Высокие позиции в непростой год. Как завершило 2016-й Ушачское райпо, которое занимает доминирующее положение на товарном рынке Ушаччины?

Общество

Як завяршыла мінулы год Ушацкае райспажыўтаварыства, якое займае дамінуючае становішча на таварным рынку Ушаччыны? Што ўдалося зрабіць для паляпшэння якасці абслугоўвання патрабавальных пакупнікоў? Якія задачы ставіць перад сабой адзін з самых вялікіх калектываў раёна? Аб гэтым ішла гаворка на нядаўнім справаздачным сходзе ўшацкіх кааператараў, а падрабязнасці – у нашым матэрыяле.

Вытрымаць канкурэнцыю

Прайшоўшы год для спажывецкай кааперацыі ў цэлым і для нашага райспажыўтаварыства ў прыватнасці быў няпростым. У апошнія гады яно стабільна займала лідзіруючыя пазіцыі па розных накірунках дзейнасці сярод астатніх прадпрыемстваў аблспажыўсаюза. Нягледзячы на нялёгкія ўмовы застацца ў лідарах удалося і па выніках 2016-га. Нельга не адзначыць той факт, што па колькасці насельніцтва мы саступаем абсалютнай большасці раёнаў, а сукупны аб’ём дзейнасці дасягнуў 22,6 мільёна рублёў – сёмы паказчык сярод усіх аналагічных прадпрыемстваў вобласці. Чысты прыбытак склаў 179 тысяч рублёў і, што немалаважна, у прадпрыемства маюцца ўласныя абаротныя сродкі, а сярэдняя зарплата за год у арганізацыі склала 430 рублёў, што вышэй сярэднераённага ўзроўню. З 9 даведзеных паказчыкаў нашым райспажыўтаварыствам было выканана 8. Тым не менш, тэмп росту рознічнага тавараабароту  не дасягнуў мінулагодняга ўзроўню і склаў 92,3 працэнта. Прычынамі, па меркаванні кааператараў, сталі як зніжэнне даходаў насельніцтва, так і канкурэнцыя, у прыватнасці, бясплатны падвоз некалькі разоў на тыдзень патэнцыяльных пакупнікоў у “Еўраопт”. Знізілася вытворчасць хлеба і кандытарскіх вырабаў, нізкім з’яўляецца продаж прамысловых і будаўнічых тавараў, парфумерыі, ювелірных вырабаў. Разам з тым, на спажыўкааперацыю па-ранейшаму прыходзіцца асноўная ўдзельная вага ўсяго гандлю ў раёне – 71,1 працэнт.

“У апошнія гады сістэма спажыўкааперацыі губляе свае пазіцыі, а Ушачы іх захоўваюць. І мне вельмі прыемна знаходзіцца там, дзе ёсць добрыя вынікі!” – адзначыў у сваім выступленні на справаздачным сходзе старшыня праўлення Віцебскага аблспажыўсаюза Аляксандр Мікалаевіч Шынкарэнка.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, канкурэнцыя ва ўсе часы была рухаючай сілай гандлю, а таму пастаянна трэба трымаць руку на пульсе і быць гатовымі да з’яўлення моцных канкурэнтаў. У гэтым годзе для райспажыўтаварыства вытрымаць канкурэнцыю – задача нумар адзін, паколькі буйныя гандлёвыя сеткі арганізоўваюць ужо і дастаўку тавараў на дом і праз пошту, таксама зараз прапрацоўваецца і пытанне будаўніцтва ва Ушачах інвестарам гандлёвага цэнтра і рынка.

