Многія маладыя спецыялісты размеркаванне ў сельскую мясцовасць лічаць ледзь не прыгаворам і трапіўшы туды, мараць аб тым дні, калі можна будзе з’ехаць у горад. А вось малады спецыяліст КУСГП “Вялікадолецкае” Мікалай Казлоўскі іншага меркавання і добра адчувае сябе на сваім першым рабочым месцы.
“Напісаць пра нашага Пятровіча? Заязджайце, ён сёння на месцы будзе”, – у тэлефоннай размове адзначыў дырэктар гаспадаркі І.Ф.Дарошчанка. Той факт, што маладога спецыяліста, які не працуе ў калектыве і года, называюць менавіта так, адразу падказваў – работнік апраўдвае аказаны яму давер і на добрым рахунку.
Дарэчы, спачатку мясцовы хлопец вяртацца ў родныя мясціны не збіраўся, як і не ведаў, які прафесійны шлях сабе абраць. Пасля службы ў арміі родныя параілі паступіць у Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж. Вучоба Мікалаю давалася лёгка, а таму ў спісе на размеркаванні ён быў першым, адпаведна і выбар першага працоўнага месца быў вялікі. І будучы малады спецыяліст выбраў Старыя Дарогі Мінскай вобласці.
– Павінен быў накіравацца туды на практыку, але якраз у гэты час паехаў на алімпіяду. Так атрымалася, што апынуўся ў канцы спіса і мне было ўжо прапанавана ехаць на Сенненшчыну. Але і туды я не трапіў: вырашыў “за кампанію” з аднагрупнікамі пайсці вучыцца далей і паступаць у Горацкую акадэмію, – прыгадвае Мікалай.
Хлопец паспяхова здаў тэсціраванне, два ўступныя экзамены і першым стаяў у спісе на залічэнне на дзённае навучанне па спецыяльнасці “тэхнічнае забеспячэнне меліярацыйных і водагаспадарчых работ”. Як і падчас вучобы ў каледжы быў абраны старастам групы і зноў жа на размеркаванні ішоў адным з першых. На гэты раз М.Казлоўскі абраў яшчэ больш аддаленае ад дома месца працы – Слонімскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм, але і там не суджана было працаваць маладому чалавеку. Падчас практыкі высветлілася, што гэтай арганізацыі патрэбны выключна інжынер-гідратэхнік, у дыпломе ж Мікалая значылася: інжынер-механік. У той час як аднагрупнікі ўжо прыступілі да работы на сваіх першых працоўных месцах, ён, вярнуўшыся дадому, чакаў пераразмеркавання. А каб усё ж не сядзець без справы, вырашыў высветліць ці не патрэбны спецыялісты тут, на месцы. Так з чэрвеня мінулага года і стаў інжынерам па ахове працы ў “Вялікадолецкім”, з энтузіязмам узяўся за даручаны яму ўчастак работы і вельмі хутка ўліўся ў калектыў.
Правядзенне ўводных інструктажаў, спецыяльных медаглядаў, стварэнне бяспечных умоў працы, афармленне дакументацыі – далёка не ўвесь пералік абавязкаў маладога работніка. І па тым, як ён расказвае пра свой “фронт работы” бачна, што гэта неабыякавы і адказны чалавек. “Ведаеце, я нават увечары па гадзінніку не спяшаюся дадому. І не таму, што пакуль у мяне няма сваёй сям’і, а таму, што хочацца давесці да канца распачатыя за дзень справы і зрабіць нават больш. Калі трэба, выходжу на работу ў выхадны дзень”, – адзначае Мікалай.
Акрамя шматлікіх абавязкаў, якія кладуцца на маладога інжынера па ахове працы, ён адказны і за яшчэ адзін важны момант – ідэалагічную работу ў калектыве.
– Не зусім разумею тых, хто сцвярджае, што працаваць у сельскай мясцовасці дрэнна, – разважае хлопец. – Так, вялікі горад прапаноўвае масу магчымасцей у плане забаў, правядзення вольнага часу, але ў першую чаргу, лічу, трэба клапаціцца аб хлебе надзённым, жыллі. Ды і той вопыт, які я атрымліваю ў першыя гады сваёй прафесійнай дзейнасці на прадпрыемстве сельскагаспадарчага профілю, вельмі цэнны.
Напэўна, каб усе маладыя спецыялісты мелі такі погляд, адчувалі надзвычайную адказнасць, як Мікалай Казлоўскі, сельгаспрадпрыемствы Ушаччыны не адчувалі б недахопу ў кадрах і мелі куды больш высокія паказчыкі.
Вольга КАМАРКОВА.