Хутка пачнецца сезон, калі ўладальнікам плаўсродкаў можна будзе спускаць іх на ваду. Дзяржаўная інспекцыя па маламерных суднах (далей – інспекцыя) нагадвае, што рэгістрацыі і класіфікацыі падлягаюць любыя плаўсродкі да 20 метраў у даўжыню і пасажыраўмяшчальнасцю да 12 чалавек, за выключэннем грабных лодак грузападымальнасцю менш 225 кілаграмаў.
Маламернае судна павінна быць зарэгістравана на працягу 30 каляндарных дзён пасля яго з’яўлення ва ўласнасці грамадзяніна. Для гэтага ў інспекцыю неабходна прадставіць: само судна, кіраўніцтва па яго эксплуатацыі (пашпарт) і рухавік з адзнакай аб продажы або дакументы, якія пацвярджаюць уласнасць, квітанцыю аб унясенні платы за рэгістрацыю, заяву, свой пашпарт. Плаўсродкі, якія не зарэгістраваны і не класіфікаваны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, выкарыстоўваць нельга.
Судна неабходна прадставіць на тэхнічны агляд да пачатку эксплуатацыі. Ён праводзіцца на працягу 10 дзён пасля дзяржаўнай рэгістрацыі і класіфікацыі або ў той жа дзень пры ўмове нанясення на маламернае судна рэгістрацыйнага нумара.
Звяртаю ўвагу, што з 24 красавіка 2017 года змяняюцца тэрміны праходжання тэхнічнага агляду маламерных суднаў. У працэсе эксплуатацыі плаўсродкаў тэхнічны агляд праводзіцца: для маламерных грабных суднаў да 10 гадоў з года выпуску ўключна – раз у 5 гадоў; для маламерных суднаў з рухавіком магутнасцю да 3,8 кВт, ад 3,8 да 22 кВт і звыш 22 кВт да 10 гадоў з года выпуску ўключна – раз у 3 гады; для іншых маламерных суднаў і гідрацыклаў да 10 гадоў з году выпуску ўключна – раз у 2 гады; для усіх маламерных суднаў, з году выпуску якіх прайшло 10 і больш гадоў – кожны год.
Для правядзення тэхнічнага агляду прадстаўляецца судна, суднавы білет, квітанцыя аб аплаце, заява, асабісты пашпарт грамадзяніна. Эксплуатацыя маламерных суднаў без тэхагляду забараняецца. Калі магутнасць рухавіка маторных маламерных суднаў перавышае 3,7 кілавата (5 конскіх сіл), карыстальнікі абавязаны мець пры сабе пасведчанне на права кіравання. Яго можна атрымаць на курсах, якія праводзіць Лепельскі ўчастак дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах.
Па любых пытаннях, якія датычацца рэгістрацыі, класіфікацыі, тэхнічнага агляду і эксплуатацыі маламерных маторных суднаў, вы можаце звярнуцца па адрасе: г.Лепель, вул. Калініна, 95 (Лепельскі ўчастак Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах) або патэлефанаваўшы на нумар (8-02132) 6-23-14.
Прыём грамадзян Ушацкага раёна па афармленні неабходных дакументаў для законнага карыстання маламернымі суднамі будзе ажыццяўляцца ў 4-ую пятніцу кожнага месяца і 13 мая 2017 г. з 9 да 13 гадзін у будынку Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па адрасе: г.п.Ушачы, вул. Школьная, 12.
Шчаслівага плавання і прыемнага адпачынку!
Р.РАПАЛАЎ, дзяржаўны інспектар Лепельскага ўчастка ДІМС.