Ушацкі хлеб не толькі ва Ушачах

Месячны аб’ём вытворчасці складае 85 тон хлеба, 40 тон булачных вырабаў, 3 тоны кандытарскіх, 1,5 тоны сухароў. Загрузка магутнасцей хлебапячэння забяспечана на 86 працэнтаў. Ушачане чацвёртыя ў вобласці па рэалізацыі хлеба на аднаго жыхара, аднак у цэлым яго выпуск знізіўся. Райспажыўтаварытства пастаянна працуе над пашырэннем асартыменту. У мінулым годзе было выпушчана 7 новых відаў хлеба і 9 – булачных. Асаблівай папулярнасцю ў насельніцтва і гасцей Ушаччыны нязменна карыстаецца фармавы хлеб, які займае амаль 98 працэнтаў у агульным аб’ёме вытворчасці. 70 працэнтаў выпускаемай прадукцыі рэалізуецца непасрэдна праз уласную гандлёвую сетку, яшчэ 30 у 2016-ым было пастаўлена ў Шумілінскі, Глыбоцкі, Шаркоўшчынскі, Полацкі, Лепельскі раёны. Нягледзячы на тое, што любяць наш хлеб і за межамі Ушаччыны, выпускаецца ён на састарэўшым зношаным абсталяванні, што часам прыводзіць да тэхнічных непаладак і адбіваецца на якасці.

На сяле не горш

Бываючы ў розных кропках раёна нярэдка даводзілася чуць станоўчыя водгукі пра гандлёвае абслугоўванне ў невялікіх вёсках. На сённяшні дзень 210 малых населеных пунктаў Ушаччыны абслугоўваюцца 11 аўтамагазінамі райспажыўтаварыства. Нягледзячы на тое, што гандаль праз аўтамагазіны складае ўсяго толькі 7,5 працэнта ад агульнага тавараабароту, кааператары робяць усё, каб жыхары маленькіх вёсак нічым не былі абдзеленымі: харчовыя прадукты прапаноўваюцца ў шырокім асартыменце, а абсалютна любы тавар можна заказаць. Задаволіць усе патрэбы пакупнікоў стараюцца і ў кожным сельскім магазіне, якіх налічваецца больш 30.

Нарыхтоўкі па 18 відах

Для ажыццяўлення нарыхтоўчай дзейнасці працуе пяць нарыхтоўчых пунктаў, адзін перасоўны і пяць нарыхтоўшчыкаў. З пачаткам масавага сезона да гэтай работы дадаткова прыцягваюцца нарыхтоўшчыкі і сельскія магазіны. У 2016-м закупкамі займаліся па 18 відах, даведзены паказчык перавыкананы. Закуплена 522 тоны бульбы, 204 тоны агародніны, 930 тон садавіны, 1312 тон зерня, 12,7 тоны ягад, 1,1 тоны грыбоў, 8,5 цэнтнера мёду, 167 тон мяса, 200 тон макулатуры. Ужо зараз райспажыўтаварыствам праводзіцца работа па заключэнні дагавораў з насельніцтвам, арганізацыямі раёна, фермерскімі гаспадаркамі на пастаўку пладова-агародніннай прадукцыі і закуп сыравіны.

Для папулярызацыі – кірмашы і дэгустацыі

Для павелічэння тавараабароту, папулярызацыі айчынных тавараў у гандлёвых кропках на працягу года праводзіліся шматлікія акцыі, дэгустацыі. Так, напрыклад, толькі ў магазіне “Родны кут” тавараў па акцыі было  прададзена на 156 тысяч рублёў.

Максімальна задаволіць патрэбы ўшачан райспажыўтаварыства імкнецца падчас правя­дзення кожнага раённага кірмашу. Акрамя гэтага, нашых кааператараў добра ведаюць і за межамі раёна, паколькі выязны гандаль практыкуецца ўжо не першы год. Удзел у “Славянскім базары ў Віцебску”, кірмашах, выязным гандлі ў розныя гарады дадаткова прынёс у тавараабарот райспажыўтаварыства 480 тысяч рублёў. Летась у раёне прайшло нямала знакавых мерапрыемстваў з удзелам вялікай колькасці людзей, толькі падчас святкавання Дня Перамогі ў раёне знаходзілася каля 10 тысяч гасцей. “Абслугоўванне вамі было арганізавана на вельмі высокім узроўні, а гэта так складана – напружана працаваць, калі ўсе адпачываюць”, – удзячнасць калектыву за добрую работу выказаў на сходзе В.В.Родзіч.

Прарыў у грамадскім харчаванні

“Дзякуй райспажыўтаварыству за цудоўнае кафэ: даступныя цэны, высокая якасць абслугоўвання, прыемная атмасфера!”

“Хочацца выказаць удзячнасць поварам, заўсёды ўсё смачна, асабліва піцца. Малайцы!”

Такія водгукі пра кафэ хуткага абслугоўвання “Папараць-кветка” пакінулі наведвальнікі нашага сайта. Рэканструкцыя былой сталовай стала сапраўдным крокам наперад у сферы грамадскага харчавання. Значна ўзрасла колькасць наведвальнікаў, зараз месячны тавараабарот кафэ складае 10 тысяч рублёў, у той час як да рэканструкцыі не дасягаў і 5 тысяч. У цэлым жа сістэма грамадскага харчавання на працягу ўсяго года працавала па адладжанай схеме.

Уласная прадукцыя

Асноўная доля выпуску прадукцыі прыходзіцца на хлебапякарскі і цэх па забою жывёлы, якімі за год выпушчана 1367 тон хлеба і 289 тон мяса.

Карыстаецца вялікім попытам і не толькі ў нашым раёне такая прадукцыя ўласнай вытворчасці, як мочаныя яблыкі, агуркі, квашаная капуста – для продажу ў гандлёвай сетцы было перапрацавана больш 13 тон агародніны і садавіны.

На “выдатна” адладжаны і выпуск салодкіх прысмакаў, якім займаецца кандытарскі цэх – па гэтым паказчыку райспажыўтаварыства з’яўляецца лепшым у вобласці. Ушацкія тарты не саступаюць па смакавых уласцівасцях тым жа полацкім, а цэны – больш дэмакратычныя. У кандытарскім цэху па індывідуальным заказе прыгатуюць торт, які ўпрыгожыць любы святочны стол.

Платныя паслугі

Акрамя асноўнага віду дзейнасці – гандлю, райспажыўтаварыства прапануе насельніцтву ўсё больш платных паслуг – на сённяшні дзень каля 20 відаў. зборка мэблі, камплектаванне падарункаў, транспартныя паслугі і па дастаўцы буйнагабарытных тавараў на дом пакупніку. Кааператары арганізоўваюць забой жывёлы, абкошванне падворкаў газонакасілкай, музычнае суправаджэнне ў прадпрыемствах грамадскага харчавання і нават візіт Дзеда Мароза да вашага навагодняга свята. За год платных паслуг было  аказана ў разліку на аднаго жыхара на 5 рублёў.

Мадэрнізацыя – крок наперад

“Паспяховая работа магчыма толькі на аснове мадэрнізацыі” – нельга не пагадзіцца з меркаваннем старшыні праўлення Ушацкага райспажыўтаварыства Л.А.Долгай. Прыемна зараз зайсці ў магазіны “Будматэрыялы” і “Мэбля”, якія мадэрнізавалі ў мінулым годзе. Рамонт з заменай даху, гандлёвага абсталявання, сістэмы ацяплення быў зроблены і ў магазіне вёскі Старое Сяло і як вынік – добрыя водгукі спажыўцоў. У мінулым годзе таксама быў зроблены рамонт і ў бары аграгарадка Ільюшына.

У планах на 2017 год – далейшае ўкараненне перадавых тэхналогій і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сёлета ўшацкія кааператары плануюць набыць два новых аўтамагазіны з сучасным тэхналагічным абсталяваннем, мадэрнізаваць трэці паверх універмага, завяршыць рэканструкцыю кафэ “Папараць-кветка”, абсталяваўшы там дзіцячую зону, устанавіць новае абсталяванне ў магазінах “На Віцебскай” і “Цэнтральны”. Дарэчы, аб тым, што гэта не пустыя словы, спажыўцам гаворыць прыклад апошняга: у “Цэнтральным” ужо заменена старое гандлёвае абсталяванне на больш сучаснае, энергазберагальнае, зроблена перапланіроўка, якая дазволіла больш рацыянальна задзейнічаць плошчу гандлёвай кропкі. Таксама ўжо ўкараняецца і новае аўтаматызаванае абсталяванне на касах.

Як бачым, у сферы гандлёвага абслугоўвання зроблена вельмі многае, каб павысіць ступень камфортнасці пражывання ў раёне, забяспечыць усім неабходным насельніцтва. Падводзячы вынікі сходу і ставячы задачы перад калектывам, Лілія Альбінаўна справядліва адзначыла: “Лаўры лідараў 2016 года не павінны стаць для нас нагодай для самасупакаення, планка вельмі высокая,  але трэба развівацца і ісці наперад!”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *