Работники прокуратуры Ушачского района

К профессиональному празднику

Прафесійнае свята сёння адзначаюць работнікі пракуратуры. Вельмі спецыфічны калектыў, які з’яўляецца адлюстраваннем законнасці для кожнага з нас. Менавіта пракурорскія работнікі разбіраюцца ў самых заблытаных скаргах жыхароў, у стане адмяніць супрацьзаконныя рашэнні адміні- страцыі… Сюды грамадзяне ідуць як у апошнюю інстанцыю. Аднак напярэдадні свята задавалі пракурорскім работнікам толькі два пытанні: якім быў мінулы год і як збіраюцца сустракаць прафесійнае свята.

Вячаслаў Станіслававіч БАБАШЫНСКІ, пракурор раёна:
– Год для мяне, канечне, адметны. Сёлета я назначаны пракурорам Ушацкага раёна. Параўноўваючы, хачу заўважыць, што сітуацыя з правапарадкам у раёне кантралюемая. Прыемна, што адзначаецца зніжэнне злачынстваў, у тым ліку і цяжкіх. А вось ушачане ў пракуратуру звяртаюцца часцей, чым жыхары іншых месцаў, дзе давялося працаваць. Адчуваецца адсутнасць пастаяннай юрыдычнай кансультацыі, і людзі часта прыходзяць да нас проста за парадай, бо не ведаюць заканадаўства. Толькі ў мяне на асабістым прыёме з пачатку года было 26 чалавек, не ўлічваючы пісьмовых зваротаў і тэлефонных званкоў. Падобны журнал вядзе і памочнік пракурора, і следчы. Часта пытанні не для пракурорскіх работнікаў, любы юрыст даў бы патрэбную кансультацыю, аднак чалавек чакае ад нас дапамогі і мы ніколі не адмаўляем, прымаем, разбіраемся. Хоць большасць пытанняў, як і ў любым іншым раёне, датычыцца пераважна працоўнага заканадаўства: выплаты заробку, звальнення – вельмі хвалюючыя людзей, таму, зразумела, разбіраемся. Зараз супрацоўнікі пракуратуры праводзяць праверкі толькі планавыя: 3-4 прадпрыемствы за паўгода, таму выбіраем шматколькасныя, каб дапамагчы, калі ёсць парушэнні заканадаўства, максімальнай колькасці працуючых. І канечне, вядзём разгляд, калі відавочна крымінальнае або адміністрацыйнае правапарушэнне.
Дзень работнікаў пракуратуры мяркую правесці сярод калег. Ужо не першы год у вобласці да нашага прафесійнага свята арганізоўваюцца спартыўна-масавыя мерапрыемствы, куды запрашаюцца ўсе работнікі пракуратуры вобласці з сем’ямі. У маленькім калектыве цяжка наладзіць свята, а вось на ўзроўні вобласці існуе нямала карпаратыў
Алена Пятроўна МАЦЯЙКОВІЧ, памочнік пракурора:
– Гэта мой першы год працы, паўгода стажыравалася ў сваіх калег, мне давалі канкрэтныя даручэнні і, безумоўна, было прасцей. З лютага – памочнік пракурора. Падтрымала 41 абвінавачванне па крымінальных справах і выказала меркаванне па 49 грамадзянскіх, правяла 25 праверак і разгледзела 10 зваротаў. Стала больш самастойнасці, аднак і адказнасці, ды і працаваць намнога складаней з-за вялікай колькасці работы, бо ўжо няма скідкі на стажора. За гэты час адчула выказванне “Самае складанае ў жыцці – прымаць рашэнні” і пераканалася ў яго правільнасці. Прысуд, канечне, выносіць суддзя, аднак ад прыгавору пракурора таксама вельмі многае залежыць. Разумею, што маё рашэнне карэнным чынам уплывае на далейшы лёс чалавека. Складана пакуль і кантраляваць пачуцці. Была справа, калі дарослы саракагадовы сын пастаянна здзекаваўся над пажылой маці, вымагаў грошы. Лічу, што для такіх асоб у нас вельмі мяккае пакаранне. А ёсць складаныя выпадкі па тых жа дарожна-транспартных здарэннях, калі чалавек ужо пакараны і пазбаўленне волі было б залішняй мерай.
А прафесійнае свята правяду на працоўным месцы, бо якраз выпала маё дзяжурства. Кожныя выхадныя нехта з нас дзяжурыць.
Віталь Эдуардавіч БАНЕЎСКІ, следчы пракуратуры:
– Для мяне год звычайны, з начнымі выездамі на месца здарэння, разглядам сітуацый, звязаных са смерцю людзей. Сёлета такіх было 21. Я і пачынаў сваю дзейнасць у пракуратуры са следчага, здаецца, за дваццацігадовы стаж да ўсяго павінен быў прывыкнуць, аднак і да гэтага часу не разумею і не магу апраўдаць самагубства. А з’ява гэта, на жаль, распаўсюджаная. Толькі сёлета адбылося 7 суіцыдаў, сярод іх адзін непаўналетні. Асабліва балюча бачыць сярод асоб, добраахвотна пайшоўшых з жыцця, маладых людзей. Часта прычынай неабдуманага парыву з’яўляецца алкаголь. У любым выпадку – гэта слабіна, і неабходна вучыць нашых дзяцей быць моцнымі, больш прыводзіць прыкладаў, як людзі даражаць жыццём і ўмеюць распараджацца ім з карысцю для сябе, родных, Радзімы.
Свята традыцыйна праводжу дома, люблю адпачынак на прыродзе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *