– Глянь, Пракоп, – крычыць Адэля:
– Да чаго я дажыла!
Ленка наша паляцела
У жыта вунь да Васіля.
Ну і татачка ў Алёны!
За дачкою ж не глядзіш
Свет такі цяпер шалёны,
Што, сплючы, бяду наспіш.
Знаць нічога ён не хоча,
Толькі люльку сваю ссе.
Пачакай – пралупіш вочы,
У падале як прынясе!
Усё на печы плечы грэеш…
А Пракоп і кажа ёй:
– Ну чаго ты вар’яцееш?
Ты ж сама была такой.
Хоць нямала год пражыта,
Не забыць ніколі мне
Тых дзянькоў, калі ты ў жыта
Прыбягала да мяне!..
Ускіпела тут Адэля
Да Пракопа – з чапялой:
– Ах жа ты, дурны Ямеля,
Каб язык адсохнуў твой!
Гэта ж – зенкі твае лопні –
Сам не знае, што дзяўбе.
Ці ж я ў жыта? У каноплі
Прыбягала да цябе!..