Готовность техники в сельхозпредприятиях Ушаччины отстаёт от нынешней ранней весны

Сельское хозяйство

На асобных палях пачаліся ворыўныя работы. Вельмі хутка падсохне і можна будзе сеяць. А вось гатоўнасць тэхнікі ў сельгаспрадпрыемствах раёна яўна адстае ад сёлетняй ранняй вясны.

Хоць тэхагляд ідзе ўжо лічы што з пачатку месяца, практычна ў кожным сельгаспрадпрыемстве з радасцю сказалі б дзяр­жтэхінспектару І.М.Пухальскаму: “Прыязджайце заўтра!”. Бо самы лепшы раённы паказчык спраўнай тэхнікі на 25 сакавіка – толькі 73 працэнты. Адметна, што дасягнулі яго ў ААТ “Агра-Селішча”, гаспадарцы без галоўнага інжынера. Яго функцыі, па сутнасці, выконвае загадчык майстэрні, механізатар са шматгадовым стажам Віктар Часлававіч Хадасевіч. На ім, а таксама на такіх жа адданых прадпрыемству і тэхніцы працаўніках як Алег Крывёнак, Анатоль Подраз, Пётр Караткевіч, Генадзь Хадасевіч, Анатоль Жаваранак і трымаецца машынна-трактарны парк. Селішчанскія механізатары прадставілі да агляду 12 з 15 наяўных трактароў, і ўсяго адзін з іх не вытрымаў “іспыту”.

І калі ў “Агра-Селішчы”, без сумнення, сітуацыю выправяць, то вось КУСГП “Глыбачаны” не дапаможа ні дзень і не ты­дзень. Дарэчы, дадатковы, папераджальны перад прыняццем караючых мер, гаспадарцы быў дадзены. Толькі дарэмна, бо і пасля зыходу гэтага тэрміну на тэхагляд гаспадарка прадставіла ажно…. нуль адзінак трактароў і прычэпаў. На момант паўторнага візіту інспектара на мехдвары панавала цішыня і толькі адзін механізатар корпаўся ля свайго трактара. Зараз ідзе чарговы тыдзень адтэрміноўкі, на гэты раз “азнаменаваны” для дырэктара і галоўнага інжынера гаспадаркі штрафамі за непрыняцце мер па падрыхтоўцы тэхнікі.

У ААТ “Дземенец” і КУСГП “Вялікадолецкае” розная колькасць трактароў, аднак аднолькавая ступень гатоўнасці – 63 працэнты. І на гэтым аптымістычны прагноз заканчваецца. Складана пакуль сказаць, на чым будуць араць у КУСГП “Кублічы”, паколькі тут не гатовы ніводны энерганасычаны трактар – два яшчэ збіраюцца давесці да толку, а два разукамплектаваны. Можна сказаць, што тут механізатарам якраз не хапіла часу, паколькі ўсе восем з прадстаўленых да агляду МТЗ-82 экзамен вытрымалі. Прайшла тэхагляд і тэхніка, прадстаўленая ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, вось толькі для апошняй гэта зусім мізэрная лічба – усяго шэсць адзінак з 37 трактароў. Таму тут (без уліку глыбачанскіх “рэкардсменаў”) і самая нізкая падрыхтаванасць тэхнікі – 16 працэнтаў. Толькі сем з сямнаццаці трактароў (41 працэнт) дапушчаны да работы ў КУСГП “Арэхаўна”.

Зразумела, што ў гаспадарак няма вольных сродкаў і падрыхтоўка тэхнікі даецца вельмі няпроста. Аднак сабе ж даражэй гэтага не рабіць, або адклад­ваць візіт дзяржтэхінспектара на заўтра. Штогадовая практыка сведчыць, што многае можна зрабіць і ўласнымі сіламі, без вялікіх фінансавых укладанняў. А заўтра ўсё роўна наступіць, толькі вось якім будзе фініш пасяўной і ўраджаю пры такім зацягнутым старце?

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *