Профессиональный праздник отмечают работники жилищно-коммунального хозяйства

К профессиональному празднику

З самай раніцы на ўчастку ЖКГ у Вялікіх Дольцах ужо кіпела работа. Камунальнікі аграгарадка рыхтавалі дровы, сачылі за работай ацяпляльных катлоў, падтрымлівалі парадак каля сваіх уладанняў. Кожны з 10 работнікаў участка добра ведае сваю справу і нягледзячы на тое, што зараз майстар Л.Л.Стрыжонак з-за хваробы на некаторы час выпаў з рабочага працэсу, яго падапечныя паспяхова спраўляюцца са сваімі задачамі.

Так склалася, што практычна ўсе прыйшлі на ўчастак адначасова, згуртаваліся і працуюць адной дружнай камандай, пры неабходнасці замяняючы адзін аднаго.

Наогул, гэты калектыў можна смела назваць універсальным. Хоць работнікі і займаюць пасады машыністаў-качагараў ці слесараў, аднак выконваюць вельмі шырокі спектр работ і ні ў якую пару года не сядзяць без справы.

– Трэба нарыхтаваць дроў для кацельні – парэзаць, перавезці, выканаць паступіўшыя заяўкі, вырашыць іншыя бягучыя пытанні, – акрэслівае задачы на працоўны дзень Фёдар Сцяпанавіч  Бука.

Безумоўна, самая адказная работа на кацельнай – у ацяпляльны сезон. Дзякуючы камунальнікам цёпла ў школе, бальніцы, трох жылых шматкватэрных дамах аграгарадка.

Важнае месца ў рабоце займае абслугоўванне водаправодных і каналізацыйных сетак, зношаныя трубы і абсталяванне часам ламаюцца. А каб людзі не адчувалі нязручнасцей, працаўнікі ЖКГ стараюцца ўсё выправіць як мага хутчэй. Дарэчы, не чакаюць, калі што дасць збой, а перыядычна абходзяць аб’екты, каб падрамантаваць і не даводзіць да крытычнай сітуацыі. Абкос тэрыторыі, чысціня на вуліцах аграгарадка – таксама справа іх рук. Працуюць гэтыя людзі не толькі ў межах населенага пункта, а і ў астатніх вёсках сельсавета. Пры неабходнасці выязджаюць на дапамогу ў райцэнтр, прыклалі рукі да ўкладкі тратуарнай пліткі ў гарпасёлку, а таксама ўстаноўкі флагштока на цэнтральнай плошчы. За значны ўклад у навядзенне парадку на тэрыторыі раёна летась калектыву была аб’яўлена Падзяка раённага Савета дэпутатаў.

– Хоць і няма на нашым участку лазні, але мы кожнае лета вяжам венікі для гарадской. Так што ўшачане парацца вялікадолецкімі венікамі, – успамінаюць і яшчэ адзін від работ працаўнікі ўчастка.

Ад вопытнага і стараннага майстра Леаніда Стрыжонка стараюцца не адставаць і ўсе астатнія – машыністы-качагары Аляксандр Азевіч, Фёдар Бука, Міхаіл Шыць, Аляксандр Грак, Аляксандр Полазаў, Сяргей Тычына, Віктар Алексяёнак, Дзмітрый Шыць, слесар Аляксей Ізаітка.

Рабочы дзень гэтых людзей часта не ўкладваецца ў адведзеныя рамкі. Яны затрымліваюцца на сваіх працоўных месцах, каб іншым людзям было цёпла, каб не працякаў дах і ў дамах была вада, а наваколле – чыстым і прывабным.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *