Свой против своих, или До чего довело нежелание платить за электроэнергию дачника из деревни Берёзово

Закон - один для всех

Гэтая справа магла б і не дайсці да суда, а ціха асесці ў архівах, калі б дачнік з вёскі Бярозава Уладзімір К. добраахвотна аплаціў энерганагляду суму нанесенага ўрону. У выніку ж і гісторыя аказалася гучнай, і 1920 дэнамінаваных рублёў нядобрасумленны абанент усё ж заплаціць. Рашэнне Ушацкага суда засталося нязменным нават пасля абскарджання.

Пачыналася ж усё жнівеньскім днём, калі кантралёр энерганагляду завітаў у аблюбаванае дачнікамі Бярозава Глыбачанскага сельсавета. У двары яго ветліва сустрэла гаспадыня, якая вельмі гучна прапаноўвала выпіць гарбаты і нібы Цэрбер закрывала праход да лічыльнікаў. Сама паказваць прыборы кантралёру адмовілася, а гаспадар выскачыў з душа і нават добра не абцёрся. Пакуль мужчыны віталіся, кабета шмыгнула ў памяшканне з лічыльнікамі. Паказанні інспектар зняў, а ў сябе ў журнале пакінуў запіс аб падазрэнні на крадзеж – насцярожылі паводзіны гаспадыні, ды і на лічыльніку прыкмеціў пацёртасці.

І менавіта таму праз тыдзень інспектар зноў наведаў домаўладенне. Паказанні ў судзе пра той візіт, праўда, у кантралёра і абанента моцна разыходзіліся.

Кантралёр: “Я пастукаў, гаспадар адчыніў вароты, але ўбачыўшы мяне, паспрабаваў зачыніць іх, балюча зажаўшы мне руку. Я падставіў нагу і моцна паклікаў дапамогі. Ён разгубіўся і адпусціў вароты”.

Абанент: “Адчыніўшы калітку, збіў мяне з ног і пабег да лічыльніка, у мяне пачаліся сутаргі”.

Кантралёр: “Паколькі мінулы раз жанчына хутчэй за ўсё нешта зрабіла з прыборам, я адразу накіраваўся туды, хацеў сфатаграфаваць магніт на лічыльніку. Гаспадар выбіў тэлефон і пачаў мяне душыць, пазней пагражаючы рыдлёўкай. Я схапіў магніт і пабег, але прылада так прыліпла да жалезнай агароджы, што я не змог яе адарваць”.

Абанент: “Пасведчання не паказаў, намякаў на хабар, акт складаў не ў маёй прысутнасці. Я ж пасля аперацыі на пазваночніку і проста не магу нікому аказаць супраціўлення”.

Кантралёр: “Лічыльнік на экспертызу здаваць не пагаджаўся, гэта стала магчымым толькі падчас візіту з міліцыянерам”.

Абанент: “Я прапаноўваў адвезці на экспертызу прыбор уліку сам. Не давяраў энерганагляду. Магніт маглі пакласці спецыяльна, паколькі арганізацыя зацікаўлена ў павялічэнні паказчыкаў, ды і экспертыза праводзілася толькі пасля таго, як прыбор два тыдні правёў у энерганаглядзе”.

Дарэчы, калі без сведак абанент гуляў без правіл, то афіцыйна – па ўсіх. На яго складаюць акт аб крадзяжы, ён у адказ – скаргу на дзеянні кантралёраў. З веданнем справы, па пунктах, паколькі дваццаць гадоў адпрацаваў у Полацкіх электрасетках і выдатна разбіраецца і ў прыборах, і ў паўнамоцтвах супрацоўнікаў энерганагляду.

Яны ў сваю чаргу няблага ведаюць пра прыдумкі, на якія ідуць іх нядобрасумленныя абаненты. І як бачна па матэрыялах гэтай справы, нават самыя заблытаныя, з удзелам “профі”, усё роўна раскрываюцца. І нягледзячы на тое, што іх былы калега задзейнічаў у абароне адразу двух адвакатаў! Канечне, давялося дасканала вывучаць як службовыя інструкцыі, так і прыбягаць да шматлікіх экспертаў. Менавіта дакументы, а не салаўіны трэль абанента ці словы аднаго супраць другога сталі вызначальнымі доказамі.

Экспертыза між тым прызнала лічыльнік непрыдатным для далейшай эксплуатацыі. Пры дапушчальнай памылцы плюс-мінус 2, ён паказваў 46-44! Толькі за адну гадзіну пры напружанні 6,6 кілават розніца паказчыкаў складае 9 кілават. Зразумела, што абаненту налічылі суму ўрону – за 270 дзён – ад часу папярэдняй праверкі.

Дарэчы, не трэба думаць, што выконваючы свае абавязкі, супрацоўнікі энерганагляду проста правяраюць пломбы лічыльнікаў і звяраюць паказанні. Не, яны аналізуюць даныя, маюць спісы падазроных абанентаў і прывучаюць плаціць тых, хто прывык “эканоміць”. Дарэчы, ніякія правады пад тынкоўкай, магніты ці схаваныя левыя разеткі не застаюцца непрыкметнымі. Пры сучасным абсталяванні заўважыць крадзеж электраэнергіі можна нават не заходзячы ў дом. Між іншым, перашкаджаць выконваць свае абавязкі супрацоўнікам энерганагляду таксама небяспечна – гэтая справа толькі дзівам не абярнулася для нашага героя яшчэ адной – за супраціўленне супрацоўнікам пры выкананні абавязкаў.

Н.АВАДНЁВА, намеснік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *