Бежит огонь, уничтожает всё живое. За выжигание сухой травы можно получить внушительный штраф

Cлужба-101 Закон - один для всех

Хоць на вуліцы зараз і няўстойлівае надвор’е з дажджом і мокрым снегам, аднак як толькі выглядвае сонейка, людзі хутчэй імкнуцца з дапамогай запалак пазбавіцца ад смецця на сваіх участках, а таксама сухой расліннасці на палях, уздоўж дарог. На мінулым тыдні давялося назіраць, як каля вёскі Кублішчына на полі па сухой траве бег агонь у бок складоў і населенага пункта.

У Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Акрамя таго што вясновыя палы наносяць вялікі ўрон прыродзе, кожны год яны прыводзяць і да няшчасных выпадкаў: узгаранняў жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў, траўміравання і гібелі лю­дзей. Летась у рэспубліцы адбылося каля трох тысяч такіх пажараў.

– У большасці выпадкаў віноўнікамі пажараў ад выпальвання сухой травы, развядзення вогнішчаў і спальвання смецця сталі не самі гаспадары – многіх на момант узнікнення пажараў не было дома і пацярпелі ад бестурботнасці іншых асоб, – расказвае інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях В.Карэйша.

– З-за палаў травы летась у раёне адбылося і 10 лясных пажараў на плошчы амаль у 31 гектар. Работнікі лясгаса ўдзяляюць вялікую ўвагу прафілактыцы, у зонах масавага адпачынку абсталёўваюцца спецыяльныя месцы для развядзення вогнішчаў, робяцца мінералізаваныя палосы ў лясных масівах. У цяперашні час узмоцнены кантроль за выкананнем патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах Ушаччыны, – адзначае інжынер па ахове лесу ДЛГУ “Ушацкі лясгас” І.Шугалей.

У чарговы раз нагадаем, што на тэрыторыі, прылягаючай да жылых будынкаў, гаражоў, адкрытых стаянак і гаспадарчых пабудоў, не дапускаецца выпальванне сухой расліннасці, развядзенне вогнішчаў, спальванне смецця і адходаў. Пры выяўленні такіх фактаў, а таксама за выпальванне ржышча і пажніўных рэшткаў на карані на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках на вінаватых асоб накладаецца штраф у памеры ад 230 да 920 рублёў.

Дапускаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў для спальвання смецця і адходаў на спецыяльна падрыхтаваных пляцоўках, якія яны трэба абраміць ачышчанай ад мінеральнага слою паласой глебы шырынёй не менш 25 сантыметраў. Паліць адходы неабходна ў зацішнае надвор’е, пад пастаянным кантролем, пры абавязковай наяўнасці пярвічных сродкаў пажаратушэння і на бяспечнай адлегласці: 10 метраў ад будынкаў і збудаванняў, 20 – ад ляснога масіву, 30 – ад месцаў, дзе складзіруецца сена або салома. Мангал або грыль устанаўлівайце ў чатырох метрах ад пабудоў. Падпаленыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення. Ні ў якім разе нельга пры спальванні смецця выкарыстоўваць гаручыя вадкасці. За распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 276 рублёў.

Зараз у раёне праходзіць месячнік па папярэджанні выпальвання сухой расліннасці ў вясенні пажаранебяспечны перыяд. Захоўвайце правілы пажарнай бяспекі. Сачыце, каб дзеці і тым больш несумленныя дарослыя, не выпальвалі сухую расліннасць. Калі вы заўважылі пажар, сталі сведкам падпальвання, паведамляйце аб гэтым у пажарную службу (тэл. 101, 112, 2-70-01) і дзяржаўную лясную ахову (2-77-30, (8-033) 642-28-31).

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *