела-блакітнымі касцюмамі, адценні якіх супадаюць з колерам сцяга Ушацкага раёна. Нашаму аўтаклубу было прысуджана трэцяе месца, якое яны па-суседску раздзялілі з лепельскімі калегамі.

– Канечне, крыху хваляваліся перад выступленнем, за такі кароткі час паказаць тое, на што мы здольны – няпроста, высокім ўзроўнем вылучаліся ўсе калектывы рэгіёна, – дзеляцца ўражаннямі кіраўнік аўтаклуба Святлана Муша, якая разам з творчым калектывам абараняла гонар Ушаччыны на мерапрыемстве. Дарэчы, наш аўтаклуб не ўпершыню займае высокія пазіцыі ў вобласці: у 2015-м былі трэцімі месца ў абласным аглядзе-конкурсе па абслугоўванні сельскага насельніцтва, у 2016-м – дыпламантамі абласнога свята культаарганізатараў “Славянская казка”.

Сапраўдныя страсці кіпелі і падчас конкурсу гумару сярод тэатральных калектываў і індывідуальных выканаўцаў. Гонар Ушаччыны тут адстойвалі Людміла і Сяргей Мядзведзевы, якія крэатыўнасцю, сцэнічным майстэрствам стараліся забавіць усіх прысутных. Гумарэска “Адпачынак” у выкананні С.Мядзведзева рассмяшыла ўсіх прысутных і прынесла яму трэцяе месца ў намінацыі сярод індывідуальных выканаўцаў.

Творчых задум, запалу і энергіі ва ўшацкіх культработнікаў яшчэ шмат, а таму ўзнімаць людзям настрой не толькі на такіх вось вялікіх святах, а і нават у самых маленькіх вёсачках яны заўсёды гатовы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *