Такімі словамі адразу хочацца ахарактарызаваць калектыў Ушацкага раённага вытворча-збытавога ўчастка “Энергазбыт” на чале з Аляксандрам Мікалаевічам Кемстачам. Тут працуе ўсяго 14 чалавек і апошнія сем гадоў – ніякай цякучасці кадраў. Кожны работнік дасканала ведае свае вытворчыя задачы, імкнецца іх выканаць хутка і якасна.
А задачы ў працоўнага калектыву няпростыя. На першым плане – збор сродкаў з абанентаў – юрыдычных і фізічных асоб. За 11 месяцаў гэты паказчык выкананы на 100,8 працэнта да плана.
Работнікі “Энергазбыту” штодзённа вядуць планавую замену прыбораў уліку: мяняюць аднафазныя лічыльнікі, якія адслужылі 8 гадоў, і трохфазныя пасля 4 гадоў эксплуатацыі. Паказчык узроўню іх замены таксама поўнасцю выкананы.
Пастаянна, на працягу года, па заяўках спажыўцоў ажыццяўляецца допуск у эксплуатацыю новых электраўстановак.
Вялікі аб’ём работы ўсяго калектыву – правядзенне рэйдавых праверак па выяўленні фактаў крадзяжу электраэнергіі. За 11 месяцаў іх было 219, выяўлена 136 фактаў безуліковага выкарыстання электраэнергіі. У разборы такіх выпадкаў большасць парушальнікаў добраахвотна пагашаюць запазычанасць, аднак не абыходзіцца і без іскаў у суд.
А ўвогуле, як гавораць работнікі “Энергазбыту”, працуецца з задавальненнем, калектыў зладжаны і дружны. Да свайго прафесійнага дня падышлі з добрымі вытворчымі паказчыкамі, а, значыць, і настрой па-сапраўднаму святочны. А яшчэ да Дня энергетыка ў калектыве вызначаны лепшы работнік. Гэта Анатоль Васільевіч Лапёнак. Ён узнагароджаны Ганаровай граматай.
Віншуем калектыў з прафесійным святам!
А.ПАШКОВІЧ.