Вёска Двор Павулле, размешчаная на беразе аднайменнага возера, – адна з найпрыгажэйшых у раёне. Прычым сярод іншых населеных пунктаў яна вылучаецца не толькі маляўнічымі краявідамі, а і добраўпарадкаваннем сядзіб. У пераважнай большасці ўладальнікамі цудоўных домікаў з’яўляюцца мінчане-дачнікі, але і нешматлікія карэнныя жыхары стараюцца не адставаць і падтрымліваюць належны парадак. Адна з такіх – Нэллі Сяргееўна Седунова. Акрамя чысціні, падворак гаспадыні прыцягнуў увагу і незвычайнай паштовай скрыняй. Пад яе пенсіянерка прыстасавала пластыкавую трубу. |
– Дзешава і сярдзіта, – усміхаецца Нэлі Сяргееўна. – У звычайнай скрыні газеты ў непагадзь замакаюць, а труба закрываецца пластыкавай накрыўкай – і ніякі дождж не страшны. Трубку разрэзала папалам: адна частка ў мяне на плоце, а другую суседзям-дачнікам аддала. Яны хоць людзі і не бедныя, могуць сабе дазволіць і штосьці больш мудрагелістае, але зручнасць майго ноў-хаў ацанілі.
З суседзямі жанчына ладзіць. Яны, дарэчы, хутка перабяруцца на лета са сталічнай мітусні ў цішыню Двор Павулля, якую часам парушае прыгожы меладычны голас – маляўнічасць тутэйшых мясцін зачаравала і іх нявестку, папулярную эстрадную спявачку Іскуі Абалян, якая ў вольны час любіць наведацца ў вёсачку на Ушаччыне.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.