Первый субботник прошёл на Ушаччине

Благоустройство

Стартавы суботнік сёлетняга года толькі на першы погляд не атрымаўся масавым – удзел у ім прыняла значная колькасць людзей. Справа ў тым, што многія арганізацыі “працоўны дэсант” правялі напярэдадні, выходзілі з граблямі і насілкамі на ўборку вытворчых і замацаваных тэрыторый у пятніцу і нават чацвер. Таму 25 сакавіка ў гарпасёлку ажыўлена было толькі на некаторых грамадскіх тэрыторыях у цэнтры, а галоўнай пляцоўкай стаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

У памяшканнях разам з работнікамі ПМК-66, у якіх гэты дзень не адрозніваўся ад іншых, знайшлася справа і для жанчын. А вось вялікі ўчастак, прылеглы да тэрыторыі комплексу з фасаднага боку, стаў месцам нялёгкай, а таму і выключна мужчынскай справы. Прадстаўнікі працоўных калектываў з’явіліся тут у восем гадзін раніцы, а першымі выдаленне кустоўя распачалі работнікі лясгаса. Нават каб яны і не апранулі спецадзенне з надпісам арганізацыі, адрозніць працаўнікоў лясной гаспадаркі сярод іншых было б проста – па прафесійным абыходжанні з бензапіламі, дзякуючы чаму менавіта яны выканалі самы значны аб’ём работ. На вялікай балацявіне знайшлося месца і прадстаўнікам іншых “тэхнічных” арганізацый – раёнаў газазабеспячэння, электрычных сетак, ДРБУ-105, электрасувязі, якія таксама выдалялі кустоўе. А знішчалі яго людзі, якім куды часцей даводзіцца тушыць вогнішчы, чым іх распальваць – выратавальнікі, дапамагалі ім работнікі райвыканкама, упраўлення капітальнага будаўніцтва.

Супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму займаліся добраўпарадкаваннем і касметычным рамонтам дзіцячага лагера “Турасполле”, на суботнік у сельскіх населеных пунктах выйшлі прадстаўнікі школ, дзіцячых садоў, іншых устаноў бюджэтнай сферы раёна, работнікі сувязі, сельгаспрадпрыемстваў, лясніцтваў. Па асобным графіку праводзілі рамонт і добраўпарадкаванне сваіх аб’ектаў работнікі райспажыўтаварыства.

Іншая справа, што некаторыя арганізацыі, напрыклад, “Прамкамбінат” правялі гэты дзень на працоўных месцах, бо неабходна было выканаць тэрміновы заказ. Ды і не ўсюды, дзе неабходна прыкласці рукі пасля зімы, яшчэ можна падступіцца. Таму на асобных вытворчых і прылеглых тэрыторыях работы па добраўпарадкаванні будуць выкананы, як толькі падсохне.

Няма аб’ектаў другасных – усюды трэба наводзіць парадак і падтрымліваць яго на належным узроўні. А прыгажосць, да якой хутка прывыкаем, заўсёды патрабуе дадатковых працоўных затрат, сродкаў і суботнік гэты, зразумела, не апошні. Шмат яшчэ трэба зрабіць – на вуліцах гарпасёлка і сельскіх населеных пунктаў, могілках, не ўсюды прыведзены ва ўзорны стан помнікі і брацкія магілы загінуўшых воінаў. Нагадаем, што заробленыя падчас гэтага суботніка грашовыя сродкі будуць накіраваны на правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі: “На такую справу не шкада!” – казалі працаваўшыя на фізкультурна-аздараўленчым комплексе мужчыны.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *