Паход у лазню – справа прыемная, карысная для здароўя. А для беспрацоўнай, раней судзімай ураджэнкі вёскі Кублішчына 1990 года нараджэння адна з такіх аздараўленчых працэдур стала яшчэ і лёгкім спосабам “падзарабіць”. Праўда, дасягалася гэта незаконным спосабам, што і прывяло грамадзянку на лаву падсудных.
Адбывалася гэта 15 кастрычніка 2016 года каля 16 гадзін вечара. На запрашэнне знаёмага пайсці разам з ім у лазню Вольга без ваганняў пагадзілася. Вось толькі зацікавіла жанчыну зусім не жаданне памыцца ці нават правесці вольны час у кампаніі прывабнага мужчыны – яе больш “хвалявала” наяўнасць у апошняга пачкі грашовых купюр, якую той меў неасцярожнасць перад ёй “засвяціць”. Дапусціў мужчына і яшчэ адну сур’ёзную памылку – распрануўшыся ў лазні, джынсы, у кішэні якіх было 28 тысяч расійскіх рублёў (згодна абменнаму курсу Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь на той дзень, гэта 856 беларускіх рублёў 4 капейкі), пакінуў без нагляду на лаўцы.
Вольга ж, якая прыйшла ў лазню следам, прымаць водныя працэдуры рэзка перадумала – непрыкметна забрала чужую заначку і пайшла дамоў. А ўжо раніцай дала сабе волю ў тым, каб іх патраціць: на рынку гарпасёлка набыла рэчаў для сябе і знаёмай, грунтоўна “затарылася” ў магазіне прадуктамі харчавання і спіртным. Тое ж, што засталося, перадала сяброўцы на захоўванне. У адносінах жанчыны была ўзбуджана крымінальная справа. Суд прызнаў яе вінаватай у крадзяжы, здзейсненым паўторна, і назначыў пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 3 месяцы. Да гэтай санкцыі цалкам далучана яшчэ не адбытая грамадзянкай пакаранне па ранейшай справе, а гэта штраф у 450 рублёў.
А.НАПРЫЕНКА, следчы Ушацкага раённага аддзела Следчага камітэта.