Ушачский район будет развивать сотрудничество с польским городом Томашув-Мазовецки

Общество

Прадстаўнічая дэлегацыя Лодзінскага ваяводства, аднаго з цэнтральных рэгіёнаў Рэспублікі Польшча, на мінулым тыдні наведала Віцебшчыну ў рамках дзе­лавога візіту па развіцці супрацоўніцтва. Для нашага рэгіёна гэта мерапрыемства таксама стала адметным. Услед за ўстанаўленнем у мінулым годзе кантактаў з Плявіньскім краем Латвіі пратакол аб намерах супрацоўніцтва з нашым раёнам падпісала і раённая адміністрацыя польскага горада Тамашаў-Мазавецкі.

Наш бок прадстаўляла старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, польскі – стараста Міраслаў Куклінскі (на здымку). Рэгіёны дамовіліся на ўзаемавыгадных прынцыпах разгледзіць варыянты супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы, аграпрамысловым комплексе, турызме, пытаннях маладзёжная палітыкі, культуры і спорту, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання, па стварэнні і ўкараненні інвестыцыйных і інавацыйных вытворчасцей. Як бачна – па асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця любога рэгіёна.

У складзе польскай дэлегацыі было шмат бізнесменаў. Яны наведалі шэраг прадпрыемстваў Віцебшчыны, пабывалі ў свабоднай эканамічнай зоне “Віцебск”, дзе дзейнічае пяць прадпрыемстваў з польскім капіталам. Адно з іх унікальнае – ніхто больш у краіне не выпускае гандлё­вае абсталяванне. Акрамя таго прадстаўнікі польскага бізнесу сустракаліся з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый Віцебскай вобласці, зацікаўленых у пошуках парт­нёраў з Польшчы. Старшыня рэгіянальнага парламента Ло­дзінскага ваяводства Марэк Мазур не сумняваецца ў карысці візіту для абодвух бакоў, бо паступіла шмат прапаноў аб супрацоўніцтве. Кіраўнік польскай дэлегацыі падкрэсліў добразычлівасць беларусаў і асабістае пазітыўнае ўражанне ад краіны ў цэлым: “Мы ўбачылі сучасныя прадпрыемствы, якія адпавядаюць еўрапейскім патрабаванням, а гасціннасці беларусаў можна пазайздросціць”.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Сяргеевіч Мацкевіч адзначыў, што пагадненне аб партнёрстве з Лодзінскім ваяводствам было падпісана яшчэ ў 2009 годзе, але да нядаўняга часу ішоў пераважна культурны дыялог. І вось пасля эканамічнага форуму ў Польшчы дамовіліся сустракацца адміністрацыямі рэгіёнаў з удзелам прадпрымальнікаў, рабіць акцэнт на эканамічнай сферы, наладжванні гандлёвых сувязей. На гэта нацэльваюць і раённыя ўлады, і прадстаўнікоў бізнесу.

Такім кантактам звычайна папярэднічаюць абмен дэлегацыямі, групамі спецыялістаў і навучэнцаў, арганізацыя стажыровак работнікаў і спецыялістаў для павышэння кваліфікацыі персаналу, правядзенне сумесных мерапрыемстваў мастацкага, спартыўнага, аздараўленчага напрамку, прэзентацый суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, абмен інфармацыйна-даведачнымі і рэкламнымі матэрыяламі.

Пагадненні аб супрацоўніцтве з адміністрацыйнымі адзінкамі Польшчы падпісалі Віцебскі, Сенненскі, Шумілінскі і Гарадоцкі раёны, у якіх ужо былі наладжаны папярэднія кантакты, а Полацкі і Ушацкі – пратаколы намераў аб супрацоўніцтве.

Муніцыпалітэт Тамашаў-Мазавецкага запрасіў дэлегацыю нашага раёна з візітам да сябе ў сярэдзіне лета. Да гэтага часу неабходна вызначыць, што мы можам прапанаваць польскаму боку, зацікавіць яго, каб у далейшым перайсці ад намераў да сапраўднага супрацоўніцтва.

– У першую чаргу неабходна выкарыстаць унікальны прыродны патэнцыял нашага раёна, – дзеліцца ўражаннямі пасля сустрэчы ў аблвыканкаме В.М.Захарэнка. – У нас багатыя запасы мінеральнай і пітной вады, маецца вялікі рэсурс у галіне дрэваапрацоўкі, развіцця турызму, у культуры, адукацыі і іншых сферах. Падчас майго выступлення прадстаўнікі польскай дэлегацыі з непадробным інтарэсам сачылі за кадрамі прэзентацыі нашага раёна, цудоўнымі краявідамі. Падыходзілі і потым, цікавіліся асобнымі момантамі больш дэталёва. Прычым не толькі з Тамашаў-Мазавецкага павета, але і прадстаўнік дзелавых колаў з Ло­дзінскага ваяводства, які мае інтарэсы ў турыстычным бізнесе.

Раённыя ўлады і надалей плануюць нада­ваць вялікую ўвагу наладжванню прамых кантактаў з асобнымі рэгіёнамі суседніх краін. Супрацоўніцтва і абмен вопытам у любой сферы – гэта рэальная магчымасць пашырэння рынку, прыцягнення інвестыцый, капіталу ў эканоміку раёна, яго развіццё.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.

­Тамашаўскі (Тамашаў-Мазавецкі) павет Лодзінскага ваяводства займае плошчу звыш 1 тысячы квадратных кіламетраў. Насельніцтва – амаль 120 тысяч чалавек, з іх каля 66 тысяч прыходзіцца на адміністрацыйны цэнтр– горад Тамашаў-Мазавецкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *