Навінкай кірмашу стаў продаж парасят філіялам “Сарочына” ААТ “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў”. Іх машына першай адправілася дадому з плошчы, менш чым за гадзіну рэалізаваўшы некандыцыйны маладняк па цане 7 рублёў за кілаграм. Прычым, прадаваліся парасяты выключна па папярэдніх заяўках. “Па такой прывабнай цане і я б парсючка прыкупіла, але пра папярэднюю заяўку не паклапацілася, а ад свайго запісу ніхто не адмовіўся”, – сумавала жыхарка гарпасёлка.
Непадалёк чакаў новых уладальнікаў яшчэ адзін “жывы” тавар – бычкоў на плошчу даставілі “Ільюшынскі” і “Глыбачаны”. Жывёла выклікала інтарэс як у патэнцыяльных пакупнікоў, так і ў маленькіх наведвальнікаў кірмашу. Трэба сказаць, што дзесяці ладным і жвавым бычкам “Ільюшынскага” новых гаспадароў доўга чакаць не прыйшлося, некаторыя пакупнікі бралі нават і не па адной галаве, адзначаючы, што 3,5 рубля за кілаграм жывой вагі і тым больш з дастаўкай – вельмі прывабны кошт.
Асобна сельгаспрадпрыемствы прапаноўвалі і арганіку па 100 рублёў за 10 тон.
Сёлета ў веснавым кірмашы прыняў удзел і райгаз, рэалізуючы разнастайныя пажыўныя грунты для кветак і агародніны. Але гэты тавар стаў не надта хадавым. Работнікі прадпрыемства тлумачылі гэта тым, што грунт у любы час можна купіць непасрэдна ў арганізацыі, а вяскоўцам яго нават даставяць прама на дом разам з балонам газу. Як не дзіўна, але на кірмашы зусім не было попыту на свежы бярозавы сок, які лясгас прапаноўваў па 18 капеек за літр.
Асобных слоў заслугоўваюць работнікі спажывецкай кааперацыі, якія як заўсёды вельмі пастараліся. Іх палаткі і гандлёвыя прылаўкі былі прыгожа аформлены і насычаны самымі разнастайнымі харчовымі таварамі. Гандлявалі свінінай і ялавічынай, у вялікім асартыменце былі мясныя, кандытарскія вырабы, каўбасы. Пастаянна былі пакупнікі каля палаткі з рыбай, дзе прадаваўся жывы элітны карп і замарожаная рыба ў асартыменце, найбольшым попытам у гэты дзень карысталася скумбрыя коштам 4,29 за кілаграм.
Трэба адзначыць, што канкурэнтаў у райспажыўтаварыства практычна не было, пераманіць пакупнікоў спрабавалі толькі ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, рэалізуючы ялавічыну, а таксама полацкае прадпрыемства “Вясна-энерга”, якое крыху дзешавей прадавала агародніну. Таксама райспажыўтаварыства прапаноўвала ўдзельнікам кірмашу прысесці за столікі і адпачыць. Праўда гэтай магчымасцю скарысталіся нямногія, бо халаднаватае надвор’е прымушала накіроўвацца з пакупкамі ў цёплыя дамы і кватэры. Акрамя таго райспажыўтаварыства аказвала і такую патрэбную паслугу, як дастаўка набытых тавараў дадому, якой можна было скарыстацца за невялікую плату.
Коштам ніжэй магазіннага і добрай якасцю вызначалася прадукцыя прамкамбіната. “Пледы такой прыемнай афарбоўкі і добрай якасці. Пайду куплю бабулі ў падарунак!” – падыходзячы да машыны прадпрыемства па тэлефоне дзялілася ўражаннямі маладая жанчына.
Ажыўлена было і ля радоў з саджанцамі, кустамі ягаднікаў фермера з Пастаўскага раёна. Гаспадар цікава расказваў пра тэхналогію іх вырошчвання, пра складнікі высокіх ураджаяў, рэкламаваў новыя сарты. Дзякуючы добрай якасці прадукцыі ў фермера ва Ушачах склалася кола пастаянных пакупнікоў.
Наведвальнікі кірмашу маглі набыць таксама сувеніры, вельмі шырокі іх выбар прадставіў Дом рамёстваў. Цікавую забаўляльную праграму для дзяцей падрыхтаваў раённы цэнтр дзяцей і моладзі, асаблівую папулярнасць выклікала імправізаваная лоўля рыбы і катанне на лыжах на асфальце. А вось спартыўная пляцоўка на гэты раз не вабіла ўшачан, паспрабаваць сябе ў дыгатлоне, шашках жадаючых было як ніколі мала.
Ну а святочнага настрою ўдзельнікам кірмашу дадала наладжаная работнікамі культуры канцэртная праграма.